Как приготовить домашнее повидло из яблок: простой рецепт
Зараз ідэальны момант для таго, каб сабраць цёплыя водары, колеры і смакі ў шкляныя слоікі і закансервіраваць на халодны сезон.
Сітуацыя знаёмая многім: прыязджаеш на вёску праведаць старых, а яны табе абавязкова які-небудзь крафтавы гасцінец даюць — варэнне, саленне, кампот. Адмаўляцца нельга. Ды і не хочацца, паколькі разумееш: гэта не проста ежа, а памкненне перадаць цяпло сэрца, шчырае жаданне падзяліцца тым, чаго ні за якія грошы не купіш. Прымаць трэба з удзячнасцю.
Гэты год парадаваў добрым ураджаем яблыкаў. Таму першае, што днямі давялося ўбачыць на двары 87-гадовай бабулі мужа, былі разасланыя газеты на лаўках, сталах ды іншых паверхнях. На паперы — парэзаныя яблычныя долькі. Спачатку падсушацца пад сонейкам, пасля — у печ.
Гаспадыню дома не засталі. Яна не з тых, хто, ківаючы на ўзрост, будзе сядзець без справы. Прапалоць градкі, пакарміць кур (з цыпляткамі!), заняцца кансервацыяй прыпасаў на зіму… На вёсцы дзейнічае прынцып: чалавек жывы, пакуль рукі занятыя. Вось і лета бабы Тані праходзіць у бясконцых клопатах. Яна хоць і не ведала, што мы прыедзем (у маленькай вёсцы на Палессі амаль не ловіць мабільная сувязь), тым не менш слоік яблычнага варэння, а дакладней — дамашняга павідла, на ўсякі выпадак быў падрыхтаваны.
Лета, якое атрымалася закрыць у шкле на зіму, — самае яскравае апісанне водару і смаку гэтага няхітрага дэсерту. Густое і духмянае, яно стане ідэальнай начынкай для пірагоў і піражкоў. Яшчэ яго можно з’есці проста са свежым батонам і халодным малаком, як у дзяцінстве.
Вам спатрэбіцца:
♦ Яблыкі — 2,5 кг (пасля чысткі застанецца каля 2 кг)
♦ Цукар — 750 г
♦ Вада — 250 мл
Для прыгатавання бяром дамашнія яблыкі. Іх патрэбна аблупіць, выдаліць сэрцавіну. Паралельна можна ставіць на пліту пасудзіну, у якой будзем варыць наша павідла. Туды ўсыпаем цукар і разводзім яго вадой. Памешваючы, чакаем, калі атрымаецца сіроп (хвілін 5—7). Яблыкі надзіраем на буйной тарцы (можна прапусціць праз мясарубку) і дадаем да салодкай вады. Добра перамешваем. Варым на маленькім агні каля гадзіны. Абавязкова час ад часу трэба памешваць, але рабіць гэта акуратна. Яблычнае варэнне звычайна моцна пырскае — беражыце рукі! Здымаць з агню трэба тады, калі маса стане поўнасцю аднароднай. Разліваем у сухія чыстыя слоікі і закрываем.


















