Дзякуй дзеду за Перамогу

0
115

Пра свайго дзядулю Мікіту Канановіча з Глушкавічаў збіраўся напісаць даўно. Але ж усё ніяк не атрымлівалася. І вось у рэшце рэшт лічу, што настаў час.

Свята Вялікай Перамогі — выдатная нагода згадаць тых блізкіх, хто быў у ліку Чырвонай Арміі.

Мой дзед Мікіта Канановіч адзін з тых тысячаў, каму мы аддаём даніну памяці, хто знаходзіўся на фронце і змагаўся за незалежнасць Радзімы. Мужны і адважны артылерыст пачынаў ваяваць у Расіі і дайшоў аж да Балгарыі. Там і сустрэў Вялікую Перамогу. У дзядулі шэраг наград, няпросты і цікавы ваенны лёс, аб якім, лічу неабходным распавясці падрабязней.

Каб даведацца пра баявы шлях свайго дзядулі, прыйшлося правясці невялічкае даследаванне. Узнавіць карціну часу 80-гадовай даўніны дапамаглі родзічы і кампетэнтныя спецыялісты.

У Лельчыцкім ваенным камісарыяце згадзіліся паведаміць дадзеныя пра майго дзеда. Паслужны спіс даволі багаты.

— Прызваны ў армію Мікіта Андрэевіч 22 ліпеня 1941 года Лельчыцкім ваенкаматам, — распавёў ваенны камісар Лельчыцкага раённага камісарыяту Барыс Журовіч.  — Спачатку Мікіта Андрэевіч па снежань 1941 года быў курсантам 23-га запаснога палка. Далей на працягу года — па снежань 1942, служыў у 290-й асобнай зенітнай дывізіі — камандзірам. Затым была 102-я танкавая брыгада — камандзірам аддзялення сувязі. Там ён праслужыў са снежня 1942 па студзень 1943 года, затым — камандзірам 76-міліметровай зброі ў 333-м запасным стралковым палку — са студзеня па красавік 1943.  Далей па жнівень 1943 года ў складзе 1-й механізаванай брыгады — камандзірам аддзялення сувязі. Па снежань 1944 года Мікіта Андрэевіч служыць у 268-м стралковым палку наводчыкам зброі —  76 міліметровай. Праз некаторы час наводчыкам той жа зброі 580-га стралковага палка — па снежань 1946 года. Мікіта Андрэевіч быў вельмі адважны  — прайшоў усю вайну.

З дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў адсачылі баявы шлях па мясцовасцях, дзе знаходзілася па даце тая ці іншая вайсковая часць, у складзе якой знаходзіўся Мікіта Андрэевіч. Вось якой франтавой дарогай ішоў мой дзед: Калужская, Белгародская, Харкаўская вобласці, Латвія — Лубана, баі на рацэ Мемеле, Бауска, Іецава, бліз сяла Аўгусце. Франтавыя дарогі прывялі аж у Балгарыю: Ямбальская і Слівенская вобласці.

Па ўспамінах родных, Мікіта Андрэевіч папаў у акружэнне, цудам выжыў. Асабіста ён аб гэтым распаўсюджвацца вельмі не любіў, таму аб гэтым факце з ягонай біяграфіі мала вядома. У Мікіты Андрэевіча пасля вайны засталіся шрамы на целе. Ён быў ранены, знаходзіўся ў шпіталі каля Ленінграда. Ужо па факту ранення, у Мазырскім МРЭК атрымаў інваліднасць першай групы і яму была прызначана павышаная пенсія.

Па дадзеным райваенкамата найменне воінска-ўліковай спецыяльнасці дзеда — артылерыст 85-міліметровых гармат, 122 і 152-міліметровых гаўбіц, наводчык. Па званню радавы.

Былая працаўніца райваенкамата, з якой давялося пагутарыць у працэсе падрыхтоўкі матэрыялу, Ніна Субаш заўважае:

— Хто такі артылерыст? Пушкар — бог вайны. Артылерыя  была самай галоўнай. Там, дзе яна праходзіла — ішла зачыстка мясцовасці. Затым ідуць стралкі. Так што артылерысты  — сур’ёзныя войскі.

Асобным абзацам трэба сказаць пра зброі, якія значацца ў вайсковым білеце Мікіты Андрэевіча. Былы камандзір 1199 рэактыўнага артпалка (Пружаны), а зараз выкладчык кафедры тактыкі Ваеннай акадэміі Беларусі Віктар Колабаў распавёў пра зброю:

— У артылерыі наводчык — ключавая пасада. Уся работа старэйшых камандзіраў — ад тых, хто прымае рашэнне на паражэнне, да тых, хто ставіць задачу і хто лічыць дадзеныя — усё ў канчатковым выніку замыкаецца на дакладнай рабоце наводчыка. Артзброя вядзе стральбу з адкрытых баявых пазіцый, калі наводчык не бачыць мэты, а толькі ўсталёўвае на прыцэльныя прыстасаванні велічыні, якія яму загадалі — прыцэл, узровень і вугламер. У гэтым выпадку дакладнасць вядзення агню бу-дзе залежаць ад дакладнасці яго работы. Другі метад — агонь прамой наводкай. Гэта самае небяспечнае, агнявая дуэль. Калі наводчык бачыць цэль на полі боя і непасрэдна прыцэльнае прыстасаванне сваёй зброі візіруе ў аб’ект знішчэння. Пры гэтым вораг таксама бачыць яе і імкнецца знішчыць.

Мікіта Андрэевіч з вайны дадому ў Глушкавічы вярнуўся зусім нечакана, бо ніхто не ведаў пра яго ніякай інфармацыі. (Нават, што памылкова значыўся ў спісах загінуўшых пад Харкавым). Як гэта адбылося, мой дзядзька Аляксандр успамінае. Яму распавяла мая прабабуля — маці Мікіты Андрэевіча Таццяна:

— У канцы 1946 года бацька вярнуўся дадому. Заходзіць у хату мужчына. Высокі, у вайсковай форме. «Ці пазнаеш мяне, матуля?», спытаў Мікіта. Бабуля як паглядзела, спужалася і нават страціла прытомнасць, толькі потым апрытомела. Пазнала сына не адразу.

Калі яна аб гэтым моманце распавядала, то слёзы на яе вачах наварачваліся.

Прайшло больш як пяць гадоў, маці не бачыла свайго сына, крывінку  і не ведала, ці жывы. Тым больш, што пошта да 1945 года не працавала. Аніякіх звестак не было, ніхто не ведаў, што з ім.

Пасля вяртання з фронту дадому Мікіта Андрэевіч ажаніўся. Узяў сабе ў гаспадыні адну з самых прыгожых дзяўчын у акрузе 25-гадовую Анастасію Калесную з Прыбалавічаў. Камсамолка і граматная дзяўчына. Працавала пасля вайны настаўніцай у школе. Многія з хлапцоў марылі аб ёй. Але ж дасталася гэтая палесская прыгажуня майму дзеду. Паўтары гады дабіваўся яе рукі і сэрца.

Не адштурхнула дзеда нават і тое, што ў Анастасіі было немаўля чатырохгадовы хлопец Іван.

 Бацькі былі супраць іхніх сустрэч і казалі, што яны разам не пара: «Табе трэба гэтая настаўніца знойдзеш яшчэ сабе пакорлівую дзеўку». А Мікіта Андрэевіч жа пайшоў наперакор бацькам. Бо вельмі прыгожая была Настасся. Ён быў моцна закаханы і ажаніўся на ёй у 1948 годзе.

З Анастасіяй Фядосаўнай Мікіта Андрэевіч нарадзілі і выхвалі акрамя Івана яшчэ чацвёра дзяцей. Адна з іх мая матуля Ларыса. Таксама гэта дзядзькі Фядось, Аляксандр і цётка Валянціна. Усе яны, як кажуць, выбіліся ў людзі і стварылі ўжо ўласныя сем’і.

Чаму пайшла мая бабуля за дзеда? Бо ён гаспадларлівы і мужны, статны і вельмі адданы сваёй справе. Заўсёды ішоў да апошняга, да пабеднага. Пра такіх кажуць майстар на ўсе рукі. А сіл столькі што дрэвы ў лесе мог цягаць і варочаць. Добра памятаю, што ўсе хатнія дрывотні ў Прыбалавічах а іх было пяць ці шэсць заўжды займалі дровы. Запасы на пяць гадоў уперад. Пры гэтым паленцы былі сухімі.

Успамінае родны дзядзька Саша:

Сам піліў і грузіў дровы. Здаровы дзядька. Па меркам першай паловы XX века быў высокі і рослы 1 метр 80  сантыметраў. Усё мог рабіць па гападарцы. Будаваў адрыну, сцёпку, баню, калодзеж выкапаў. Садзіў і апрацоўваў бульбу. У адных Глушкавічах было каля 20 сотак зямлі.

Умела, па словах Аляксандра, ладзіў Мікіта Андрэевіч з касою:

Вельмі моцны быў касец  за ім ніхто не мог управіцца. Раней на пакосы выходзіў не адзін чалавек а ў рад станавіліся бо луг быў шырокі. Пяткі касца, што ішоў наперадзе мог падрэзаць задні. Таму заўсёды пярэдні касец павінен працаваць хутка, як кажуць, варушыцца і рабіць гэта моцна, шырка.

Пра гаспадарлівасць майго дзядулі асабіста напамінае тое, як жыве зараз Адам Канановіч родны ягоны брат у Глушкавічах. Бо ўсе ж мы родзічы і, лічу, што многія якасці перадаюцца на генным узроўні. Трымае трактар, з дзясятак розных сельгаспадарчых прыстасаванняў да яго, легкавы аўто. Апрацоўвае 40 гектараў зямлі, гадуе гаспадарку. Раней яна была значна большая, але ж здароў не дазваляе. 77-гадовы Адам Канановіч дапамагае бацюшку царквы ў Глушкавічах. Адам Мікітавіч адзіны, хто з сям’і Мікіты Андрэевіча застаўся ў жывых.

—Мой брат быў спакойны па характару. Але ж, калі зачэпіш — то мог што і ўтварыць, моц і сілу сваю паказаць, — успамінае Адам Мікітавіч.  — А гаспадар ён быў неблагі, як і патрабуецца ў вёсцы.

Да вайны Мікіта Андрээвіч скончыў 7 класаў, а ў 1967 годзе падвучыўся скочныў 11 у Глушкавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе сельскай моладзі, што на той момант прыраўнівалася да вышэйшай адукацыі. Працаваў падрыўніком у Палесскім хімлясгасе рвалі пні на месцы спіленых дрэваў. Затым перайшоў у школу ўлікаводам, пасля была праца у калагасе «Држба». У лютым 1964 года ўступіў у КПСС камуністычную партыю Савецкага Саюза. Да гэтага з 1939 па 1946 год знаходзіўся ва УЛКСМ.

Не стала Мікіты Андрээвіча ў 1998 годзе, а нарадзіўся ён у 1922 годзе, пражыўшы дастойнае жыццё.

Бацькі Мікіты Андрээвіча усё жыццё адпрацавалі ў калгасе. Маці Таццяна Максімаўна працавала паляводам, на праполцы, севе, жніве. Раней не было такіх шматфункцыянальных камбайнаў, таму паляводчыя брыгады з’яўляліся апорай. Бацька Андрэй Кандратавіч працаваў у калгасе возчыкам атрымліваў нарады ад брыгадзіра і выконваў іх. Працаваў на валах і конях, якія былі асноўнай цяглавай сілай. Тэхнікі амаль не было. У Глушкавічах пасля вайны было некалькі аўтамабіляў і трактараў і тыя гусенічныя.

Канстанцін КАВАЛЁЎ
НА ЗДЫМКАХ: Мікіта КАНАНОВІЧ у 1946 годзе; Разам з жокай Настассяй Фядосаўнай.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: