У жыцці часта бывае так, што жывеш побач з чалавекам, здаецца  і ведаеш яго добра. А мінае шмат гадоў, чалавека таго, можа, ужо і няма побач, а ты ў адзін момант разумееш, што і не ведаў толкам пра яго амаль нічога.

З дзяцінства ведала Сцяпана Пятровіча Стафейчука — дзядзьку Сцяпана, бо жылі недалёка. І толькі неяк выпадкова  даведалася, што добрую частку свайго жыцця пражыла побач з героем працы — Чалавекам зямлі. Самым сапраўдным ардэнаносцам.

Дзяцінства,апаленае вайной

Нарадзіўся Сцяпан Пятровіч 25 верасня  1941 года. А ўжо ў снежні 1942-га маці з гадавалым Сцяпанкам пакідала родную хату. Яна  ўцякала ад фашыстаў  халоднай ноччу ў выратавальны лес, каб не загінуць самой і захаваць жыццё свайму сыночку. Нам зараз і ўявіць страшна, як гэта зімой можна выжыць у лесе, ды яшчэ з такою малечай на руках. Цяжка. Вельмі, вельмі цяжка.

Нялёгка было пасля вайны аднаўляць спаленую датла вёску. Але працавітасць — адна з найлепшых якасцяў кожнага беларуса — была ў пашане і ў сям’і Пятра Стафейчука. Сцяпан Пятровіч сярод трох сыноў быў старэйшым. Скончыў Глушкавіцкую сямігодку і атрымаў правы трактарыста. Пачаў  працаваць у мясцовым калгасе «Перамога» на  трактары «ДТ-74». А пасля прыйшла пара аддаць Радзіме свой воінскі абавязак — ісці ў армію. Службу Сцяпан Пятровіч праходзіў у пагранічных войсках горада-героя Адэсы.

Сям’я любімая, родная

Вярнуўся са службы ў 1967 годзе. Дома яго чакалі маладая жонка Анастасія Сяргееўна з маленькім сынам Сяргейкам. Таму адразу Сцяпан Пятровіч вярнуўся на ранейшае месца працы. У тыя гады, прафесія трактарыста была самай папулярнай, асабліва сярод моладзі і лічылася вельмі ганаровай.  Жыццё  ішло сваёй чаргой. Пабудавалі ўласную хату, абзавяліся гаспадаркай. А як жа інакш? Акрамя старэйшага сына падрасталі дочкі — Лідзія і Вера, ды сын Уладзімір.

Будні без святочных дзён

З самага ранку і да позняй ночы працаваў Сцяпан Пятровіч на сваім трактары (з гадамі мянялася марка трактара, але ён быў менавіта «свой»). Араў, сеяў, касіў, перавозіў  сена, зерне. Можна пералічваць яшчэ і яшчэ. Рабочая змена трактарыста пачыналася з усходам сонца і заканчвалася тады, калі апошні сонечны прамень хаваўся за лесам. Ранні дамашні сняданак, на абед толькі 15 хвілін — таму да прыезду мужа ён ужо стаіць на стале  (заўсёды свежы, толькі з печы— астывае, каб не быў гарачы). Позняя вясковая вячэра — усё гэта прыгатавана любімай жонкай, з якой жылі ў поўнай згодзе. А заўтра зноў пачнецца рабочы дзень, нягледзячы на тое, што на календары чырвоная нядзеля.

Заслужаныя ўзнагароды

Сцяпан Пятровіч быў з той катэгорыі людзей, якія заўсёды ідуць наперадзе іншых, вядуць за сабой калег, вучаць маладых. А інакш да працы адносіцца не  дазваляла сумленне Чалавека зямлі. За шматгадовую добрасумленную працу Сцяпан Пятровіч Стафейчук часта быў удзельнікам разнастайных нарад, злётаў, выстаў сельскай гаспадаркі. Яго праца адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі, знакамі Пераможцы сацыялістычных спаборніцтваў  і каштоўнымі падарункамі.  Захоўваецца ў сямейным архіве і бронзавы медаль «За дасягненне поспехаў у развіцці народнай гаспадаркі СССР», уручаны ў 1987 годзе. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 14 лютага 1975 года быў узнагароджаны ордэнам  Працоўнай Славы ІІІ ступені, а 6 верасня 1984 года — ордэнам Працоўнай Славы ІІ ступені. Гэта адзіны з савецкіх ордэнаў, які ўручаўся за выдатную працу і меў тры ступені. Дакументы на ўзнагароджанне ордэнам  І ступені ўжо рыхтаваліся, але пазней адбыліся тыя падзеі, якія змянілі ход гісторыі краіны.

Дарэчы адзначу, што поўны кавалер усіх трох ступеняў ордэна Працоўнай славы адпавядаў баявому ордэну Славы.

Для падрастаючага пакалення

Працягваюцца летнія канікулы. Але хлопчыкі і дзяўчынкі аграгарадка Глушкавічы з задавальненнем наведваюць летнюю аздараўленчую пляцоўку, якая працуе пры сярэдняй школе, дзе з інтарэсам праводзяць свой вольны час.

6 ліпеня была арганізавана сустрэча з дачкой Сцяпана Стафейчука —Верай Сцяпанаўнай Шкудун. Такім чынам, дзеці даведаліся пра свайго земляка-ардэнаносца. Атрымалі адказы на пытанні, якія іх зацікавілі. А самае галоўнае гэта тое, што хлопцы ўсвядомілі, што праца трактарыста, земляроба, хлебароба, жывёлавода і даяркі — цяжкая, але ганаровая. Не можам мы абысціся без людзей гэтых прафесій.

Успаміны дачкі

— Заўсёды спакойны, памяркоўны, дабрадушны. Ніколі ў жыцці не чула я ад яго дрэннага слова. Выслухае, растлумачыць, супакоіць так, што ўсе праблемы адразу становяцца проста вырашальнымі. Калі неабходна была дапамога — заўсёды ішла да бацькі, — расказвае малодшая дачка Вера.

— Ён пайшоў на заслужаны адпачынак, але без справы не сядзеў. У гаспадарцы з’явіўся яшчэ і конь Орлік. Улетку, кожную нядзелю, дзядуля Сцяпан садзіў унукаў на воз і вёз на рэчку. Бачыць радасныя ўсмешкі падрастаючых унукаў — гэта і было для яго сапраўдным шчасцем.

Я жадаю вам, дзеткі, расці здаровымі і пакінуць на гэтай зямлі толькі  добры след сваёй працы, — сказала на развітанне Вера Сцяпанаўна.

Таццяна КОВАЛЬ,
арганізатар сустрэчы, настаўнік
пачатковых класаў Глушкавіцкай сярэдняй школы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: