Вось хутка і 80-годдзе вызвалення нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і светлы юбілей Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
І зноў мяне ахутвае нейкі неспакой і сум ад таго, што мой бацька Аляксандр Мядзведзеў ніколі не святкаваў гэтых слаўных юбілеяў. Засталася толькі памяць аб ім і вось гэты пажоўклы ад часу перадваенны фотаздымак з сямейнага альбома. Я часта ўглядваюся ў яго, думаю, успамінаю ўсё, што звязана з бацькам. Са старой фотакарткі на мяне пазірае малады, прыгожы, з пышнымі кучаравымі валасамі і ўдумлівымі сур’ёзнымі вачыма 22-гадовы мужчына. Такім маладым мой бацька застаўся назаўсёды, на ўсё жыццё.
Па ўспамінах маёй маці Сафіі Людвігаўны, да таго трагічнага 41-га ён працаваў настаўнікам, меў цудоўны голас, іграў амаль на ўсіх музычных інструментах, якія былі ў той час. у калектыве настаўнікаў бацька — душа, а самае галоўнае — вельмі любіў дзяцей, аддаваў ім усяго сябе.
Як і кожны малады чалавек, бацька бясконца любіў жыццё, марыў шмат чаго дасягнуць у ім, каб як мага больш прынесці карысці людзям і грамадству. Ды толькі не наканавана лёсам было ўсяму гэтаму збыцца.
Вайна ўварвалася ў жыццё раптоўна і патрабавала ад кожнага правільнага рашэння і адзінага выбару. Ніхто не ведаў зыходу вялікага супрацьстаяння фашызму і савецкага народа, і таму вызначыцца тым, хто вагаўся, было надта цяжка. Выбарам жа майго бацькі стала падпольная праца на акупіраванай ворагам тэрыторыі. Рашэнне было прынята адразу і без сумненняў. Збор зброі, лістоўкі — першыя крокі дзейнасці арганізацыі, адным з кіраўнікоў якой ён быў, і звязаныя з гэтым цяжкасці, рызыкі, нечаканасці, ахвяры, выпрабаванні.
Так, напрыклад, на ўгаворы аднаго з удзельнікаў камсамольскага падполля Ярмольчыка пайсці ў паліцыю бацька адназначна сказаў: «Я не так выхаваны, каб мяняць свае ідэйныя перакананні ў залежнасці ад абставін». Гэта лішні раз падкрэслівала цвёрдую ўпэўненасць бацькі ў праваце справы, за якую ён змагаўся, а таксама адданасць Радзіме. Дарэчы, той самы Ярмольчык пайшоў тады ў паліцыю, пад чужым прозвішчам хаваўся ў Германіі. І толькі ў 1986 годзе над ім адбыўся суд на яго ж радзіме ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна.
Здраднік выдаў усіх. Іх забіралі па адным. Майго бацьку забіралі прама з бацькоўскай хаты маёй маці, дзе яны жылі. Усіх членаў сям’і тварамі паставілі да сцяны.
Затым для бацькі — васілевіцкая турма, жорсткія катаванні і, нарэшце, — шыбеніца. Аб гэтым маці даведалася, калі, пакінуўшы мяне, тады яшчэ немаўля, апошні раз несла вязню перадачу. Не крычала, не плакала, бо ўжо ўсё выплакала — проста як скамянела.
Але жыццё працягвалася, трэба было працаваць, выхоўваць мяне і брата. Праз некаторы час і паперу атрымала з адной казённай фразай: «За падпольную работу і сувязь з партызанамі Мядзведзеў Аляксандр Мікалаевіч жорстка пакараны фашыстамі». Вось і ўсё.
Але бяда, як кажуць, не прыходзіць адна. Хутка ад усяго перажытага маці моцна захварэла і на цэлых шэсць гадоў была прыкавана да ложка. Мы з братам апынуліся ў дзіцячым доме. Мала каму тады было зразумела, чаму пасля заканчэння сямігодкі я вырашыла стаць настаўніцай. І мара мая здзейснілася. Спачатку скончыла Гомельскае педвучылішча, потым факультэты пачатковых класаў і філалагічны. Увесь час працавала ў школе, бо надзвычай любіла дзяцей. Пастаянна думала, якой бы радасцю гэта было для бацькі, каб ён быў жывы.
Безумоўна, хвароба маці значна пашкодзіла таму, каб мы больш даведаліся пра дзейнасць бацькі. Можна было апытаць сведкаў, яго аднадумцаў, калі многія былі яшчэ жывыя, і аформіць як след адпаведныя дакументы, каб больш дастойна захаваць памяць. А ў архіве, куды я звярталася не адзін раз у апошнія гады, падпольная арганізацыя, дзе быў бацька, не значыцца. То былі 1941-1942 гады, пачатак вайны.
Таму вельмі хачу, каб гэты мой успамін стаў сведчаннем светлай памяці аб бацьку і аб тых, хто таксама загінуў у гады вайны і навекі застаўся маладым у сэрцах сваіх родных і блізкіх.
У музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску сярод замучаных і знішчаных фашыстамі падпольшчыкаў значыцца і прозвішча майго бацькі Мядзве-дзева Аляксандра Мікалаевіча.
Святлана Мядзведзева.

















