«Адбудаваў амаль што ўсе Лельчыцы»: каменшчык Валянцін Паўлечка распавёў аб сваёй працы

0
446

У нядзелю Лельчыцы адзначаюць Дзень будаўніка. У нашым райцэнтры ёсць дзеля гэтага ўсе падставы. Тут дзейнічае шэраг будаўнічых прадпрыемстваў, якія выконваюць самыя рознабаковыя віды работ. Сярод самых маштабных лічыцца ўзвядзенне шматкватэрных дамоў, колькасць якіх за апошні час значна ўзрасла. З’явіліся новыя мікрараёны. Яны гарманічна ўпісаліся ў гарадскі дызайн і сталі яго неад’емнай часткай.

Новыя ўтульныя шматпавярхоўкі працягваюць будавацца. Нядаўна наш фотакарэспандэнт пабываў у мікрараёне, дзе працаўнікі ПМК-103  узводзілі пяціпавярхоўку на 40 кватэр. Тут працуе каменшчыкам Валянцін Паўлечка. З будаўніцтвам звязанае амаль што ўсё ягонае жыццё. У ПМК-103  яго прывяла матуля, тут ён пазнаёміўся са сваёй жонкай, з якой зараз выхоўвае дваіх дачок. 

— Ужо 17 гадоў працую. Адбудаваў амаль што ўсе Лельчыцы, — зазначае суразмоўца ў гутарцы з «СЖ» і  прызнаецца: да яго рук належыць кірпічная кладка многіх дамоў каля «Еўраопта», каля гімназіі, шэраг аднакватэрных катэджаў у сельгаспрадпрыемствах.

Нярэдка выязджае ў складзе сваёй брыгады каменшчыкаў Валянцін Паўлечка ў камандзіроўкі, бо лельчыцкая ПМК-103 часта з’яўляецца падрадчыкам знакавых аб’ектаў за межамі раёна і вобласці. Сярод іх — будаўніцтва  на пачатковым этапе Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», шматкватэрнага дома ў Старых Дарогах Мінскай вобласці.

Нядаўна будаўнікі вярнуліся з Ляскавіч Петрыкаўскага раёна, дзе дапамагалі на ўзвядзенні дома на 24 кватэры.

—Дабудавалі да канца — і да сваёй хаты. Бо асабісты дом — ён для мяне самы ўтульны і доўгачаканы. Гэта мая сям’я, родныя і блізкія майму сэрцу людзі. Калі доўга бываю ў камандзіроўках, то пачынаю па ім сумаваць, — падзяліўся Валянцін Рыгоравіч.

Для будаўнікоў на аб’екце створаны ўмовы працы і адпачынку. Дзеля асабістых рэчаў устаноўлены бытавыя вагончыкі, ёсць альтанка каб схавацца ад сонцапёку, заўсёды пад рукой сцюдзёная вада, якую будаўнікі набіраюць у пластыкавыя бутэлькі.

У час нашага знаходжання на аб’екце давялося пабываць на самым высокім паверсе. Менавіта тут Валянцін Паўлечка рабіў сваю кладку. Заканчвалі пяты, апошні паверх. На ніжніх паступова да сваёй справы ўжо прыступілі штукатуры. Добра ўжо выкрэсліваліся контуры кватэр з раздзельным санвузлом, шырокімі вокнамі, прасторныя. Па ўсім відаць, што хутка тут абавязкова паселіцца шчасце.

Плануецца, што ў эксплуатацыю дом будзе здадзены праз некалькі месяцаў.

А ўсяго за 5 гадоў у Лельчыцкім раёне сданы ў эксплуатацыю каля 300 новых кватэр.

Канстанцін Кавалёў.

Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: