Раўнадушшу не павінна быць месца ў нашым жыцці

0
196

«Прымаць блізка да сэрца радасці і нягоды Айчыны здольны толькі той, хто не можа прайсці раўнадушна міма радасцяў і нягодаў асобнага чалавека. Самае страшнае для чалавека — гэта ператварыцца ў спячага з адкрытымі вачыма і не бачыць, бачыць і не думаць аб тым, што бачыш, да дабрыні і злосці адносіцца раўнадушна, праходзіць міма».

Васіль Аляксандравіч Сухамлінскі, педагог-наватар.

Усё жыццё мне не дае спакою пытанне: «Чаму ў нашым грамадстве ёсць месца раўнадушшу?». Аб нас жа, беларусах, адклікаюцца як аб людзях дабрадушных, спагадлівых, чулых, гасцінных. Думаю, так яно і ёсць. Спрадвечна яны былі такімі. Вядома, як у час вайны мясцовыя жыхары, рызыкуючы жыццём, дапамагалі партызанам, дзяліліся з імі апошнім. Былі голад, холад, але душы людзей не ачарсцвелі. І такіх прыкладаў — мноства. А зараз мы жывём у дастатку, усё неабходнае для жыцця ёсць. Але сярод нас ёсць людзі, якія думаюць толькі пра сябе, а да іншых ім няма справы. Адсюль зайздрасць, зласлоўе, карысць і гэтак далей.

Шмат гадоў прапрацавала ў школе. Мы, настаўнікі, заўсёды выхаванню маральных якасцяў у вучняў надавалі вялікую ўвагу. Праводзілі гутаркі, розныя мерапрыемствы на тэмы маралі. Ды і ўрокі літаратуры — гэта, у першую чаргу, урокі маральнасці. Тады здавалася, што многія дзеці ўсё гэта разумелі і прытрымліваліся, успрымалі глыбока. Але чамусьці ў жыцці, становячыся дарослымі, некаторыя забываюць аб гэтым, ідуць па іншаму шляху. Адкуль бяруцца жорсткасць і раўнадушша, сказаць цяжка. Няўжо жыццё так псуе людзей? Няўжо многіх захліснуў матэрыяльны бок? Але ж набываючы матэрыяльнае, мы губляем маральныя якасці такія, як дабрыня, міласэрнасць, спагада, узаемадапамога, без якіх жыццё губляе ўсялякі сэнс. Шмат якія прыклады сведчаць аб гэтым.

Прыкладна гадоў сем таму назад мы з мужам трапілі ў такую сітуацыю. Каля могілак убачылі жанчыну, якая ляжала на зямлі. Людзі праходзілі міма, і ніхто на яе не звяртаў увагі. Або проста рабілі выгляд, што не заўважалі. Не аказаць дапамогу мы не маглі. Невыпадкова народны афарызм кажа: «Маленькая дапамога больш важная, чым самае значнае спачуванне».

Тут жа адвезлі жанчыну ў бальніцу, бо былі на машыне. Як потым высветлілася: з ёю здарыўся сардэчны прыступ, і яна згубіла прытомнасць.

Заўсёды потым пры сустрэчы жанчына шчыра дзякавала нам. І яшчэ мне на ўсё жыццё запомніліся яе словы: «Я веруючая, хаджу ў царкву, а таму заўсёды буду маліцца Богу за вас». І калі нас часам абыходзілі бокам многія непрыемнасці і праблемы, дык думаю, што дапамагала тое, што людзі пасылалі свае станоўчыя эмоцыі.

Раўнадушша, думаю, садзейнічае таму, што людзі губляюць самае каштоўнае, што ёсць на зямлі, — чалавечыя жыцці.

Дарэчы, ад нас патрабуецца не так і многа — праявіць спачуванне і ўдзел, аказаць адпаведную дапамогу. Не дзеля таго, каб атрымаць падзяку, а каб людзі проста маглі жыць далей. А таму трэба часцей успамінаць цудоўную фразу: «Спяшайцеся рабіць дабро».

Спяшайцеся ў час дапамагчы.

Дапаможам мы — і Бог дапаможа!..

Лічу, што толькі ад таго, што зроблена своечасова, будзе вялікая карысць.  Гэта будзе дорага як таму, хто яе робіць, так і таму, каму дапамаглі.

Думаю, у нас болей усё ж людзей добрых і чулых. Проста сучаснае імклівае жыццё, на жаль, пагружае нас у свой свет, і мы часам нічога і нікога вакол не заўважаем. Але ж сцвярджаю, што раўнадушшу не павінна быць месца ні ў нашым штодзённым жыцці, ні ў нашых працоўных калектывах, у якіх патрабуецца ўзаемадапамога, узаемавыручка, павага, разуменне, чаго часам мы не назіраем.

Патрэбна пастарацца зразумець чалавека, хутка і правільна ацаніць сітуацыю і зрабіць усё магчымае ў дадзены момант. Гэта датычыцца і самога чалавека, які трапіў у няпростую сітуацыю. Так здараецца, што бліжэй, чым ён сам, нікога побач не акажацца. Тады патрэбна пастарацца звярнуць на сябе ўвагу, прасіць аб дапамозе і ніколі не адчайвацца.

Мне самой у нейкай ступені ў жыцці шанцавала, таму што з раўнадушшам у адносінах да сябе сутыкацца не даводзілася. Калі прасіла аб чым-небудзь, дык мне не адказвалі. Ды і сама па жыцці імкнулася і імкнуся дапамагаць людзям як па доўгу сваёй прафесіі, так і па сваіх поглядах і перакананнях.

А зараз хачу звярнуцца да вас, дарагія чытачы: «Што вы думаеце з гэтай нагоды? Падзяліцеся сваімі меркаваннямі. Будзе карысна ўсім, думаю».

І калі не будзем раўнадушнымі, дык і жыццё зменіцца ў лепшы бок.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: