Віншаванне са святам Вялікадня ад пробашча парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Фацімскай ксяндза Вінцэнта Віталіса Мышоны

0
661

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Алелюя!

Мінуў Вялікі пост, і мы сустракаем Уваскрослага Хрыста, пачуўшы Яго словы, якія ў дзень свайго Уваскрасення Ён сказаў сваім апосталам: «Спакой Вам!» (Лк 24,34). Гэты спакой каштаваў Хрысту страшных пакутаў і Крыжовай смерці. Аднак Ён не зводзіць з намі рахунак, толькі прагне, каб падараваная нам ласка не была адкінута і змарнавана. І таму Езус шукае тых, хто гэты спакой будзе здольны прыняць. Ён прагне, каб сэрца, да якога стукаецца і якое яшчэ чагосьці, магчыма, не разумее і нават баіцца, не было крывадушным і абыякавым. Каб  яно шанавала тое, што Бог зрабіў для яго збаўлення, і з павагай ставілася да кожнага знаку Яго міласэрнай Любові.

Хрыстос перамог зло і смерць і запрашае нас стаць удзельнікамі гэтай перамогі. Яго пустая магіла сведчыць пра тое, што няма такой сілы, якая магла б перакрэсліць Божыя намеры. Нават калі хтосьці спрабуе гэта рабіць, яму спадарожнічае малітва Хрыста: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23,34).

Дык будзьма паслядоўнікамі нашага Уваскрослага Настаўніка, каб разам з Ім мы станавіліся будаўнікамі Яго Валадарства ў нашай Краіне! Няхай святло Яго Уваскрасення разгоніць цемру духоўнай ночы і асвеціць нашыя розум і сэрца, каб мы вялі годнае жыццё тут, на зямлі, і гэтым праслаўлялі нашага Міласэрнага Айца ў Нябёсах!

Жадаю, дарагія вернікі, каб Уваскрослы Пан стаў крынiцай вашай радасцi, выразам якой з’яўляецца лiтургiчны заклiк: «Алелюя!» Няхай Езус-Пераможца будзе крынiцай надзеi i моцы, якая дазволiць нам адважна крочыць у гэтым свеце. Будзьма ж людзьмі велікоднай радасці! Святла і Божага спакою вам!

Пробашч Рымска-Каталіцкай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Фацімскай Ксёндз Вінцэнты Віталіс Мышона.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: