У наш час бясконцы паток навін льецца з’едлівымі кроплямі кідкіх падзей. Немагчымыя яшчэ некалькі гадоў назад загалоўкі быццам спаборнічаюць адзін з другім — хто самы смелы і радыкальны.

І не мае значэння: ці ты сочыш за тым, што мяняецца ў свеце, ці проста стараешся думаць аб сваёй сям’і і блізкіх, адчуванне трывогі не пакідае. Здаецца, што думаючыя і сур’ёзныя людзі на планеце ўсе разам кудысьці зніклі, пакінуўшы прастору любіцелям яркіх небяспечных рашэнняў, якія з лёгкасцю жангліруюць лёсамі нацый і кантынентаў.

Але апраўдаць давер і вярнуць тое, што табе даверылі на пэўны час, — вельмі важна для твайго гонару. Мы можам, канечне, карыстацца такім чынам многім, карысным для сябе, толькі павінны праяўляць свядомасць і сумленнасць.

Ды часам забываем аб тым, што нясём адказнасць за адзіную ў сваім родзе крыніцу жыцця для будучых пакаленняў, якой мы не валодаем і якую павінны захаваць і перадаць далей. Гэта наша планета Зямля.

А каб я магла напісаць гэтыя радкі, мільёны людзей папярэдніх пакаленняў унеслі свой уклад. І кожны з нас уяўляе самае апошняе і актуальнае звяно свайго вялікага і доўгага роду. Хаця мы мяняемся з цягам часу, мяняюцца прозвішчы, вёскі і гарады. Людзі ваявалі і мірыліся, шукалі лякарствы ад новых хваробаў (прыклад у наш час — пандэмія з яе каранавірусам) і рухаліся наперад, робячы часам немагчымае, вучылі дзяцей, здзейснівалі адкрыцці, планавалі будучае. Разумелі, што ўсё, што яны робяць, будзе маць сэнс у тым выпадку, калі можна будзе перадаць гэта наперад, будучым пакаленням. Гэта значыць тым мільярдам людзей, якія будуць жыць следам за імі.

Тэхналогіі і прагрэс так хутка рухаюцца наперад, што можна ўявіць чалавека гаспадаром Зямлі. Яму пакарыліся і акіяны, і космас. Але не пакарыліся эмоцыі і амбіцыі, якія могуць прывесці зусім не туды, дзе знаходзяцца мары нашых продкаў.

Таму патрэбна ўспомніць адзін важны прынцып: калі штосьці атрымаў ад папярэдніх пакаленняў, дык ты не гаспадар. Ты — захавальнік. Кожны з нас і ўсе разам мы адказваем за тое, што мільярды нашых продкаў жылі не дарэмна. Няма якіхсьці спецыяльных людзей на планеце, каб падабралі за намі смецце. Няма тых, хто за нас здолее прыпыніць канфлікты і войны, ліквідаваць беднасць, забяспечыць чыстай вадой, ежай і чыстым паветрам. Нам даверылі на некаторы перыяд патрымаць самае лепшае, што ёсць у Сусвеце — планету Зямля. А значыць, любы ўчынак кожнага з нас мае значэнне, і ён вельмі важны.

Іншы раз штосьці здаецца вельмі значным і неабходным менавіта ў гэты момант. А агульнае нацыянальнае напружанне так падштурхоўвае да рашучых дзеянняў. Тады варта ўспомніць адну вельмі мудрую параду: прымаючы любое рашэнне, пастарайся зразумець, ці спадабаецца яно сямі пакаленням, што жылі да нас. Калі думаеш у перспектыве — усё мае іншы выгляд. Іншыя каштоўнасці і прыярытэты. Як кажуць, няма сэнсу быць самым моцнам на караблі, які вось-вось патоне. Важна іншае: ці зможам мы перадаць каштоўнасць, што захоўваем, наступнаму пакаленню трошкі лепшай, чым атрымалі самі. Што мы зрабілі для гэтага? Чаму навучылі сваіх дзяцей і які прыклад пакажам ім сёння?

Спакойныя і адказныя захавальнікі ўсяго на зямлі — вось хто будзе героем для будучых пакаленняў. Вось якімі мы павінны быць.

Я хачу заклікаць кожнага, хто прачытае гэты артыкул, падумаць і выказаць сваё меркаванне наконт таго, як стаць лепшымі, зберагчы і дастойна перадаць будучым пакаленням гэту значную каштоўнасць — планету Зямля.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА, г. п. Лельчыцы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: