Наш родны Лельчыцкі край. Ён прыгожы, па-свойму адметны і непаўторны. Убарць-прыгажуня, Цар-дуб і зялёныя дубравы, багаты і разнастайны жывёльны і раслінны свет, які мае экземпляры, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, запаветныя грыбныя і ягадныя мясціны – усё гэта наша спадчына, якая аднойчы і назаўсёды даецца кожнаму разам з жыццём. У прыгажосці палескіх краявідаў чэрпаюць натхненне вядомыя беларускія мастакі, пісьменнікі і паэты. І менавіта тады ахопвае сапраўднае пачуццё гонару за свой край, калі сустракаеш на старонках савецкай, сусветнай класікі мастацкай літаратуры знаёмыя прозвішчы, імёны, родныя геаграфічныя назвы.
Асабліва значнай у гісторыі нашай краіны з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна, якая стала сімвалам мужнасці, стойкасці і сілы духу савецкага народа. Менавіта літаратура адыгрывае вялікую ролю ў захаванні памяці аб тых падзеях, становіцца мастом паміж пакаленнямі, дазваляючы нам памятаць і шанаваць подзвіг нашых продкаў. Многія пісьменнікі прымалі непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях на перадавой, былі ваеннымі карэспандэнтамі, ваявалі ў партызанскіх атрадах. Не сталі выключэннем і нашы землякі.
Прапануем вам спіс твораў літаратуры аб мінулым і сучасным Лельчыцкага краю, падзеях Вялікай Айчыннай вайны, якая перадае дух эпохі, раскрывае лёсы герояў і дапамагае асэнсаваць трагедыю вайны праз асабістыя гісторыі. У спіс уключаны кнігі з фонду дзяржаўнай установы «Лельчыцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма».
У Лельчыцкім краі бытуе безліч легендаў і паданняў, у якіх народ расказвае пра сваю гісторыю, тлумачыць асобныя з’явы прыроды, паходжанне геаграфічных назваў. Вось менавіта з гэтым звязана адна з іх, якую можна прачытаць у кнізе Э. Скобелева «Кристина». Гэта аповесць аб простай беларускай жанчыне, пра яе нялёгкі лёс, воляй якога яна апынулася ў доме састарэлых. Тут яна ўспамінае падзеі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага жыцця, а таксама родны дом.
Апісваючы ранейшае месца жыхарства галоўнай гераіні аповесці, аўтар спасылаўся менавіта на краявіды вёсак нашага раёна, таму што, акрамя назвы Лельчыцы, тут ёсць і прыгажуня Убарць, якая «щедро питает раздольную Припять», а таксама вось такія словы: «а ещё через день двенадцать мужчин, побрали торбы, пешком ушли в Лельчицы, откуда повела их дорога через Мозырь до Гомеля».
А вось яшчэ адзін з лепшых гістарычных раманаў савецкай літаратуры – Сцяпанаў А. «Порт-Артур». Ён расказвае аб гераічнай шматмесячнай абароне рускімі салдатамі і афіцэрамі крэпасці Порт-Артур у руска-японскай вайне 1904–1905 гг. Аўтар, які сам быў сведкай тых падзей, на 6-й старонцы піша: «В доме генерала Белого был бал в честь именин его жены. Местный сердцеед, командирский адъютант Коля Юницкий на ломаном французском языке дирижировал танцами, на ходу отпуская комплименты дамам!».
Вось гэты Коля Юніцкі – не хто іншы, як жыхар в. Першамайск Міхаіл Мікалаевіч Юніцкі (1881–1939). На жаль, яго ўжо даўно няма разам з намі, але ў яго біяграфіі ёсць такі факт: у час руска-японскай вайны ён служыў у царскай арміі, удзельнічаў у абароне Порт-Артура, быў ад’ютантам у генерала Белага, які камандаваў рускай артылерыяй.
Нельга не ўспомніць аб самых найважнейшых кнігах, у якіх можна знайсці ўсё аб нашым раёне. Гэта своеасаблівыя энцыклапедыі гісторыі і культуры нашага краю: кніга «Памяць. Лельчыцкі раён» і «Хроніка Убарцкага Палесся». Матэрыял для кнігі «Хроніка Убарцкага Палесся» сабраў і выдаў наш зямляк, ураджэнец г.п. Лельчыцы, А. І. Атнагулаў. Навукова-папулярнае выданне змяшчае археалагічныя, геаграфічныя, гістарычныя, тапанімічныя, этнаграфічныя, эканамічныя і іншыя звесткі, пачынаючы са старажытных часоў, пра самабытны куток Палесся – Лельчыцкі раён, пра заняткі і звычаі тутэйшых жыхароў. Змешчаны архіўныя дакументы, карты, фотаздымкі, ілюстрацыі.
Нельга не ўспомніць пра найважнейшыя кнігі, у якіх можна знайсці ўсё пра наш раён. Гэта своеасаблівыя энцыклапедыі гісторыі і культуры нашага краю: кніга «Памяць. Лельчыцкі раён» і «Хроніка Убарцкага Палесся». Матэрыял для кнігі «Хроніка Убарцкага Палесся» сабраў і выдаў наш зямляк, ураджэнец г.п. Лельчыцы, А. І. Атнагулаў. Навукова-папулярнае выданне змяшчае археалагічныя, геаграфічныя, гістарычныя, тапанімічныя, этнаграфічныя, эканамічныя і іншыя звесткі, пачынаючы са старажытных часоў, пра самабытны куток Палесся — Лельчыцкі раён, пра заняткі і звычаі тутэйшых жыхароў. Змешчаны архіўныя дакументы, карты, фотаздымкі, ілюстрацыі.
У кнізе «Памяць. Лельчыцкі раён» асвятляецца гісторыя Лельчыцкага раёна ад старажытнасці да нашых дзён. Тут уключаны гістарычныя нарысы, матэрыялы і артыкулы пра цікавыя падзеі, што адбываліся ў жыцці раёна, біяграфічныя звесткі пра знакамітых землякоў і вядомых людзей, звязаных лёсам з Лельчыцкім краем. Асаблівая ўвага надаецца падзеям Вялікай Айчыннай вайны. У кнізе шырока падаюцца ўспаміны ўдзельнікаў і відавочцаў падзей. Нямала старонак кнігі прысвечана матэрыяльнай і духоўнай спадчыне, гісторыі населеных пунктаў, цэркваў і прыходаў раёна.
Вядома ж, навечна ў гісторыю нашага краю будуць упісаны імёны людзей, якія праславілі яго сваёй творчасцю. У першую чаргу — гэта нашы прафесійныя пісьменнікі Іван Андрэевіч Колас і Мікалай Капыловіч. З творчасцю М. Капыловіча, ураджэнца в. Астражанка, многія жыхары Лельчыцкага раёна знаёмы. Яго пяру належаць такія вядомыя кнігі аповесцей і расказаў, як «Чужы сваяк», «Скрозь жывуць людзі», «Засада», «Дні ціхай восені».
«…Апошнім часам тут, у горадзе, мне ўсё часцей і часцей сніцца Лельчыцкі край: яго лясы, балоты і рэчка Убарць. Тут, у лясным краі, нарадзілася мая любоў да радаснай прыроды, да роднай палескай зямлі, да Лельчыцкага краю…» Гэтыя словы належаць І.А. Коласу – славутаму земляку, пісьменніку, Герою Расіі, ураджэнцу в. Картынічы. Ён напісаў шмат вядомых усім нам кніг, такіх як «Возвращение из ада», «Прыжок в темноту», «Рельсовая война на Полесье», «По заданию центра», «За час до рассвета» і інш.
Усе яны аб Вялікай Айчыннай вайне. У ваенных аповесцях І.А. Коласа адлюстраваны вобразы многіх партызан і разведчыкаў, з кім аўтару давялося сустрэцца на дарогах вайны, у тым ліку, вядома ж, сваіх землякоў – партызан Лельчыцкай партызанскай брыгады, якой ён камандаваў у першыя гады вайны. Кожны жыхар Лельчыцкага раёна, узяўшы ў рукі любую з яго кніг, абавязкова сустрэне тут вядомыя назвы вёсак, прозвішчы і імёны вядомых у раёне людзей, удзельнікаў партызанскага руху.
Вершы многіх нашых мясцовых паэтаў Лельчыцкага краю сабраны ў кнізе «Натхненне». Зборнік склалі вершы непрафесійных, самадзейных паэтаў, якія нарадзіліся або жывуць у Лельчыцкім раёне. Гэта такія, як А. Сцёпін, Д. Сечка, А. Лісіцкі, У. Масюкоў, А. Лозка, А. Гайкевіч, І. Абрамовіч, В. Коваль, Л. Шульга.
У зборніку вершаў «Земля небесная» Д. Сечкі, ураджэнца г. п. Лельчыцы, гучаць вершы аб сваёй сям’і, ваенным ліхалецці і аб нашай памяці як падзяка ўсім тым, хто заваяваў Перамогу.
Кніга з серыі «Мая малая радзіма» – «У ціхіх Лельчыцах сэрца лечыцца: народная духоўная культура Лельчыцкага раёна», аўтарамі-ўкладальнікамі якой з’яўляюцца дацэнт філалагічных навук, прафесар Валянціна Новак, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алена Кастрыца. Кніга выйшла ў выдавецтве «Гомельская праўда» ў 2024 годзе. Чытацкі накірунак яе самы разнастайны. Яна можа быць выкарыстана настаўнікамі, вучнямі, студэнтамі, усімі, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю. У ёй прадстаўлены звесткі пра знакамітых асоб і творчыя калектывы Лельчыцкага раёна, змешчаны артыкулы, прысвечаныя тапанімічным і этналінгвістычным з’явам, апублікаваны матэрыялы палявых экспедыцый апошніх дзесяцігоддзяў на тэрыторыі раёна і артыкулы, у якіх асэнсаваны лакальна-рэгіянальныя асаблівасці фальклорна-этнаграфічных і міфалагічных з’яў.
Народ без мінулага не мае будучыні, таму кожны зацікаўлены і адукаваны чалавек павінен ведаць звесткі пра тыя мясціны, дзе ён нарадзіўся, жыве, пра людзей, якія праславілі край, пра іх справы і лёс, памятныя месцы і падзеі гэтай мясцовасці. І вось гэта няпоўны спіс крыніц пазнання гісторыі Лельчыцкага краю. Паважаныя чытачы! Гэтыя кнігі і многія іншыя вы знойдзеце ў фондах дзяржаўнай установы «Лельчыцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма».
Далучайцеся да нас — разам мы перагартаем старонкі кніг, якія вучаць памятаць і шанаваць подзвіг продкаў. Няхай кожная прачытаная кніга стане мастом паміж мінулым і будучыняй.
Чытайце, памятайце, ганарыцеся!
Бібліятэкар сектара маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы дзяржаўнай установы «Лельчыцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Г.У.Осіпава.


















