Лельчыцкі раён прыняў удзел у XII рэспубліканскім фестывалі народнага гумару «Аўцюкі», дзе прадставіў сваю ўнікальную творчасць аддзел народных і мастацкіх промыслаў ДУ «Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці». Фестываль стаў сапраўдным святам, дзе мастацтва і гумар сустрэліся, ствараючы непаўторную атмасферу радасці і весялосці.
Валянцін Уладзіміравіч і Надзея Аляксандраўна Івашкевіч з філіяла «Сінпольскі сельскі клуб» змаглі заваражыць публіку сваім рамяством — каробапляценнем.
У праграме фестывалю было шмат гумару, музыкі, скокаў і аўцюкоўскіх прысмакаў, а таксама яскравых выступленняў і вясёлых конкурсаў.
Сярод яркіх момантаў – канцэртная праграма “Варанішча-Шоу” і гала-шоў удзельнікаў і пераможцаў чацвёртага сезона народнага праекта “КаверХорШоу”, у якім прынялі ўдзел творчыя калектывы Лельчыцкага раёна. Вакальны ансамбль «Каханачка» з філіяла «Прыбалавіцкі сельскі дом культуры» з поспехам выступіў у намінацыі «Што бачу — той спяваю!».
Конкурс завяршыўся ўзнагароджаннем пераможцаў адкрытага конкурсу харавых калектываў і вакальных ансамбляў народнай манеры выканання «Кавер.Хор.Шоу». Асаблівую нотку свята надалі таленавітыя калектывы “Лель”, “Вербніца”, “Лагода”.
Гран-пры конкурсу заваяваў народны вакальны мужчынскі ансамбль «Лель», а лаўрэатам I ступені стаў народны вакальны ансамбль «Вербніца». У намінацыі «Супер Cover Version» перамогу атрымаў народны ансамбль народнай песні «Лагода».
Віншуем усіх пераможцаў з выдатнымі дасягненнямі!
Надзея Гуд.
Фота Аляксандра ШАПАРДА.

















