Я павінен быў адпомсціць…

0
65

Мацвея Некрашэвіча, студэнта Мазырскага педвучылішча, вайна застала за падрыхтоўкай да апошняга экзамена. Паспяхова здаўшы яго, малады настаўнік увайшоў у школьны клас толькі праз пяць гадоў, бо ў ліпені 1941 года ў ліку добраахвотнікаў уступіў у рады Чырвонай Арміі. Нялёгкім быў шлях салдата ад Лельчыц да расійскага горада Ялец. Прайсці яго давялося пехатою, паўгалодным, пад перапыннымі бамбёжкамі і абстрэламі варожай авіяцыі.

Ад вынікаў бітвы пад тым самым Яльцом у многім залежаў далейшы лёс вайны. Каб знішчыць ворага, патрабавалася не толькі вялікае ваеннае майстэрства камандавання, але і гераізм простага салдата.

Удзельнікам гэтай бітвы быў і Мацвей Некрашэвіч. Там ён атрымаў першае баявое хрышчэнне. Потым баі з ворагам на іншых участках фронту. Але ў жніўні 1942 года ён атрымаў цяжкае раненне, і пасля працяглага  лячэння Мацвея прызналі годным да нестраявой службы, але салдат застаецца ў дзеючай арміі.

— Я не мог паступіць інакш, — расказваў Мацвей Данілавіч, — бо бачыў зверствы фашыстаў на акупіраванай тэрыторыі. Ад рук фашыстаў-акупантаў загінуў мой старэйшы брат і бацька. Я павінен быў адпомсціць…

Вайну наш зямляк завяршыў у складзе войск 2-га Украінскага фронта. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і 10 медалямі.

У канцы 1946 года Мацвей Данілавіч звольніўся з арміі. Яго накіравалі настаўнікам у родную школу. Праз год прызначаюць завучам, а ў 1953 годзе — дырэктарам. Са жніўня 1971 года Мацвей Данілавіч — дырэктар лельчыцкай сярэдняй школы №2. Сорак пяць гадоў жыцця аддаў ён любімай справе. Узнагароджаны граматамі Вярхоўнага Савета БССР, адукацыі, мае знак «Выдатнік народнай асветы СССР». Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета рэспублікі ў 1965 годзе Мацвею Данілавічу Некрашэвічу прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік школ БССР», у 1986 годзе ён атрымлівае нагрудны знак «Выдатнік асветы СССР».

Ганаровы грамадзянін Лельчыцкага раёна Мацвей Данілавіч неаднаразова абіраўся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. ён унёс значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага раёна.

Нарадзіўся Мацвей Данілавіч 23 снежня 1923 года ў вёсцы Грабяні. Мацвей Данілавіч перадаў мне папку «Матэрыялы па краязнаўству». Час ад часу я пераглядаю яе і расказваю людзям пра гэтага цудоўнага чалавека, які застаўся для нас чалавекам высокіх маральных якасцяў, адданым сваёй справе кіраўніком, верным сябрам.

Яго жыццёвы шлях і прафесійная дзейнасць з’яўляюцца прыкладам самаадданага служэння Радзіме, высокай адказнасці за даручаны ўчастак работы.

Мацвей Данілавіч Некрашэвіч, як многія іншыя, сеяў разумнае, добрае, вечнае. Памяць аб ім назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.

Іван Леўкавец, ветэран педагагічнай працы, в. Грабяні.

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: