Пад такой назвай у горадзе Маладзечна Мінскай вобласці прайшоў фінал адкрытага дзіцячага фестывалю беларускай творчасці.
Юныя артысты Лельчыцкага раёна — дзіцячы вакальны ансамбль «Равеснікі», які існуе пры раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, сталі фіналістамі і ўзнагароджаны Дыпломам за захаванне і папулярызацыю беларускай творчасці.
Па словах кіраўніка творчага калектыву Аляксандры Хамутоўскай, гэтае культурнае мерапрыемства прысвечана Году якасці.
— Першы этап фестывалю праходзіў завочна. Каб прыняць у ім удзел, мы з дзецьмі спачатку запісалі відэаролік з песняй «Вера, любоў і надзея», які накіравалі арганізатарам фэста. А затым атрымалі запрашэнне на фінальнае мерапрыемства, — расказала кіраўнік творчага калектыву.
Дарэчы, Аляксандры Хамутоўскай аб’яўлена падзяка за асаблівы прафесійны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва, захаванне і папулярызацыю беларускіх абрадаў і традыцый, выхаванне і развіццё ў малодшага пакалення любові да роднай мовы і падрыхтоўку фіналіста адкрытага дзіцячага фестывалю беларускай творчасці «Скарбы роднага краю».
Віншуем калектыў з поспехам.
Узнагароды заўжды радуюць, яны даюць далейшы імпульс для творчасці і дасягнення большых высот.
Людміла ШТАРОВА.

















