Золата пад нагамі: праўда і выдумка пра беларускія скарбы

0
148

Навукоўцы і краязнаўцы не стамляюцца паўтараць: «Беларусь — краіна скарбаў». Наша зямля бачыла столькі войнаў, лёсавызначальных падзей, міграцый, што проста не можа не хаваць у сабе незлічоных багаццяў. Срэбраныя ўпрыгажэнні старажытных славян, першыя манеты Вялікага Княства Літоўскага, каштоўнасці, схаваныя ад нападу шведаў ці французаў…

Дык дзе ж яны, гэтыя скарбы? У глыбіні лясоў, пад рэшткамі старажытных замкаў, на дне рэк і азёр, а можа, і ў звычайным агародзе? Хто ведае… Магчыма, менавіта вы станеце тым шчасліўчыкам, які адкрые чарговую таямніцу беларускай зямлі. Галоўнае — быць уважлівым і верыць у цуд, бо скарбы, як і сапраўднае шчасце, часта знаходзяць зусім нечакана.

Цяжка паверыць, але сапраўдныя багацці могуць хавацца… пад нашымі нагамі. Прынамсі, пра гэта нагадваюць старыя легенды, якія ў кожным куточку Беларусі свае. У Слуцку, напрыклад, раскажуць пра пападдзю, што закапала скарб у двары аднаго з дамоў. А ў Рагачове — пра карабель, поўны незлічоных каштоўнасцей, які патануў у Дняпры недалёка ад горада.

Валерый Шышанаў, вучоны сакратар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея

У паданнях пра схаваныя скарбы нярэдка згадваюцца заможныя магнаты мінулых эпох.

Калісьці радавое гняздо князёў Радзівілаў у Нясвіжы ўпрыгожвалі залатыя фігуры 12 апосталаў, аздобленыя каштоўнымі камянямі. У 1812 годзе старэйшы з Радзівілаў, Дамінік, вырашыў падтрымаць французаў і нават сабраў цэлы ўланскі полк за свае грошы. Калі пасля паражэння французскай арміі яму прапанавалі скарыстацца амністыяй Аляксандра I і вярнуцца, ён заявіў: «Маё месца не ў Нясвіжы, а на чале майго палка». Але што стала з неверагоднымі каштоўнасцямі Радзівілаў, у тым ліку з апосталамі, дагэтуль невядома. Хтосьці кажа, што іх здолелі надзейна схаваць дзесьці ў падзямеллях Нясвіжскага замка.

Чытайце таксама:

Што да напалеонаўскага скарбу, які па-ранейшаму дае прастору для фантазіі, то яшчэ да таго, як французы пацярпелі катастрофу пры пераправе цераз Бярэзіну, стала зразумела: трэба пазбаўляцца ад вялікай колькасці нарабаваных у Маскве каштоўнасцей. Паводле некаторых звестак, адно толькі срэбранае панікадзіла важыла больш як 400 кг! Месцаў, дзе можа знаходзіцца гэты скарб, вельмі шмат: прыкладна ад Смаленска да Варшавы. Асабліва папулярная версія, што яго ўтапілі ў адным з вадаёмаў. Але ў якім менавіта — невядома. Часцей за ўсё згадваюць возера Стаячае каля Крупак. Цікава, што мясцовыя жыхары даўно лічаць яго ваду гаючай. Мо таму, што ў ёй утрыманне срэбра значна перавышае норму.
Скарб, знойдзены ў 1995 годзе ў Гарадку на Віцебшчыне, уражвае сваім багатым складам: у ім 67 рэчаў

Зразумела, легенды найчасцей не знаходзяць пацвярджэння ў рэальным жыцці. Вучоны сакратар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерый Шышанаў прыводзіць красамоўны прыклад. Доўгі час існавала паданне пра Замкавую гару ў цэнтры горада, дзе нібыта хаваюцца «харомы заклятай царэўны». Паводле легенды, яна была асляпляльна прыгожай, заўсёды апранутая ў белае, жыла ў цудоўным палацы, асветленым незлічонымі агнямі. Седзячы на залатым троне, чытала кнігу ў атачэнні вялізных жывых львоў. Побач ляжалі груды золата і дыяменты. Казалі, што напярэдадні Івана Купалы царэўна з’яўлялася людзям і рассыпала вакол сябе дыяменты, якія пры дакрананні ператвараліся ў прах.

На жаль, як адзначае Валерый Шышанаў, гэта загадкавая гісторыя пра скарб засталася толькі прыгожым міфам. Гару цалкам раскапалі ў пачатку 1970-х гадоў нічога не знайшлі.

Аднак бывае і наадварот: тое, што казалі ў народзе пра месца, дзе схаваны скарб, аказвалася праўдай.

— У пачатку жніўня 1870 года ў «Віленскім весніку» з’явілася публікацыя пра знаходку на будаўніцтве чыгункі каля вёскі Жодзіна Барысаўскага павета Мінскай губерні, — расказвае Валерый Шышанаў. — Гэта былі залатыя і срэбраныя манеты — цэлае багацце! І такіх прыкладаў, калі народныя чуткі аказваліся праўдай, нямала.
Скарб папяровых грошай перыяду Кастрычніцкай рэвалюцыі, знойдзены ў 1967 годзе ў Віцебску

І хоць многія легенды застаюцца толькі прыгожымі гісторыямі, яны ўсё роўна вабяць і захапляюць, натхняючы марыць пра незвычайныя адкрыцці. Хто ведае, магчыма, нехта і з нашых чытачоў аднойчы натрапіць на след даўно згубленага скарбу. Бо скарбы, як і гісторыя, маюць уласцівасць зноў і зноў нагадваць пра сябе, выплываючы з глыбінь часу і зямлі. І кожная такая знаходка — не толькі каштоўнасць, а кавалачак нашай агульнай спадчыны, які дапамагае лепш зразумець мінулае і адчуць сувязь з тымі, хто жыў на гэтай зямлі да нас.

«Такіх прыкладаў, калі народныя чуткі аказваліся праўдай, нямала».

Пасля аналізу выяўленых на беларускай зямлі скарбаў навукоўцы склалі адмысловую карту. Стала зразумела, што скарбы сустракаюцца даволі раўнамерна па ўсёй краіне. Але што ж абумоўлівае вялікую іх колькасць?

Як тлумачыць Валерый Шышанаў, у выпадку з Віцебскам і Віцебскай вобласцю значную ролю адыгрывае геаграфічнае становішча.

— Перш за ўсё на гэта ўплывае наяўнасць важных гандлёвых шляхоў, — адзначае суразмоўца. — Праз Віцебшчыну працякаюць Заходняя Дзвіна і Днепр, што рабіла рэгіён ключавым пунктам на найважнейшым гандлёвым шляху з Поўначы на Поўдзень — так званым шляху з варагаў у грэкі. Акрамя таго, вялікае значэнне меў і шлях з Усходу на Захад.
Вішчынскі скарб — першая дакументальна зафіксаваная знаходка ў Беларусі адразу трох відаў грашовых зліткаў, адзначае выкладчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ Лізавета Кісялёва

Іншай важнай прычынай, на думку Валерыя Шышанава, з’яўляюцца ваенныя канфлікты.

— Віцебшчына часта станавілася арэнай бітваў, і з’яўленне значнай часткі скарбаў звязана з гэтым, — расказвае ён і дадае, што разнастайнасць кантактаў паміж людзьмі і стан грашовага абарачэння ў пэўнай мясцовасці непасрэдна ўплываюць на тое, якія скарбы там знаходзяць і дзе яны размешчаны. Тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага ў гэтым сэнсе была вельмі неаднароднай, што і абумовіла вялікую разнастайнасць зместу знойдзеных там скарбаў.

Самы старажытны, каштоўны і цікавы, які захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, — гэта Добрынскі скарб. Яго знайшлі ў 1962 годзе каля вёскі Добрына Лёзненскага раёна: 527 арабскіх дырхемаў VIII — першай чвэрці IX стагоддзя, часоў Амеядаў і Абасідаў, а таксама залатая шыйная грыўня. Агульная вага складае 1 кг 370 г.

— Скарб з тых часоў, калі грашовы зварот толькі станавіўся развітым і асноўныя эканамічныя сувязі былі звязаны з усходам, — тлумачыць вучоны сакратар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. — Гэта перыяд куфічнага дырхема — па назве асноўнай манеты, якая была распаўсюджана на ўсходнееўрапейскім рынку. Геаграфія месцаў чаканкі срэбраных грашовых знакаў надзвычай шырокая: ад Туніса да Цэнтральнай Азіі.
Грыўні (рублі) з Вішчынскага скарбу. Другая палова ХІІІ стагоддзя

Не менш цікавыя і рэчавыя скарбы, бо яны могуць расказаць шмат пра жыццё іх уладальнікаў.

— На жаль, таму, што такія знаходкі пераважна складаюцца з прадметаў, а не манет, іх нельга аднесці да асабліва каштоўных і ўнікальных, — адзначае Валерый Шышанаў. Тым не менш скарб, знойдзены ў 1995 годзе на тэрыторыі прадпрыемства ў Гарадку на Віцебшчыне, уражвае сваім багатым складам.

Сярод знаходак — манеты Расійскай імперыі пачатку ХХ стагоддзя, залатыя ўпрыгажэнні, прадметы побыту, сталовы посуд. У скарбе агулам 67 розных рэчаў.

— Можна меркаваць, што ён адносіцца да перыяду Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, — гаворыць наш суразмоўца. — Знаходка, хоць і не з’яўляецца старажытнай у параўнанні з Добрынскім скарбам, усё ж дае каштоўнае ўяўленне пра сацыяльныя і эканамічныя змены таго перыяду, пра тое, як людзі спрабавалі захаваць сваё дабро ў нестабільны і непрадказальны час. Кожны скарб — своеасаблівая капсула часу, якая захоўвае інфармацыю пра мінулае і сённяшняе жыццё людзей.

«Скарб з тых часоў, калі грашовы зварот толькі станавіўся развітым».

Хіба што фальшываманетчыкі былі актыўныя ва ўсе часы: сярод знаходак часам трапляюцца падробленыя манеты. Цалкам несапраўдныя скарбы — рэдкасць, а наяўнасць падробак у іх — факт.
Колты — старажытнарускія складаныя ювелірныя ўпрыгажэнні, былі папулярныя сярод знатных жанчын

Як расказвае Валерый Шышанаў, прычыны гэтага могуць быць розныя. Ён прыводзіць прыклад з Віцебска, дзе ў 1971 годзе пад падлогай дома знайшлі скарб з 645 медных манет. Спачатку гэтыя моцна пацёртыя манеты, дзе выявы амаль не чыталіся, не прыцягвалі асаблівай увагі. Калі ж дэталёва вывучылі, высветлілася: сярод іх былі манеты ад Пятра І да Мікалая ІІ, а таксама адзін шведскі далер 1719 года. Асаблівую цікавасць выклікала тое, што на адной быў адбітак, які адпавядаў расійскай срэбранай палціне 1859-1885 гадоў. Гэта дазваляе выказаць здагадку, што манеты на пачатку ХХ стагоддзя маглі выкарыстоўвацца як сыравіна для вырабу фальшывак.

Вучоны сакратар Віцебскага абласного краязнаўчага музея падкрэслівае, што скарбы — своеасаблівы зрэз, люстэрка грашовага звароту пэўнага рэгіёна і мінулых гадоў. Іх склад можа шмат расказаць пра гісторыю, важныя сацыяльныя падзеі, эканамічнае развіццё рэгіёна і краіны. Звычайна скарбы адлюстроўваюць пэўны гістарычны адрэзак. Хоць і рэдка, але на беларускай зямлі знаходзяць манеты Старажытнага Рыма, арабскія дырхемы, пражскія грошы, буйныя еўрапейскія срэбраныя манеты талеравага тыпу, рублі часоў Расійскай імперыі.

На гістарычным факультэце БДУ ўжо больш як шэсць дзесяцігоддзяў існуе адзіны ў Беларусі нумізматычны кабінет. Вядомы гісторык і археолаг Валянцін Рабцэвіч падарыў кафедры ўсю сваю калекцыю. Валянцін Навумавіч быў перакананы: гістарычныя каштоўнасці павінны быць даступныя ўсім. Ён прысвяціў амаль 12 гадоў свайго жыцця вяртанню знакамітага пояса Вітаўта, які цяпер з’яўляецца адной з галоўных рэліквій Нацыянальнага гістарычнага музея.

Выкладчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Лізавета Кісялёва адзначае, што для нумізматаў і навукоўцаў Валянцін Рабцэвіч быў сапраўдным гуру. Першую сваю манету ён набыў яшчэ ў дзяцінстве ў Аўстрыі, дзе пасля вайны служыў яго бацька. А гэта гісторыя стала легендарнай. Аднойчы, калі Рабцэвіч вучыўся ў аспірантуры ў Дзяржаўным Эрмітажы, ён аддаў усю сваю стыпендыю за адну манету. І быў гатовы галадаць увесь месяц дзеля яе.
Шыйная грыўня

— Цяпер гэты нямецкі двайны талер XVII стагоддзя захоўваецца ў нумізматычным кабінеце БДУ, — усміхаецца Лізавета Кісялёва. — Тут ёсць такія рэдкія манеты, якіх ва ўсім свеце налічваецца не больш за дзясятак. Нават супрацоўнікі расійскага Эрмітажа прыязджаюць да нас з навуковымі мэтамі.

Тут захоўваюцца манеты ад антычнасці да сучаснасці — каля 60 скарбаў, прыкладна 20 тысяч манет, большую частку якіх сабраў і падарыў Валянцін Рабцэвіч. Кабінет функцыянуе не толькі як музей, а найперш як лабараторыя для студэнтаў гістарычнага факультэта.

«Нават супрацоўнікі расійскага Эрмітажа прыязджаюць да нас з навуковымі мэтамі».

Самым выбітным скарбам, які даўно знайшоў сваё месца ў нумізматычным кабінеце БДУ, з’яўляецца Вішчынскі. Яго знайшлі ў 1979 годзе падчас археалагічных раскопак каля вёскі Вішчын Рагачоўскага раёна на Гомельшчыне. Ён складаецца з жаночых упрыгажэнняў 19 плацежных зліткаў: шасці кіеўскага, 10 літоўскага і трох наўгародскага тыпаў. Паводле слоў Лізаветы Кісялёвай, гэта першы дакументальна зафіксаваны выпадак знаходкі ў Беларусі адразу трох відаў грашовых зліткаў. Скарб датуецца другой паловай ХІІІ стагоддзя. Навукоўцы выказваюць здагадкі, што Вішчынскі скарб з’яўляецца класічным прыкладам грашовага «дэпазіту надзвычайных абставін». Гэта значыць каштоўнасцей, якія захавалі ў экстрэмальных умовах.

Куратар нумізматычнага кабінета адзначыла яшчэ адзін цікавы скарб. Яго знайшлі ў вёсцы Засоўе Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў 1974 годзе. Ён быў разнамасны: 754 білонных і срэбраных манет Вялікага Княства Літоўскага, іспана-неапалітанскія паўталеры Карла V і Філіпа ІІ («філіпкі»), грошы Рэчы Паспалітай, залатыя дукаты, іспанскія і турэцкія манеты…
Тэтрадрахма. Афіны, канец VI — канец V ст. да н. э.

У савецкія часы многія найбольш каштоўныя археалагічныя знаходкі з Беларусі адпраўляліся ў Маскву і там заставаліся ў музеях. Сярод такіх «залатых» адкрыццяў — Магілёўскі скарб дукатаў, які складаўся з 300 залатых еўрапейскіх манет XVI-XVII стагоддзяў. Яго знайшлі яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, захоўваецца ў Эрмітажы.

У Санкт-Пецярбургу «прапісаўся» яшчэ адзін унікальны скарб з беларускай зямлі — златнікі, першыя манеты Старажытнай Русі, адчаканеныя ў Х стагоддзі. У свеце вядома ўсяго толькі 12 такіх манет. Як адзначыла Лізавета Кісялёва, яны былі не столькі сродкам плацяжу, колькі сімвалам і дэкларацыяй статусу Старажытнай Русі як дзяржавы, а не «дзікай краіны».

— Фонд нумізматычнага кабінета Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта сёння ўваходзіць у лік найбуйнейшых манетных збораў Беларусі. Кожны скарб у ім унікальны, як своеасаблівая кніга з бібліятэкі айчыннай гісторыі, выдадзеная толькі ў адным экзэмпляры, — падкрэслівае Лізавета Кісялёва.

І менавіта тут, у гэтай унікальнай лабараторыі, студэнты маюць магчымасць развіваць практычныя навыкі працы з гістарычнымі крыніцамі, што з’яўляецца неацэнным для будучых археолагаў, гісторыкаў і музейных работнікаў. Нумізматычны кабінет БДУ працягвае сваю важную місію, закладзеную Валянцінам Навумавічам Рабцэвічам, — робіць гісторыю даступнай і жывой для новых пакаленняў.
Дзіхалкон. Фесалія, сярэдзіна ІІ — І стагоддзе да н. э.

Замест пасляслоўя

Ілля Шталянкоў называе сябе нумізматам са стажам. Ён з’яўляецца членам праўлення Нумізматычнага таварыства, з 1983 года — членам Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў і ўжо больш як 50 гадоў збірае манеты. Наша сустрэча ў рэдакцыі пачалася з таго, што Ілля Мікалаевіч дастаў з партфеля кнігу Валянціна Рабцэвіча і тры манеты.

«Усё гэта для мяне знакавае», — патлумачыў ён.

Калісьці кнігу «Аб чым расказваюць манеты» яму падарыла мама.

— Прачытаў, і гэткай цікавай мне паказалася нумізматыка. І назаўжды захапіўся збіраннем манет, — усміхаецца Ілля Мікалаевіч.

Яго калекцыя ахоплівае ўсё, што звязана з гісторыяй Беларусі: манеты, памятныя медалі, папяровыя грашовыя знакі. Мала хто ведае, што пасля рэвалюцыі з-за недахопу грошай у многіх беларускіх гарадах выпускалі мясцовыя грашовыя знакі для выплаты заробкаў.
Двайны талер (кліпа). Трыр, XVII стагоддзе

Шлях некаторых рарытэтаў у калекцыю быў доўгім. Адну з манет Рэчы Паспалітай Сігізмунда III Вазы яму давялося чакаць дзесяцігоддзямі. На нашу сустрэчу ён прынёс іншыя, не менш дарагія сэрцу экспанаты.

— Гэта манета — рубель у гонар 50-годдзя Кастрычніцкай Рэвалюцыі, — таксама для мяне сімвалічная, таму што яна майго года нараджэння, — расказвае Ілля Мікалаевіч. — Другая — антычная бронзавая манета, знойдзеная на рацэ Бярэзіне, якую я падарыў нумізматычнаму кабінету БДУ.

У жыцці Іллі Шталянкова быў і сапраўдны скарб.

— Ён, як кажуць, сам прыплыў да мяне ў рукі. Дзякуючы майму дзеду, — з усмешкай расказвае Ілля Мікалаевіч. — Прынёс ён мне, малому, тры старыя манеты. І гаворыць: «Там бераг ракі абваліўся, паспрабуй і ты пашукай. Бо там ужо ўсе мясцовыя хлапчукі». Было гэта на Бярэзіне ў 1973 годзе. Потым я не адзін год шукаў манеты на беразе ракі.

На жаль, многія знаходкі распрадаюцца часткамі і нібыта раствараюцца ў прыватных калекцыях.

— Для нумізматыкі як для навукі гэта непапраўныя страты, як і ў цэлым для гісторыі, — лічыць Ілля Шталянкоў. Але гэта тэма асобнай сур’ёзнай размовы.
Ілля Шталянкоў больш як паўстагоддзя захапляецца нумізматыкай. Лёсавызначальную для яго кнігу «Аб чым расказваюць манеты» некалі падарыла маці

Беларусь з яе багатай гісторыяй і незлічонымі таямніцамі па-ранейшаму захоўвае шмат скарбаў. І не толькі тых, што блішчаць золатам і срэбрам. Сапраўдныя скарбы — наша спадчына і культура, нашы людзі і прырода. Усё тое, што робіць родную краіну ўнікальнай і непаўторнай.

Магчыма, вы ніколі не знойдзеце куфар з залатымі манетамі, але гэта не значыць, што ўдача абыдзе вас бокам. Яна можа прыйсці ў выглядзе натхнення, якое дапаможа стварыць нешта прыгожае, або як магчымасць, што адкрые перад вамі новыя гарызонты, або праз любоў, якая напоўніць жыццё сэнсам.

Гісторыя Іллі Шталянкова нагадвае нам, што трэба быць уважлівымі да навакольнага свету, адкрытымі да новых уражанняў і гатовымі да нечаканых паваротаў лёсу. Бо хто ведае, магчыма, менавіта вы станеце наступным, каму пашчасціць знайсці свой скарб — нешта, што зменіць ваша жыццё і пакіне след у гісторыі.

БЕЛТА

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: