Традыцыйная аўсянка на сняданак можа адкрыцца з новага боку, калі дадаць у каструльку некалькі цікавых інгрэдыентаў.
Вечная класіка раніцы, знаёмая ўсім з дзяцінства. Адныя любяць аўсянку за сытасць, другія выбіраюць яе за карысць для здароўя, трэція цэняць лёгкасць прыгатавання плюшчанага зерня. А некаторыя бачаць у ёй поле для кулінарных эксперыментаў.
Каля дзесяці гадоў таму моднымі былі так званыя аўсянабліны, якія выпякаліся з аўсянкі і яек на скаварадзе. А крыху пазней іх замянілі кексы з перамолатай аўсянкі. На смак, мякка кажучы, так сабе.
Затое цяпер у сацыяльных сетках набіраюць папулярнасць рэцэпты аўсянай кашы з насычаным сметанковым смакам і рознымі дабаўкамі. Напрыклад, чыа, ільном ці макам. Пяшчотная крэмавая тэкстура кашы дасягаецца за кошт вяршкоў замест малака. Дадаюць таксама сыр сорту камамбер або бры (тэхналогію вытворчасці такіх сыроў ужо засвоілі беларускія заводы, знайсці іх можна ў многіх магазінах).
За аснову бяром геркулес, заліваем яго вяршкамі, злучанымі з вадой, ставім на сярэдні агонь. Калі каша закіпіць, дадаем мак і парэзаны на невялікія кавалачкі сыр. Добра перамешваем і варым да пажаданай густаты (тут хто як любіць). У гатовую кашу ўмешваем мёд і ягады. Упрыгожваем некалькімі кавалачкамі сыра.
Вам спатрэбіцца:
♦ Геркулес — 100 г
♦ Вяршкі (20 %) — 200 мл
♦ Сыр сорту камамбер або бры — 100 г
♦ Мак — 15 г
♦ Мёд — 2 ст. л.
♦ Любыя ягады (можна замарожаныя)


















