Сёння на фермах і жывёлагадоўчых комплексах раёна часцей за ўсё сустракаюцца жанчыны.

Аператары машыннага даення, жывёлаводы, заатэхнікі, загадчыкі фермамі — асноўны груз паўсядзённых клопатаў ляжыць на руплівых плячах прадстаўніц слабага полу. Бо гаворка ідзе аб складанай працы, якая патрабуе фізічнай сілы і цягавітасці.

У Валянціны Есьман як заўсёды спраў безліч. Яна кажа, што праца ў сельскай гаспадарцы патрабуе ад чалавека максімум намаганняў. Толькі дзякуючы шматгадоваму досведу і адказнаму стаўленню да справы праца жывёлавода стала для яе звыклай і асаблівых складанасцяў яна не адчувае. Вядома, бывае, за дзень назапасіцца стомленасць, але, як кажа сама, «да працы душой прыкіпела».

Суразмоўніца працуе жывёлаводам на ферме ў КДСУП «Зара Палесся». У яе «падначаленні» 100 галоў цялят ва ўзросце ад двух да шасці месяцаў. «Штат» вядома немаленькі, але і Валянціна Есьман кажа, што галоўнае ў яе прафесіі ўсё рабіць своечасова. Тое, што трэба зрабіць цяпер, не адкладаць на потым. Своечасовасць у сельскай гаспадарцы — вырашальны момант.

У жывёлавода галоўным паказчыкам прафесійнай паспяховасці з’яўляецца сярэднясутачнае прыбаўленне ў яго падсправаздачнай групе. Дык вось, у нашай суразмоўніцы гэты паказчык нядрэнны. Свой поспех з удзячнасцю яна дзеліць на ўсіх, адзначаючы, што вялікую ролю ў яе працы адыгрываюць своечасова падрыхтаваныя якасныя кармы, дружны калектыў, зацікаўленасць  адміністрацыі ў агульнай справе гаспадаркі. У сваю чаргу, галоўны заатэхнік Алена Прыбора, якая выдатна ведае ўсіх работнікаў гаспадаркі, адзначае, што Валянціна — адна з лепшых жывёлаводаў.

У дзень нашай размовы свой працоўны дзень жанчына пачала ў 6 гадзін раніцы. Як заўжды, спачатку пералічыла жывёлу, звярнула ўвагу на іх стан, падгрэбла карма. А затым усё пайшло сваёй чаргой: выпойка малаком, падкормка камбікормам для малых цялят «КР-1», уборка загонаў — усё гэта паўтараецца тры разы на дзень.

Валянціна Мікалаеўна прызнаецца, што аднатыпнасць працы яе не палохае, таму што кожны чалавек сам можа разнастаіць рабочы дзень сваімі адчуваннямі, эмоцыямі, асаблівым падыходам да справы.

Валянціна ўжо і не ўспомніць дакладны час свайго прыходу на ферму, ведае, што ў гаспадарцы працуе ўжо больш за 20 гадоў.

— У сельскай гаспадарцы ўсё жыццё ў паляводчай брыгадзе працавала мая мама. Тата таксама працаваў некаторы час жывёлаводам. Я нарадзілася ў Глушкавічах, цяпер тут і пражываю ва ўласным доме, дарэчы, жыллёвую праблему паспяхова ўдалося вырашыць з дапамогай арганізацыі, у якой працую. У горад мяне ніколі не цягнула. Хтосьці, паспрабаваўшы жыць у вёсцы, прыходзіць да адназначнай высновы: «Сельская праца — не для мяне, хачу жыць у горадзе» і з’язджае. Але для мяне вясковая рэчаіснасць бліжэй і больш зразумела. Тым больш, што ў нашым аграгарадку ёсць усе ўмовы для пражывання. Ды яшчэ і агарод свой маецца, на якім расце ўся неабходная гародніна, ёсць свой сад, вяду падсобную гаспадарку. У перапынках паміж кармленнем цялят яшчэ паспяваю ў летні перыяд схадзіць у ягады, — так тлумачыць сваю прыхільнасць да сельскага жыцця мая суразмоўніца.

Дарэчы, практычна ўсе жывёлаводы кажуць аб тым, што не ўяўляюць свайго жыцця ў горадзе. Гэта людзі, якія прывязаны да зямлі, яны любяць вясковыя абшары і з лёгкасцю ставяцца да сельскіх клопатаў.

— Кожны дзень спяшаемся на працу, калі іншыя яшчэ спяць, —  з усмешкай заўважае Валянціна. — Бо ў цялят, як і ў дзетак, свой рэжым харчавання і апетыт абуджаецца да пяці раніцы. Нас яны заўсёды сустракаюць гучным мыканнем, назіраюць за намі, хочуць, каб ім надалі ўвагу. За малымі трэба даглядаць правільна, ведаць, як напаіць, абавязкова якая тэмпература малака. Самі яны павінны ляжаць на сухой падсцілцы, чысценькія, дагледжаныя. Асаблівасцяў шмат, і іх трэба ведаць. Працы, як бачыце, нямала, але затое ёсць добрая магчымасць зарабіць. У жывёлаводаў заробак залежыць ад многіх пунктаў, адным з галоўных з’яўляецца сутачнае прыбаўленне масы цялят, таму і стараемся. Мне здаецца, што адзін у полі не воін. Таму мой уласны вынік немагчымы быў бы без удзелу ўсяго калектыву. Механізатары нашы таксама старанна працуюць, таму мы забяспечаны ўласнымі кармамі, якія сёння даволі якасныя. З такой базай можна і працаваць. Усе свае веды і ўменні я атрымала не толькі з уласнага вопыту, але і пераймала парады, і ўслухоўвалася ў папярэджанні з боку больш дасведчаных людзей маёй прафесіі. Найменшыя збоі ў працы адразу ж дадуць аб сабе знаць. Але каб гэтага не было, трэба, каб на кожным участку працаваў адказны чалавек, на якога можна спадзявацца. Бо галоўны сакрэт поспехаў у жывёлагадоўлі залежыць не толькі ад трывалай кармавой базы, але і ад таго, як даглядаюць на ферме за жывёламі. А ўвогуле без шчодрасці і аддачы — мы ніхто, — дзеліцца сваімі думкамі Валянціна Мікалаеўна.

Жанчына распавядае, што ёй вельмі прыемна, калі ў сельскую гаспадарку прыходзяць маладыя спецыялісты: «Ім, вядома, вельмі складана першы час, не ўсе вытрымліваюць. Але затое калі ўцягнуцца і палюбяць сваю прафесію, тады вынік адразу бачны».

Валянціна Есьман, як ніхто іншы, умее знаходзіць агульную мову са сваімі падапечнымі, шчыра імкнецца стварыць для іх найбольш камфортныя ўмовы. Нягледзячы на бачную прастату працы, адных толькі ведаў і навыкаў недастаткова — трэба яшчэ і вялікае жаданне працаваць з жывёламі.

Для падапечных цялятак Валянціны ласка прысутнічае кожны дзень і для кожнага, відаць гэта па тым, як яны цягнуцца да яе рук, як лашчацца, нібыта тыя дзеткі.

— Не любячы жывёл, нельга проста так працаваць на ферме, бо ні адна жывёла не церпіць жорсткага стаўлення і адносін да сябе. Гэтай любові нідзе не навучаць. У кожнага цяляці ёсць мянушка, я ведаю характар кожнага з іх, звычкі і нават настрой заўважыць можна, — распавядае суразмоўца.

За ўвесь час працы Валянціна Мікалаеўна паспела зарабіць сабе бездакорную рэпутацыю, і кіраўніцтва адклікаецца пра яе як аб добрасумленным, выканаўчым працаўніку.

На яе ўчастку заўсёды парадак, таму як сама яна — чалавек справы. Усю сябе аддае працы. І што немалаважна: не абмяжоўвае кола сваіх службовых абавязкаў. Калі ёсць неабходнасць, дапамагае іншым.

«Спагадная, дысцыплінаваная, — кажуць пра яе калегі. — Ніколі ў дапамозе не адмовіць». А з такімі людзьмі працаваць бок у бок заўсёды прыемна. Ведаюць работнікі фермы, што яна ніколі не падвядзе.

Валянціна Есьман у снежні мінулага года за нараджэнне і выхаванне пяцярых дзяцей удастоена дзяржаўнай узнагароды — ордэна маці.

Ганна ЮШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: