Чернобыль

У лютым мінулага года выйшла з друку чарговая кніга пісьменніка, нашага земляка Анатоля Кашэвіча пад назвай «Уратуем нашы душы», прэзентацыя якой адбылася ў раённай бібліятэцы. У ёй аўтар перапрацаваў і абагульніў нейкія моманты са сваіх папярэдніх кніг, дапоўніў апавяданнямі «Яе Вялікасць Памяць» і «Ліквідатар». Варта дадаць, што апавяданнем «Ліквідатар» зацікавіліся супрацоўнікі часопіса «Літературний Чернігів», змест якога яны пераклалі на ўкраінскую мову і змясцілі ў сваім выданні.

А мы ў сваю чаргу прапануем увазе нашых чытачоў гэта апавяданне (у скарачэнні) на нашай роднай мілагучнай мове. З поўным зместам твора, перапрацаваным і дапоўненым, вы зможаце пазнаёміцца, набыўшы ў раённай бібліятэцы кнігу Анатоля Кашэвіча «Уратуем нашы душы». Думаю, на гэтым вы не спыніцеся і з задавальненнем прачытаеце ўсе апавяданні, бо яны, як кажуць, напісаны душой, жыццёвыя, сабралі шмат аўтабіяграфічнага матэрыялу, да якога нельга заставацца абыякавым…

«Яшчэ толькі чуць золак засвяціўся ў акне, які пачаў нясмела адганяць начную змрочнасць, а Сцяпан Іванавіч ужо не спаў даўно, прачнуўся, калі побач з хатаю на дрэве заклекатаў бусел, заляпаў крыллем і, пэўна, падняўся ў ранішняе вясновае паветра.

З галавы не выходзіў дзіўны сон, які ўпершыню і прысніўся яму больш за ўсё за трыццаць гадоў пасля Чарнобыльскай навалы. Прыснілася яна, Марына, такой жа маладой, прыгожай, якую ён стрэў тады з яе маленькай трохгадовай Ірынкаю, калі было загадана яму на сваім ГАЗоне адвезці іх з Чарнобыльскай зоны да яе бацькоў на Брэстчыну.

Яго, як і многіх такіх як ён, толькі што дэмабілізаваных з войска, пазвалі з тэхнікай да Чарнобыля. Давалі на рукі паперы і адпраўлялі ў дарогу. Да яго машыны прывялі маладую жанчыну з дзяўчынкаю і прыказалі ехаць…

Бачыў ён слёзы на вачах маладой жанчыны, калі яна апошні раз глядзела на сваю сядзібу, ля якой ужо экскаватар капаў вялікую яміну…

— Дык як жа цябе завуць? — ужо ў машыне спытаў Сцяпан у дзяўчынкі, якой на выгляд было каля трох гадоў.

— Ілынкай мяне завуць, — не вымаўляючы літару «р», прамовіла малая, прытуліўшыся галавою да маці. — А маму завуць Малына Іванаўна.

— А мяне называюць Сцяпанам. А дзе твой тата?

— Мой тата сабакам сена косіць, — неяк завучана адказала малая, за што ад маці атрымала папрок, а сама гаспадыня дапоўніла, што пакінуў ён іх, як толькі нарадзілася дзяўчынка.

Крыху ад’ехаўшы за ўзлесак, дзяўчынка пачала турбаваць маці, на абочыне Сцяпан спыніў машыну.

Пакуль яны там бавіліся, ён паспеў у нізіне назбіраць амаль цэлы букет вясновых пралесак, уцягнуў іх водар у сябе і працягнуў іх дзяўчынцы. Яна з задавальненнем узяла іх у свае маленькія ручкі, паднесла да свайго кірпаценькага носіка і з асалодаю пачала ўдыхаць гэты гаючы вясновы водар. І ніхто з іх тады не здагадваўся, што ў гэтых вясновых пяшчотных кветках ужо была закладзена амаль уся табліца Мендзелеева. Значна пазней усё стала вядома.

Усю дарогу Марына больш маўчала, зрэдку пазірала на блакітныя хлапечыя вочы Сцяпана, яго кучаравыя русявыя валасы, якія раз-пораз спаўзалі на яго лоб, віліся ля вушэй. Ён іх адкідваў, зрэдку кідаў позірк на яе, таксама кучаравыя рыжаватыя валасы, якія акутвалі белы варатнічок яе кашулі. Спаўзалі на плечы, упрыгожвалі яшчэ зусім дзявочы стан. Як ён і прыкінуў — яны, пэўна, былі аднагодкамі…

Стрэлі іх у вёсцы за Жабінкаю, куды быў у яго пуцявы ліст, лагодна і прыветліва. Пакуль яе маці Марыля Лявонаўна вазілася з малою і дачкою, бацька Іван Пятровіч дапамог Сцяпану  разгрузіць усе рэчы з машыны і паклікаў у хату. Сцяпан здзівіўся, што ў такі ранні вясновы час на стале ў іх красаваліся зялёныя, з жоўтымі засохлымі пялёсткамі на канцы, агуркі, свае, як яны казалі, чуць пажоўклыя з цяпліцы памідоры. Вялі яны амаль увесь год цяплічную гаспадарку, відаць было, як з пячных труб валіў па-над шклом парніка павалокаю дым.

Павячэраўшы, Сцяпан намерыўся было сказаць, што час яму ўжо збірацца ў зваротны шлях, але Іван Пятровіч папярэдзіў, што супраць ночы ў такую далёкую дарогу ніколі ніхто не збіраецца, тым больш, што дзесьці здалёку чуюцца пагрозы грому, зіхацяць з усходу маланкі. І сапраўды праз колькі хвілін наляцеў моцны вецер, які гнуў долу кустарнікі і дрэвы, зрываў лісце з вялікай ліпы, што стаяла тут жа ля самых веснічак на вуліцы. А затым раскаты грому калыхнулі ўсё наўкола, сыпануў моцны спорны дождж. Маланкі так і паласавалі ўсё неба, і нельга было разабраць, ці маланка першай крыжавала неба, ці раскаты грому аглушалі ўсё наўколле, не звяртаючы ўвагі на ўсё зіготнае асляпленне.

Сцяпан у сваёй асобнай бакавушцы ўжо амаль засынаў і раптам пачуў, што дзверы ў цемнаце прыадчыніліся, і да ложка падышла яна, Марына, палажыла яму на галаву сваю мяккую пяшчотную руку, затым прытулілася да яго…

Вярнуўшыся з далёкай камандзіроўкі, Сцяпан штодня на сваім ГАЗоне перавозіў розныя грузы з месца на месца, вывозіў жывёлу з калгасных фермаў на Калінкавіцкі мясакамбінат, дзе з цяжкасцю ўдавалася яе здаваць… І толькі праз многія тыдні яго адпусцілі дамоў.

Вялікае недамаганне адчуў толькі праз колькі месяцаў, калі аднойчы на рабоце страціў прытомнасць, з носа пайшла кроў.

Затым шпіталь за шпіталем, аперацыі адна за другой, і ў выніку — група інваліднасці.

Усе тыя кучаравінкі  яго шаўкавістых валасоў пакінулі галаву, стала яна быццам бы тое калена, калі не лічыць невялічкія завіхуркі ззаду на галаве.

Ягоная маці да апошніх сваіх дзён са смуткам пазірала на сына, мала пра што распытвала, так як і мала ў чым раіла ў жыцці.

Цяпер яе не стала. Прысніўся яму гэткі сон. І ён вырашыў з’ездзіць на Брэстчыну…

… Вясновыя прамяні сонца ўжо лізалі вяршаліны дрэў, якія стаялі наводшыбе ад лугавіны, чуўся адтуль стук дзятла, які тарахцеў па сасне-сухастоіне, рыхтаваў, пэўна, для сябе сняданак, няйначай. «Самая працавітая птушка ў лесе, — падумаў Сцяпан Іванавіч, ідучы на аўтобусны прыпынак. — Дзеля драбнюткага нейкага чарвячка — на паўглыточка! — гэтулькі малоціць дзюбаю дзеравіну! Мабыць розум сабе дзяцел і вымалаціў».

Сцяпан Іванавіч у паўсілы ўсміхнуўся і пакрочыў далей…

Ужо ідучы ад Жабінкі ў напрамку вёскі, ён пасярод невялічкай палянкі заўважыў купну бярозак, якія, здавалася, перабеглі праз дарогу да лагчынкі і спыніліся там, быццам бы тыя дзяўчаткі, каб крыху падзяліцца сваімі навінамі. Ён накіраваўся туды, як прадчуваў, што там маецца крынічка. І не памыліўся — там бурчэла з-пад зямлі празрыстая вада,  а нечая добрая рука апляла крынічку зрубікам з лазовага вецця, прымацавала побач коўшык з бяросты.

Падсілкаваўшы сябе празрыстай вадою, Сцяпан узяў кірунак на вёску, дзе віднелася пасярод вялікая ліпа. Заўважыў, што вёска вырасла, з’явілася шмат аднолькавых домікаў, пэўна, для перасяленцаў з Чарнобыля, ды і не толькі для іх, бо калгас адбудаваўся, шмат заставалася моладзі на вёсцы…

Ля ганка корпалася бабулька, у якой ён прызнаў Марылю Лявонаўну, заклікнуў яе, назваў імя і па бацьку.

— А вы хто такі будзеце? — спыталася яна.

— Клічуць мяне Сцяпанам, калісьці прывозіў я вашу дачку Марыну з унучкаю, калі памятаеце.

— Ды ўжо ж… З’явіўся! Дзе ж ты, галубок, столькі часу быў?

І яна запрасіла яго ў пакой, дзе ён адразу заўважыў на стале ў вазе вясновыя пралескі, а побач на падстаўцы красаваўся «ягоны» фотаздымак у форме дэсантніка, але чамусьці, як яму здалося, форма адзення была крыху іншай, больш сучаснай. Ён дастаў з кішэні свой такі ж фотаздымак, з якім ніколі не разлучаўся ў жыцці, і паставіў побач. Разніца была толькі ў адзенні.

Пачуўся грукат,  і на парозе з’явілася дзяўчынка гадоў трох і таксама, як і раней малая Ірынка, не вымаўляючы літару «р», прывіталася з ім. А затым з’явілася за парогам і яе маці, якая таксама прывіталася, вымаўляючы выразна літару «р», пачала разглядаць яго, аб чымсьці пытацца, што ён не чуў. А праз некалькі хвілін у пакой зайшла яна, Марына, такая ж стройная, прывабная. Хацела штосьці запытаць, але яе спыніў голас: «Маці, куды гэтае ўсё?» Затым пераступіў гэты голас парог, і маці прагаварыла: «Знаёмся, Сцяпан, гэта твой бацька…»

Сцяпан падышоў, паглядзеў на маленькі фотаздымак, які стаяў ля кветак, глянуў на свой.  І толькі тады працягнуў сваю руку бацьку, які не ведаў, як сябе ў такім выпадку паводзіць, што сказаць такое станоўчае, каб усе зразумелі, што не яго віна ва ўсім гэтым, а віною па-сапраўднаму з’яўляюцца тыя далёкія чарнобыльскія пралескі, якія не адным ім прынеслі горыч і пакуты ў чалавечым жыцці».

Святлана Ліпская.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: