Фядос Калесны (крайні справа) з мужам сястры Параскі Парфілам і яе братам Андрэем (Белым) у Прыбалавічах

Напярэдадні 3 ліпеня наша рубрыка «Векапомнае» атрымала працяг. Вайна ў першай палове мінулага стагоддзя аб’яднала, заставіла ўзяцца за рукі наш беларускі народ, каб супрацьстаяць карычневай чуме.

І ў тым, што людзі былі разам, рабілі агульную справу і знішчалі ворага, сутнасць нашага беларускага народнага яднання, што вельмі актуальна ў Год народнага адзінства. Агульнымі намаганнямі мы змаглі выстаяць і перамагчы. І сёння святкуем вызваленне. Подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны — ён векапомны.

У мінулы раз перад 9 мая мне давялося распавесці пра свайго дзядулю Мікіту Канановіча, які з баямі прайшоў у Вялікую Айчынную вайну ад Расіі да Балгарыі. Ён ажаніўся на 25-гадовай прыгажуні Настассі, узяў яе з маленькім дзіцём. У працяг свайго знаёмства з землякамі-родзічамі і задаўся пытаннем: як жылі сем’і маіх дзядулі і бабулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, да таго як сустрэліся, — у час акупацыі? Менавіта жыццю на шляху да вызвалення будзе прысвечана наступная частка публікацыі пад рубрыкай «Векапомнае».

У маіх родзічаў, што жылі і працягваюць жыць на Палессі, у Лельчыцкім раёне, цікавае і разнастайнае жыццё, якое цесна звязана з падзеямі, што адбываліся ў Беларусі ў канцы першай паловы мінулага стагоддзя. Лічу, што гэта патрабуе падрабязнага расповеда. Бо вызваленне гэта тое, чым мы жывём зараз. Даведацца, як яно здабывалася і праз што давялося прайсці, каб дажыць да гэтага часу, дапамогуць непасрэдныя сведкі тых момантаў, родныя.

Першая частка — пра тое, як выжыла ў час Вялікай Айчыннай вайны мая бабуля —  Анастасія Канановіч (Калесная) з Прыбалавічаў. Яна была цяжарная, у суседніх з нашым раёнам алеўскіх Капішчах нямецкі вайсковы яе высачыў і стрэліў. Жудасная гісторыя. Навесці прыцэл у жанчыну, ды яшчэ і цяжарную. Акупанты ў час вайны не шкадавалі нікога — ні дзяцей, ні жанчын, ні старых. Імкнуліся знішчыць усіх. Горкая праўда той страшнай вайны праз расповед аб маёй бабулі.

Настасся Фядосаўна з сястрой Любоўю з Мазыра

Анастасія Фядосаўна Калесная — настаўніца з Прыбалавічаў, нарадзілася ў 1922 годзе, памерла ў 2014-м. Да вайны скончыла педвучылішча ў Мазыры. Камсамолка, ганаровая настаўніца БССР працавала ў Глушкавічах.  Многія з яе вучняў альбо іх дзеці выбіліся, як кажуць, у людзі і займаюць высокія пасады. Напрыклад, бацька генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа — Іван, які сам з Глушкавічаў, вучыўся ў Анастасіі Фядосаўны. Загадчык Гомельскай абласной стаматалагічнай клінікі Васіль Бурым і заслужаны лесавод Беларусі Іван Зубрэй таксама з’яўляліся вучнямі маёй бабулі.

Бацька Насці — Фядос Ільіч Калесны з Прыбалавічаў (1891-1974 гг.) — ажаніўся на прыбалоўцы Параскі Акуліч (1891-1946 гг.). Яе матуляй з’яўляецца Юлія з Мілашавічаў, дачка пана Мікалая Булгака-Флёрава, што меў фальварак у ваколіцах Мілашавічаў. Пан Булгак меў зносіны з Аўдоццяй Гаўрыленка (1828 года нараджэння), якая працавала эканомкай у сядзібе Вясліднае. (Па дадзеных Нацыянальнага гістарычнага архіва, фонд 333, опіс № 9, справа 1064).

21-гадовы Фядос Калесны быў прызваны яшчэ ў царскую армію ў 1912 годзе. Хаця ўжо меў жонку Параску і маленькае дзіця — дачку Матруну, што нарадзілася ў 1911 годзе. Статны, русавалосы, блакітнавокі беларус атрымаў магчымасць служыць у адным з гвардзейскіх палкоў, непасрэдна падначаленым імператарскай сям’і.

Калі стаяў на варце, у час урачыстых мерапрыемстваў часта бачыў членаў імператарскай сям’і. Царскія гвардзейцы таксама ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, у тым ліку і Фядос Калесны. У адным з баёў ён трапіў у палон. Быў этапаваны ў Германію, дзе працаваў у фруктовым садзе. Пасля заключэння Брэсцкага міру, у 1919 годзе яго накіравалі дадому. Такім чынам сваю сям’ю пабачыў праз 7 гадоў.

У мірныя і міжваенныя часы нарадзілі з жонкай Параскай Акуліч яшчэ дзвюх дачок — Насцю Канановіч і Хіму Жукаву. Але мірны час не быў доўгім. 22 чэрвеня 1941 года Германія пачала вайну супраць СССР. Фядос Ільіч зноў стаў на абарону Айчыны, быў прызваны ў армію. Але ў пачатку 1942 года яго дэмабілізавалі, бо споўнілася 50 гадоў. Дабіраўся да роднай хаты праз франты, праз войны. Яго чакалі жонка, тры дачкі і ўнукі. Павінен быў бараніць сваю сям’ю і ад гэтай вайны.

Але ўжо дома. Стары салдат ведаў і ўмеў гэта рабіць. У 1942 годзе немцы распачалі карныя аперацыі супраць мірных жыхароў Беларусі. Лельчыцкі раён знішчаны да галавешак, вёскі былі спалены, жыхары, хто не ўцёк у лес — расстраляныя або спаленыя ў хатах ці адрынах.  У роднай вёсцы Прыбалавічы са шматлікіх пабудоў уцалела толькі царква Святой Багародзіцы. Таму, што ўцалела, дзівяцца людзі і па сённяшні дзень.

Сям’і Калесных пашчасціла. У 1942 годзе яны паспелі ўцячы з Прыбалавічаў, апынуцца ў лесе, усе жывыя і ў поўным зборы. Праз некаторы час, параіўшыся паміж сабою, дарослыя вырашылі падацца праз раку Убарць у суседнюю ўкраінскую вёску Капішча. Нешта ні чуваць было, каб там немцы планавалі нядобрае. Таму засталіся пажыць на кватэры. Знайшлі хату, засяліліся.

Па вёсцы Капішча немцы разгульвалі вольна. Фядос, стары салдат, разумеў германскую мову і крыху на ёй размаўляў. Ён вырашыў пайсці ў разведку і дапытацца ў немцаў, што і як. І адзін з нямецкіх вайсковых быў адкрыты з ім. Вёску Капішча, як і Прыбалавічы, будуць хутка паліць, людзей знішчаць. Так, мінулы палон у Германіі і ўменне арыентавацца ў сітуацыі, дапамаглі дазнацца гэтай каштоўнай інфармацыі.

— Малым у 7 гадоў памятаю: дзед Фядос завітае да нас, пачынае на нямецкай мове размаўляць. Лапатаў хутка, нібы перабіраючы словамі, а мы не разумелі, што ён кажа, затое нам здавалася смешна… — каментуе паводзіны свайго пра-дзеда Аляксандр Канановіч.

Ужо потым, калі немцы спаляць Капішчы, адзін з нямногіх, хто застанецца ў жывых — шасцігадовы Фёдар Баўкун. Стрыечны брат маёй бабулі. Яшчэ раней, тры гады назад, у адной са сваіх камандзіровак даводзілася з ім сустракацца і браць інтэрв’ю ў Капішчах. Ён успамінаў жудасці той вайны. Фёдар ад немцаў схаваўся ў жыце. Але ж застаўся сіратою. Любіў радзічацца з Настассяй і ніколі не забываў яе, прыязджаў у госці.

Дадзеныя ў гэтым матэрыяле друкуюцца ўпершыню. Дэталі жыцця ў час нямецкай акупацыі дапамог дазнацца Аляксандр Канановіч з Мінску, сын Настассі, мой дзядзька. Аб часах Вялікай Айчыннай вайны ён ведае з расказаў Настассі Фядосаўны, якая, калі ў яе быў добры настрой, магла расказаць цікавыя падрабязнасці. Таксама пры падрыхтоўцы матэрыялу дапамог разабрацца ў падзеях, родзічах — сын Аляксандра Канановіча, гісторык-краязнавец Эдуард Канановіч з Мінска.

У сям’і Калесных былі не рады, што навокал шмат немцаў. Дачка Настасся не такая рухавая, як астатнія з сям’і. Цяжарная, на пятым месяцы, носіць дзіця партызана. Яе ж сёстры і бацькі ў выпадку нямецкай аперацыі змаглі б хутка пакінуць хату і бегчы за вёску. Насця ж не магла.

Крыху ўдакладняючай інфармацыі хто бацька першага дзіцяці Настассі. Будучы бацька Іван Трыфанавіч Акуліч паходзіў з Прыбалавічаў, перайшоў у атрад Каўпака, калі той адступаў. Пазней ён крочыў на Украіну і там дайшоў да Карпатаў. У той мясцовасці завязаліся жорсткія баі. У адным з іх атрымаў сур’ёзнае раненне. Згубіў свядомасць. Але ж гэта было ўжо потым…

Насця была па характару рашучая, упартая, вельмі любіла волю. Высокая, светлавалосая, з вялікімі вачыма. Адчувала сваю прыгажосць і тое, якое прыемнае ўражанне яна аказвала на людзей. І вось Насця самастойна вырашыла ісці за вёску Капішча да ракі і чакаць. Сабралася, і хуценька ў бок ракі падалася. Прайшла нямецкі пост. яе прапусцілі, бо растлумачыла, што ідзе да родзічаў. І якраз была перасменка.

А сама накіравалася да матулі-Убарці. Каля берага стала на каленцы, за тоўстае бервяно — галава і грудзі былі відаць, астатнія часткі цела не. Глядзела з-за свайго сховішча і думала пра жахі і жудасці, што чакалі наперадзе сялян-капішчанцаў.

Крыху ўдакладнення пра месца, дзе знаходзілася Настасся Фядосаўна. 95-гадовая родная сястра Хіма і 87-гадовая пляменніца Галіна, з якімі звязаўся пры падрыхтоўцы дадзенага матэрыялу, расказваюць, што Настасся знаходзілася побач з вуллем. Звычайны стары вулей-калода, ці яшчэ як у народзе называецца ― борць, якая ўпала з дуба і ляжала. Тоўстае і вялікае бервяно. Звычайна борці рабілі з сасны.

Колькі часу Настасся так знаходзілася каля борці — невядома. Гадзіну, дзве ці тры… Ніякіх крыкаў ці сігналаў, што пажар ці страляюць у вёсцы. Але ж у адзін момант Настасся адчула моцны ўдар у грудзі. Гук выстралаў таксама быў нячутны. Адзін, два ці колькі там іх было, Бог ведае.

Насця адразу не зразумела, чаму ёй так балюча. Падалося, хтосьці па грудзях стукнуў вялізным бервяном. Ужо потым бацька Фядос вызнаў, што страляў немец. Паводзіны Настассі яму падаліся незразумелымі і падазронымі.  І, кажуць, што ён крыху прамазаў. Цэліў у самае сэрца…

— Злавіў у прыцэл і націснуў на спуск, выпусціў кулі, —  тлумачыць дэталі Аляксандр Канановіч.

Фядосаўна сабрала ўсю моц параненага цела і, сцякаючы крывёю, змагла-такі дайсці да людзей. Пашчасціла, не трапілася на шляху таму немцу, што стрэліў у яе. І ўвогуле ніхто з фашыстаў яе не чапаў. Хапіла сіл трымацца на сваіх нагах і бачыць наваколле. Настасся Фядосаўна з дапамогай сялян дабралася да Капішчаў. Старэйшыя з сям’і сталі думаць, што рабіць далей. Вырашылі пакінуць гэтае сяло і зноўку хавацца ў лесе.

Для Настассі ўсё скончылася                                     добра. Хаця магло б і жудасна. Куля                                                        прайшла літаральна ў сантыметры ад сэрца. Спачатку лекі ўдавалася выпрашваць у медработнікаў. А потым, у куранях, лячылі па-народнаму. Лячыў родзіч знахар-капішчук Герасім (яго жонка і дзед Фядос  — брат і сястра). Ратавалі прыроднымі лекамі — травы, настоі, пчаліны воск, які выцягваў гной з раны.

Сын Аляксандр Канановіч дасканала ведае гэты выпадак, ён дзеліцца падрабязнасцямі:

— Раненне было скразное.  Для лячэння рабілі з воску бліны і прыкладвалі да раны, такім чынам выцягвалі гной. Прыкладвалі з двух бакоў цела травяныя лекі, рабілі гаючыя кампрэсы.

Нягледзячы на цяжкае раненне ў сакавіку 1943 года, Настасся нарадзіла сына, якога назвалі Іван. У гонар бацькі. Ён і па сёння жывы і здаровы і жыве з сям’ёй у Мінску.

Зараз Іван Мікіціч Канановіч ― гонар не толькі сям’і Калесных і Канановічаў, але і вёсак Глушкавічы і Прыбалавічы. Былы працаўнік Міністэрства эканомікі, выкладчык БДАТУ (Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта). Многім са сваіх землякоў ён даў пуцёўку ў дарослае і самастойнае жыццё, вывеў у людзі, дапамог атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. Шмат хто яму ўдзячны. Я ганаруся сваім дзядзькам.

Канстанцін КАВАЛЁЎ. 
kovalevkons@mail.ru
Фота з сямейнага архіву.

*Пры выкарыстанні матэрыялу спасылка на першакрыніцу абавязкова.
*Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстоўваліся дадзеныя прадастаўленыя сведкамі падзей.

Працяг у бліжэйшым нумары.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: