Апошні прытулак лейтэнанта Жолудзева

0
186

Гэта было ў жніўні 1942 года. На фронце ішлі жорсткія баі з немцамі, а ў жыхароў нашай вёскі жыццё ішло сваёй чаргой. Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі знаходзіліся акупанты, рабілі драўляны мост на Кавыжаў у бок Жмурнага.

Была ўжо другая палова дня, калі ў вёску прыйшлі 10 партызанаў. На ўездзе ў Грабяні паставілі кулямёт і пакінулі з ім аднаго вайскоўца (як потым аказалася, гэта быў кадравы афіцэр, лейтэнант Іван Жолудзеў), а самі накіраваліся пракантраляваць выхад на дарогу ў стадоліцкім напрамку, што непадалёку ад цяперашняга ФАПа. Яшчэ праз некаторы час у вёску ўехала падвода з рабочымі, што будавалі мост. Паставы прапусціў, а сам пайшоў сабраць трохі тытуню, што рос недалёка ў агародзе дзеда Ласкі. І тут праз некалькі хвілін з’явілася другая падвода, на якой ехалі немцы. Спачатку паставы, відаць, прыняў іх за сваіх, такіх жа рабочых, і не вельмі паспяшаў да кулямёта. Калі ж разабраўся, то дабегчы да яго не паспеў: адзін з немцаў узяў аўтамат і забіў вайскоўца. Пачуўшы стрэл, з’явіліся партызаны. Завязаўся бой.

Хата бацькоў Марыі Антонаўны Івашкевіч, якая расказала мне гэтую даволі цікавую гісторыю, знаходзілася блізка ад месца сутычкі партызанаў з немцамі. У той час пяцігадовая дзяўчынка да драбніц помніла, як усё адбывалася (такое забыць нельга), магла таксама трапіць пад кулю, але пашанцавала. Толькі адышла ад расчыненых дзвярэй, як у праёме з’явіўся суседскі дзесяцігадовы хлопец Адам — сын Ганны Цалка. У яго і трапіла тая шалёная куля. На агародзе паранілі ў руку брата Апанаса і маці Мальвіну — у нагу.

— Калі перастрэлка сціхла, — расказвала Марыя Антонаўна, — немцы зайшлі ў хату. Адзін з іх на ломанай рускай мове спытаў, паказваючы на забітага Адама, ці не партызан ён. Мы адказалі, што не, маўляў, калі не верыце, то спытайце аднавяскоўцаў. Адыходзячы, немцы забралі з сабою параненага брата Апанаса. Потым ён вярнуўся дадому з перабінтаванай рукой. Яшчэ немцы наказалі ўсім, каб забітага салдата не хавалі на могілках. Калі прыйшоў бацька Антон, якога на той час, калі ішоў бой, не было дома, салдата пахавалі непадалёку ад могілак за вёскай.

У 1943-м годзе ўсю сям’ю, у якой жыла Марыя Антонаўна, выгналі ў Германію. Працавалі ў баўэра. Вярнуліся адтуль у 1946-м.

Ішлі гады. Недзе ў 50-х гадах на лесанарыхтоўках ля Грабянёў працавалі салдаты. Яны і перавезлі цела Івана Жолудзева на мясцовыя могілкі. Зрабілі там памятны знак і агароджу. Вучні мясцовай школы, дырэктарам якой тады быў Мацвей Данілавіч Некрашэвіч, наладзілі перапіску з роднымі Івана Жолудзева. У канцы 70-х гадоў у школу прыязджала яго сястра з Віцебска. Яна пакінула фотаздымак брата, расказала пра дзяцінства і юнацтва Івана Мікалаевіча. Нарадзіўся і жыў Іван Жолудзеў у Ленінградзе (зараз Санкт-Пецярбург). Пасля школы скончыў педінстытут, працаваў настаўнікам, загадчыкам аддзела адукацыі. Сеяў разумнае, добрае, вечнае…

У час вайны ваяваў у танкавым батальёне ў званні лейтэнанта. Аднойчы часць трапіла ў акружэнне. Пасля ўпартага бою з немцамі, з некалькімі салдатамі вырваўся з варожага кальца, трапіў да партызан, што былі на тэрыторыі нашага Лельчыцкага раёна.

Да 65-годдзя Вялікай Перамогі быў заказаны і ўстаноўлены на помнік Івану Жолудзеву медальён з партрэтам. За магілай наглядаюць мясцовыя жыхары. Імем Івана Жолудзева названа адна з вуліц нашай вёскі. Побач з яго помнікам знаходзіцца магіла партызанкі Марыі Лапета.

Іван Леўкавец, в. Грабяні

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: