У Тонежскім сельскім доме культуры прайшоў святочны вечар, прысвечаны 90-годдзю заснавання хору.
На свяце прысутнічалі паважаныя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Таццяна Бяспалая, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько, загадчык сектара культуры раённага выканаўчага камітэта Галіна Грыбоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гаўрылавец, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Тонежскай выбарчай акрузе Людміла Андрыеўская, старшыня Тонежскага сельскага выканаўчага камітэта Алена Сярдзюк.
Свята пачалося з прагляду відэароліка, які распавёў прысутным пра гісторыю стварэння знакамітага калектыву “Таняжанка”.
Затым пайшла чарада віншаванняў. Да калектыву звярнулася Таццяна Бяспалая.
— Калісьці тыя, хто стаяў ля вытокаў стварэння хору, здолелі знайсці аднадумцаў, такіх жа захопленых творчасцю людзей. З тых пор прайшло шмат часу, праспяваны сотні песень, але самае галоўнае, пачатае ў тыя далёкія гады, не згасла, а найшло свой працяг. Гэта самабытная і непаўторная творчасць калектыву «Таняжанка», — адзначыла Таццяна Адамаўна. — Вы ўсе застаецеся верныя свайму прызнанню — дарыць радасць людзям, захоўваць гісторыю ў песні. Ад усёй душы дзякую вам за любоў і адданасць да творчасці, аптымізм, актыўную канцэртную дзейнасць, шчырасць і талент, якія закранаюць сэрца кожнага. Жадаю вам моцнага здароўя, даўгалецця, актыўнасці, энергіі, каб хапала сіл на рэпетыцыі і, канечне, поспехаў.
Звярнулася да спявачак Святлана Сянько. Яна адзначыла, што за сваю гісторыю калектыў унёс вялікі ўклад у станаўленне і развіццё народнага мастацтва. Яго характэрнымі рысамі заўсёды застаюцца высокі ўзровень творчага майстэрства, беражлівыя адносіны да народнай песні. Менавіта таму калектыў запатрабаваны, любім гледачом і пастаянна ўдзельнічае ў раённых, абласных, рэспубліканскіх фестывалях і конкурсах.
Святлана Уладзіміраўна выказала падзяку кожнаму за прафесіяналізм, фундаментальны ўклад у захаванне і памнажэнне лепшых традыцый беларускага Палесся, пажадала здароўя, дабрабыту, натхнення і заваявання новых вяршынь.
Да віншавальнай эстафеты далучыліся астатнія паважаны госці. Свае цёплыя пажаданні, падзяку выказала дырэктар дзяржаўнай установы “Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Іна Некрашэвіч.
Усе госці прыйшлі на юбілей не з пустымі рукамі, а з сертыфікатамі, памятнымі падарункамі, кветкамі.
Павіншавалі калег Таццяна Шакун, якая 30 гадоў прысвяціла калектыву, ансамблі Лельчыцкага раённага цэнтра культуры – “Вербніца” і “Лагода”. Яны адрасавалі юбілярам музычныя падарункі.
У сваю чаргу, у знак падзякі, калектыў «Таняжанка» падарыў усім гледачам непаўторны канцэрт.
Кіраўнік калектыву Тамара Прыбалавец выказала ўсім гледачам і калегам падзяку, пажадала поспехаў свайму каллектыву і каб ён далей працягваў існаваць, зберагая культурныя традыцыі продкаў.
Коратка пра калектыў: у 2022 годзе калектыў «Таняжанка» быў удастоены спецпрэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Яго удзельніцы зусім розныя па характары, па ўзросце, але аб’ядноўвае іх любоў да песні. Вось ужо шмат гадоў, у спякоту і мароз, у дождж і снег, адклаўшы хатнія справы, спяшаюцца яны на рэпетыцыі. Заўсёды на ўздыме і з іскрынкамі радасці ў вачах. Нягледзячы на занятасць, удзельніцы калектыву з вялікім жаданнем выязджаюць на шматлікія конкурсы і фестывалі не толькі па нашай рэспубліцы, але і далёка за яе межы.
Рэпертуар калектыву вельмі багаты. Больш за дзве сотні песень за доўгі творчы шлях. І гэта яшчэ не мяжа!
Дзе б ні пабываў калектыў, яго творчасць нікога не пакідае абыякавым, і ўсе чакаюць новых сустрэч з ім.
Юлія ХУК.
Фота аўтара.

















