Настаўнік — надта каштоўная прафесія. Яна ва ўсе часы — адна з самых важных у грамадстве. Педагог стварае будучае краіны.

Аб важнасці прафесіі настаўніка можна гаварыць бясконца. Гэта, перш за ўсе, яе сацыяльна значымае прызнанне. Асноўная задача настаўніка — выхоўваць,  даваць веды маладому пакаленню. І рабіць гэта своечасова. Ен не толькі вучыць, але і распаўсюджвае методыку, праводзіць навуковыя даследванні. Таму ў нас павінна быць якасная прафесійная падрыхтоўка. Настаўнік дапамагае і ў выбары напрамку для дальнейшага навучання, усе цікавае аб разнастайнасці існуючых прафесій вучні даведваюцца ад настаўніка.

Ен выкарыстоўвае розныя педагагічныя формы, прыемы і метады. Важнай з’яўляецца сувязь з бацькамі, устанаўленне такой сувязі.

Быць настаўнікам — не вельмі проста, на ім ляжыць адказнасць. Дзеці могуць быць нецярплівымі, капрызнымі і нават у некаторай ступені жорсткімі. Таму настаўнік павінен валодаць такімі якасцямі, як дабрыня, цярпенне, уважлівасць, эрудзіраванасць, стрыманасць. Трэба любіць дзяцей і знаходзіць з імі агульнае. Сапраўдны настаўнік — гэта не прафесія, а прызванне ці лес. Сутнасць гэтай прафесіі — перадаць свой вопыт наступнаму пакаленню, быць прыкладам для пераймання.

Настаўнік — гэта надзвычай важная прафесія, якую нельга замяніць робатамі, у ей вельмі важна чалавечнасць. Таму большую частку выхавання і падрыхтоўкі да жыцця настаўнік павінен ускладаць на сябе, а не на бацькоў. Хаця сувязь з бацькамі не менш важная ў выхаванні чалавека, чым штосьці іншае.

Яшчэ хачу дапоўніць, што пры паступленні ў педагагічныя вузы неабходна праводзіць конкурс на важнасць гэтай прафесіі ў жыцці тых, хто выбраў такі шлях. Гэта мае меркаванне. Надта часта ўспамінаю, знаходзячыся ўжо пэўны час на пенсіі, першыя гады працы ў школе. Пасля заканчэння Гомельскага педвучылішча адбылася доўгачаканая сустрэча з вучнямі. Мяне першакласнікі сустрэлі з цікавасцю, неяк насцярожана, запомніліся іх па-добраму адкрытыя, надта пытлівыя вочкі.

Я, канечне, імкнулася апраўдаць іх надзеі, але першыя крокі не такія ўпэўненыя, таму вучылася разам з імі. Але ж было вялікае жаданне прынесці як мага больш карысці: даць веды, выхоўваць лепшыя чалавечыя якасці.

Хачу адзначыць, што дапамогу і падтрымку атрымлівала ад ужо вопытных маіх калег-настаўнікаў. Я валодала свежымі ведамі, а яны — вопытам. Спалучэнне аднаго з другім надта дапамагала ў працы.

У памяці засталіся бацькоўскія сходы майго класа, на якіх часта ўзнікалі пытанні наконт выхавання: з якога часу ад нараджэння дзіцяці пачынаць, як адносіцца да яго адмоўных учынкаў і гэтак далей (дарэчы, такія пытанні ад бацькоў узнікалі і значна пазней, калі пасля заканчэння філалагічнага факультэта я ўжо працавала са старэйшымі вучнямі і была, канечне, больш, як кажуць, узброена).

 Але ў тыя часы не на ўсе пытанні, безумоўна, я магла грунтоўна адказаць. Таму і вырашыла звярнуцца да прац знакамітых навукоўцаў.

І ў адным з артыкулаў прачытала аб звароце маці да прафесара педагогікі, з якога часу пачынаць выхаванне толькі што народжанага дзіцяці. У сваю чаргу прафесар зацікавіўся ўзростам немаўляці. Маці адказала, што яму ўсяго тыдзень. «Вось на тыдзень вы і спазніліся», — так зазначыў прафесар. Маці, зразумела, была здзіўлена такім адказам. А мяне значна зацікавіла такое меркаванне. Хаця ў той час была вельмі распаўсюджана народная мудрасць: «Пачынаць выхоўваць дзіця патрэбна не тады, калі яно ляжыць уздоўж лаўкі, а тады, калі — упоперак».

У хуткім часе мне ў рукі трапіла невялічкая кніжачка Л.Успенскага «Культура мовы». Думаю, што асобныя моманты з яе будуць цікавымі і карыснымі для маладых бацькоў і ў наш час. Аўтар пачынае свой аповед з таго, што прапануе шэраг самых простых, элементарных прыемаў, якія змогуць дапамагчы маладым бацькам развіваць у дзецях складаны комплекс імкненняў і навыкаў, які называецца культурай мовы і паводзін.

А пачынаць неабходна, калі толькі дзіця нарадзілася, калі яно мірна ляжыць у сваім ложачку і глядзіць на ўсе яшчэ пустымі вочкамі ці проста пускае пузыркі. Але ж вы размаўляеце з ім, размаўляеце ўвесь час, пакуль яно не спіць. Размаўляеце, калі мяняеце распашонкі, калі купаеце або корміце. Гаварыце. Гаварыце…

Аб чым? Пакуль што гэта не мае значэння. Калі не знаходзіце слоў, якія звычайна самі льюцца з вуснаў маці, чытайце ўслых самой сабе, як і яму, што прыдумаеце: вершы і словы песень, якія памятаеце, або тое, што прачыталі ў газеце, кнізе ці новым нумары часопіса.

Але чытайце ціха, мяняйце інтанацыю і паніжайце голас.

Нельга каля дзіцяці гаварыць вельмі гучна, крычаць, сварыцца, дазваляць сабе сярдзіты, злы выраз твару, дзіця спалохаецца і заплача, і хто ведае, як гэта адклікнецца ў ім праз многа гадоў. Гаварыце з ім так, як будзеце гаварыць гады праз два, калі ен ужо будзе разумець многае. Пры размове глядзіце на яго маленькі тварык: глыбокае супакаенне пачне хвалямі набягаць на яго, ен стане рухаць губкамі, быццам усміхацца, і нарэшце ціхенька засне.

Праходзіць час, і вось дзіцяці ўжо два гады. Цудоўна, калі ёсць казачніца-бабуля ці гэтым талентам валодаюць бацька і маці. А як гэтага няма, дык сядзьце  каля дзіцяці з кнігай, загадзя падрыхтаваўшыся (таму што горш нічога не можа быць, калі не выразна вымаўляе), і проста чытайце яму казку. А яшчэ як выхаваўчы элемент вельмі карысныя для дзяцей песні-калыханкі, надта патрэбныя ім на ўсіх ступенях развіцця — ад самага нараджэння і да тых дзен, калі вы палічыце, што ўжо няма неабходнасці «засынаць з дапамогай казкі.

Хачу адзначыць, што для дзіцяці, калі, канечне, вы не лічыце яго музычным феноменам, не мае значэння, што яму спяваюць і як.

Вашаму дзіцяці ўжо каля 5-6 гадоў. І калі вы яго не аддалі ў рукі прафесійных педагогаў у дзіцячым садку, патрэбна падумаць аб тым, каб ен пачаў чытаць сам, бо літары ўжо павінен ведаць.

Уявіце, што ў доме многа кніг, якія з’яўляюцца прадметам павагі і любові, і кнігі ўвесь час выкарыстоўваюцца, бо вакол дзіцяці тыя, хто чытае. Ды яшчэ малое чуе чытанне ўслых, а пры гэтым усе ці смяюцца, ці абмяркоўваюць прачытанае — цікавасць да друкаванага слова ў яго, канечне, з’явіцца і будзе расці.

Калі заўважыце такую цікавасць, спыніцеся і папрасіце: «А цяпер ты прачытай». Гаварыце, што вочы стаміліся (гэта пра бабулю ці дзядулю) ці проста чымсьці неадкладным занятыя, а вельмі хочацца даведацца, што здарылася далей з героямі.

Час ідзе, дзіця ваша ўжо падлетак, але ж не прыпыняйце размовы з ім. Усе вас павінна цікавіць у яго паводзінах і ўчынках, у поспехах і няўдачах.

Спакойна і разважліва патрэбна параіць, як выйсці з той ці іншай сітуацыі годна. Карацей, без крыку і павучэнняў, на правах старэйшага сябра, дарадцы. Тады вы зможаце не толькі набыць, але і захаваць давер, цеплыя адносіны са сваімі дзецьмі на ўсе жыцце, нават і тады, калі ў іх ужо будуць свае сем’і. Ведайце, дзеці капіруюць нас ва ўсім: паводзінах, учынках, мове.

Надзвычай буду рада, калі хто-небудзь з маладых бацькоў палічыць важнымі ў выхаванні сваіх дзяцей некаторыя моманты з майго артыкула і прыменіць іх на практыцы. Жадаю поспехаў, бо правільнае выхаванне маладога пакалення — гэта надзвычай важная з’ява ў будучым нашай краіны.

Святлана Мядзведзева.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: