Праца Алены Неўмяржыцкай — прыносіць свежыя навіны

0
78

У час нашага знаёмства з паштальёнам Лельчыцкага гарадскога аддзялення паштовай сувязі №1, Лельчыцкага ўчастка паштовай сувязі Аленай Неўмяржыцкай яна складвала свежую карэспандэнцыю ў сваю вялікую сумку. Праз некалькі гадзін пасля сартыроўкі накіроўваецца на свой участак. Яе маршрут — 16 вуліц і 6 арганізацый рознай уласнасці.

Нарадзілася Алена ў вёсцы Дуброва, што ў некалькіх кіламетрах ад райцэнтра. З цягам часу пераехала ў Лельчыцы, дзе сустрэла свайго мужа. І вось ужо 30 гадоў Алена працуе паштальёнам.

— З дзяцінства марыла разносіць па дамах пошту. памятаю, як у нас у вёсцы паштальёнка працавала, і мне здавалася, што змагу справіцца так і я. Вось і апынулася ў прафесіі, якой верная  дагэтуль, — распавяла карэспандэнту «СЖ» Алена Неўмяржыцкая.

Няпросты труд паштальёна, але ж галоўнае  — працаваць сумленна, тады і людзі будуць адносіцца ветліва. Паштальёнка лічыць, што яе прафесія вучыць быць дысцыплінаванай, адказнай. З гадамі прафесіянальныя навыкі дапамагаюць правільна размеркаваць час, каб своечасова выканаць абавязкі.

Важным нягалосным правілам застаюцца адносіны з жыхарамі райцэнтра — яны абавязкова павінны быць ветлівымі. Людзі пажылога ўзросту заўсёды чакаюць менавіта іх,  бо сустрэчы з паштальёнам — гэта больш, чым проста атрыманне пенсіі ці пэўнага віду тавару. Гэта яшчэ і магчымасць пагутарыць.

— Людзі чакаюць нас і любяць за жыццё пагаварыць, пытаюцца пра навіны. справа не толькі ў пенсіі, — дзеліцца Алена Неўмяржыцкая.

Ну, а заставацца ў добрай форме і настроі паштальёнцы дапамагае пастаянны рух. Карэспандэнцыю яна развозіць на веласіпедзе, бывае калі, што і пешшу. Плюс заўсёды свежае паветра. Усё гэта разам спрыяе добраму здароўю і адчуванню, плённай працы.

Напрыканцы нашай сустрэчы спытаў у Алены Неўмяржыцкай, у якім накірунку яна бачыць далейшае развіццё перыёдыкі. І вось які адказ атрымаў:

— Зараз актыўна ідзе падпісная кампанія на перыядычныя выданні. Насельніцтва з задавальненнем выпісвае раёнку, бо хоча ведаць навіны. Гэта любімая газета старэйшага пакалення. Хаця зараз і век высокіх тэхналогій, але ж, на маю думку, друкаваныя выданні не заменіць ніякая электроніка, бо папяровы носьбіт больш зручнейшы. У руках трымаеш  і добра бачыш, што чытаеш. газеты яшчэ будуць доўга хадзіць.

Канстанцін КАВАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: