Аграрыі раёна ўзялі неблагі тэмп жатвы. І зараз важна не зніжаць абароты, бо надышла такая пара, калі кожны дзень год корміць. Для гэтага патрэбна не толькі своечасова абмалаціць кожны колас, але і зберагчы яго. Мы адправіліся на палеткі адной з лідзіруючых гаспадарак раёна і паназіралі, як у ёй праходзіць жніво. Больш падрабязна аб гэтым ― у фотарэпартажы «СЖ».

Усе камбайны, што выйшлі малаціць зерне ў ААТ «Сінпольскае», ― айчыннай вытворчасці. Давялося застаць іх побач з Буйнавічамі. Прыбіралі ўчасткі азімага жыта. Побач на ўскрайку поля чакалі самазвалы. Загружаліся ― і на збожжаток, дасушваць ураджай. У той дзень у гаспадарцы якраз скончылі прыбіраць зерне на дзяржзаказ і пачалі малаціць на фураж.

Дырэктар Іван Шукаловіч таксама ў полі. Выспеўшыя палеткі ― гэта яго працоўны кабінет на бліжэйшыя два-тры тыдні. У гутарцы з карэспандэнтам «СЖ» ён падзяліўся:

 ― Зараз мы зарабляем грошы, бо ад збожжаўборкі залежыць наша выручка. І скажу, што ў гаспадарцы хапае кадраў, тэхнікі, каб правесці жніво своечасова. Для механізатараў падвозяцца абеды і вячэры ў поле, у кабінах кандыцыянеры. А самыя лепшыя ўчасткі збожжа ў хлебаробаў яшчэ наперадзе.

На збожжатаку, што ў Сінпольскім, збожжа сушаць, варушаць. Малайцы, спраўляюцца браты ― рабочыя Сяргей і Аляксандр Шкробат. Побач на пляцоўцы, пад самым палёным сонцам, таксама працуе Алёна Лісіцкая. Да пастаўленых задач ставіцца  адказна. Хаця чалавек сама па сабе сціплы.

Загадчыца збожжатока Алёна Гвоздзь распавядае пра падначаленую:

― У Алёны тут родная гаспадарка, блізкі калектыў. Калі перасялілася ў Лельчыцы на пастаяннае месца жыхарства ― сваю справу не пакінула. Едзіць сюды  з райцэнтра. Тут можна зарабіць неблагія грошы, чаму кідаць?

Увогуле ў аграрыяў ААТ «Сінпольскае» настрой на збожжаўборку аптымістычны. Нягледзячы нават на тое, што апошнія дні ліў дождж. Нацэлены перашагнуць мінулагодні валавы намалот. Усяго ж неабходна прыбраць больш за 1 600 гекатараў зернавых. Пасеяны такія культуры, як жыта, авёс, трыцікале, ячмень, пшаніца.

Пажадаем нашым аграрыям поспехаў і ўдачы.

 

 

 

Тэкст і фота Канстанціна КАВАЛЁВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: