флаг
Фото из открытых интернет-источников, носит иллюстративный характер

            Як многа мы, сучасная моладзь, хочам ад жыцця! Калі запытацца ў любога з нас, чаго ён жадае, то адказ будзе складацца з мноства матэрыяльных рэчаў, даброт і выгод. І мала хто задумаецца над тым, навошта яму тыя рэчы і выгоды, калі ў яго, магчыма, заўтра не будзе жыцця.

            Мы вельмі шчаслівыя людзі, бо нас лёс у такую сітуацыю не паставіў. А зразумець каштоўнасць жыцця маладыя людзі змогуць, звярнуўшыся да падзей Вялікай Айчыннай вайны і даведаўшыся пра лёсы сваіх равеснікаў.

            А яны, нашы ваенныя равеснікі, думалі, як перамагчы фашысцкую навалу і выратаваць людзей ад рабства і нямецкіх куль. Яны былі такія ж, як і мы: маладыя, гарачыя, яны кахалі і хацелі падабацца сваім каханым. Але ў першую чаргу яны хацелі сваім сучаснікам і нам, будучым пакаленням, мірнага неба над галавой, жыцця без страху перад нямецкім ботам, шчаслівага бязбеднага жыцця і  дабрабыту. Усё гэта мы цяпер маем, дзякуючы тым, хто жыццё сваё для нас не шкадаваў.

            Дык за што мы, сённяшняя моладзь, у адказе? За жыццё! За жыцце сваё, сваіх блізкіх, за жыццё тых, хто жыве з намі ў адной вёсцы, адным раёне, вобласці, дзяржаве!

            “За што мы сёння ў адказе?” – гэтае пытанне я задала кожнаму са сваіх аднакласнікаў, старэйшым і малодшым вучням маёй школы.

            Вось што думае моладзь.

            Мы сёння ў адказе за свой родны край, за тое, якім ён будзе ў будучым.

            Мы сёння ў адказе за мірнае неба над галавой, бо вайна – гэта не жыццё. Гэта смерць, якімі б мэтамі яна ні апраўдвалася. Хто прыдумаў, што людзі павінны забіваць адно другога, бо правіцелі іх краін не могуць дамовіцца? Нашто дзяржаве іншыя землі і карысныя выкапні, калі ў кожнай яе сям’і будзе гора, таму што нехта загінуў?

            Мы сёння ў адказе за новыя пакаленні: за сваіх будучых дзяцей і ўнукаў, за свае і іх сем’і, за традыцыі, прадаўжальнікамі і тварцамі якіх мы будзем. Сям’я – тое, з чаго чалавек пачынаецца і дзе ён становіцца чалавекам. Сям’я плюс сям’я – гэта род. Род плюс род – гэта народ. Калі няма ладу і міру ў сям’і, дык ці будзе ён у народзе.

            Мы сёння ў адказе за памяць. За памяць, якую трэба захаваць пра тых, хто ўжо не раскажа. Не раскажа пра зверствы гітлераўцаў, пра кожнага трэцяга загінуўшага на вайне беларуса, пра страшэнныя катаванні ў лагерах смерці. Хто, калі не мы, павінен захаваць памяць пра ўсё гэта?

            І таму мы выбіраем жыццё! Бо жыццё – гэта сяброўства, гэта ўзаемапавага і ўзаемаразуменне, гэта імкненне да шчасця і міру.

            У нашай школе вучні не кураць, не ўжываюць алкаголь і наркотыкі. Большасць вучняў школы наведваюць праваслаўную царкву, у сем’ях захоўваюцца праваслаўныя традыцыі.

            Мы выбіраем жыццё! Мы займаемся спортам: боксам, валейболам, футболам, лёгкай атлетыкай.

             – Людзі, – хочацца мне крыкнуць тым, хто забыўся пра галоўныя зямныя каштоўнасці. – Людзі! Самае галоўнае на нашым такім маленькім у касмічнай бясконцасці зямным шарыку, самае важнае і галоўнае, самае каштоўнае – гэта жыццё.

            Хто, калі не мы, яго абароніць?!

Аўтар Палын Анастасія Іванаўна, вучаніца ДУА “Сіманіцкая сярэдняя школа”, якая заняла другое месца ў намінацыі “Друкаваны матэрыял” у конкурсе юных журналістаў  “Ты ў эфіры”, прысвечаным Году народнага адзінства.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: