У кожнага народа і кожнай сям’і есць свае традыцыі, чалавек, які адкрывае гісторыка-культурную спадчыну сваей вескі.
Напярэдадні Дня маці і ў Год беларускай жанчыны Вера Хамец распавяла нам гісторыю пра сваю прабабулю, якую ласкава назвала «беларускай жамчужынай», Дрынеўскую Марыю Пятроўну, якая пражывае ў весцы Новае Палессе Лельчыцкага раена.
Прыязджаючы ў госці, я з захапленнем разглядала прыгожыя беларускія ўзоры, вышытыя на ручніках, абрусах, посцілках і адзенні. Я запыталася ў прабабулі Марыі: «Хто навучыў цябе рабіць такую прыгажосць?» Прабабуля распавядала, што нарадзілася ў шматдзетнай сям’і і была восьмай дачкой у бацькоў Пятра Андрэевіча і Аксіньі Сцяпанаўны. Яе маці займалася хатняй гаспадаркай і выхаваннем дзяцей. Дзяўчаты, гледзячы на маці, вучыліся з маленства рабіць жаночую працу. Маленькай Марыі асабліва спадабалася займацца шыццем і вышываннем. Натхненнем для ўзораў з’явіліся прыгожыя родныя краявіды.
Праз некаторы час пасля заканчэння вучылішча яна працавала швачкай у Лельчыцкім КБА. А ў 1967 годзе выйшла замуж за прадзядулю Сашу (Аляксандра Афанасьевіча), нарадзіла дзяцей і пераехала на радзіму мужа ў веску Новае Палессе. Стала працаваць прадаўцом у вясковай краме. Але сваю любімую справу не забыла: працягвала вышываць посцілкі, фартухі, кашулі для сваёй сям’і, а потым — і для канцэртных касцюмаў, — падзялілася Вера.
Голас, які аб’ядноўвае пакаленні
З ранніх гадоў Марыя вельмі добра спявала народныя песні. У 2000 годзе яе запрасілі ў фальклорны калектыў «Палесскія напевы», у якім спявалі старабеларускія народныя песні. Жанчыны гэтага калектыву адрадзілі народныя святы і абрадавыя песні Лельчыцкага раёну — Дабравешчанне, Юр’я, Засеўкі, вясельны абрад. Летась нават у сапраўдным вяселлі паўдзельнічалі — гурт запрасіла ўнучка Марыі Пятроўны.
У прабабулі Марыі трое дзяцей, дзевяць унукаў і шаснаццаць праўнукаў — і для ўсіх яна знаходзіць добрае слова. Вось ужо шэсць год, як яна жыве адна ў вялікім доме: прадзядуля Саша памер. Дзеці і ўнукі часта наведваюць яе. Прабабуля з задавальненнем і вялікай радасцю спявае песні і вучыць вышываць гладдзю праўнучак.
Я ганаруся сваёй прабабуляй Марыяй Пятроўнай, таму што яна з’яўляецца носьбітам мясцовых традыцый і перадае свае ўменні і веды малодшаму пакаленню.
Ганна ЮШКЕВІЧ.

















