Каля 15 гадоў займаецца корабапляценнем жыхар вёскі Сініцкае Поле Лельчыцкага раёна Валянцін Івашкевіч. Аб тым, як пачынаў гэтую справу, ён успамінае ў час нашай сустрэчы, калі мы завіталі ў вёску ў госці да гаспадара. Бо Валянцін Івашкевіч майстар на ўсе рукі: акрамя таго, што здольны рабіць розныя прылады, дык яшчэ трымае немалую гаспадарку. Чалавек у вёсцы старанны, руплівы і працавіты. Ці гэта не нагода сустрэцца з майстрам, якога справа баіцца. 

Наш суразмоўца, калі рабілі фотаздымкі з ім, адразу прыпомніў свой першы кашэль. Іх у жыцці, як высветлілася, зрабіў дзесяткі:

— Самы першы кошык быў вялізны, — узгадвае Валянцін. — Рабіў яго, каб бульбу капаць. Узяў такі ж гатовы, расплёў, паглядзеў, што да чаго — і паўтарыў аднолькавы. Самастойна. Атрымалася, лічу, нядрэнна. Потым яшчэ аднаго зрабіў, а потым яшчэ. І справа, як кажуць, пайшла і паехала. Аднойчы жонка звярнулася да мяне, каб я паўдзельнічаў на выставе — і гэтая добрая традыцыя прыжылася. Ды і суседзі,                        сябры бачаць, што ўмею, просяць зрабіць.   

Валянцін расказвае, што кошыкі пляце ў вольны час і атрымліваецца з добрай карысцю. Кожны год каля 50 штук. Вялікія і маленькія. Дарэчы, менавіта «кашалёў», бо ў нас, на Палессі, іх так называюць. Часта просяць зрабіць на сувеніры, на выставы розныя, звяртаецца і райспажыўтаварыства. Напрыклад, нядаўна з Ельску папрасілі падрыхтаваць. Хіба ж можна адказваць дзеля карыснай справы?

Пра сваё рамяство Валянцін Івашкевіч кажа, што яно з нялёгкіх. Бо мае пэўныя асаблівасці:

— Гэта працаёмкі працэс. Адной толькі дранкі знайсці, саму сасну адшукаць у лесе няпроста, каб потым яна дзёрлася добра, светлая была — гэта ж колькі дрэваў патрэбна даследаваць. Яна, менавіта такая, патрэбна, сасна, можа быць адна з тысячы.

Акрамя гэтай унікальнай справы, якая на Палессі вельмі шануецца, бо яна адлюстроўвае калішні лад жыцця, ды і цяперашні. Валянцін актыўна займаецца хатняй гаспадаркай. А яна ў нашага суразмоўцы немалая. Толькі адных авечак трымае ў адрыне каля 20 штук. А яшчэ ёсць таксама і іншая жыўнасць. І іх трэба карміць, паіць, словам ― глядзець за пагалоўем і глядзець.

Пытаю ў суразмоўцы, ці займаліся яго родзічы корабапляценнем?   

— Казалі, што мой дзед быў майстар на ўсе рукі. Але ж я асабіста яго не бачыў. Ідэя з кашалямі дзеля мяне ўзнікла, як паўсядзённая патрэба.

Мы капалі бульбу, хадзілі па ягады і грыбы. Без кашалёў было не абысціся. Таму тое, што раблю ― патрэбная справа. Зараз у мяне дома 5 кашалёў, і ім ужо 10 гадоў, і няма зносу.

Добра ладзіцца справа ў Валянціна і на працы. Ён акампаніятар філіяла Сінпольскі сельскі клуб-бібліятэка. У гэтай жа ўстанове працуе загадчыцай і жонка Надзея, з якой жывуць душа ў душу больш за 30 гадоў. Так Надзея спадабалася Валянціну, што ён угаварыў пераехаць яе з Лельчыц сюды, у Сін. поле, — у самае сэрца Палесся, край прыгажосці і зеляніны, цішыні і лагоды. 

—  Мы пазнаёміліся ў Сін. полі, хаця здалёк бачыліся яшчэ раней, у Лельчыцах. Тут у вёсцы не хапала настаўнікаў, таму і пайшла працаваць піянерважатай. Вельмі марыла стаць настаўніцай. А тут Валянцін мяне праводзіў пасля кінасеансу. Так і сталася, што мы разам, — расказвае Надзея.

Дарэчы, акрамя таго, што загадвае клубам, Надзея таксама займаецца цікавай справай, карані якой ідуць з даўніх часоў. Хобі Надзеі — вышыванне. Пры гэтым, яна валодае рознай тэхнікай. Знайшла карыснае прымяненне свайму ўменню. Касцюмы музыкальнага ансамбля «Снічаначка», што ў Сін. полі, з узорамі. Без гэтых узораў сінпольскія ўбранні для спевакоў былі б не такія прыгожыя. Дык вось менавіта ўзоры вышывала сама Надзея.

У гэтым жа ўбранні спявачкі паўсюль выступаюць. І ў гэтым жа ансамблі Валянцін і Надзея таксама ўдзельнікі. Праводзяць такія абрады як «Дажынкі», «Зажынкі». І абавязкова абрад на Юр’я — знакавы для калектыва, бо ў той самы дзень ён стварыўся. І вось ужо 20 гадоў радуе сваёй творчасцю гледачоў. У ім спявае

10 чалавек — прадстаўнікі розных сфераў дзейнасці, што ў вёсцы. Пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы школай.

Напрыканцы нашай сустрэчы мы стаялі ў сінпольскім скверы і проста размаўлялі. 

— Лічу, што калі ўзяўся за справу, трэба выконваць старанна, каб было не сорамна, — падзялілася Надзея. — І не столькі важна, дзе ты працуеш — у вёсцы ці ў горадзе. Галоўнае адносіцца да справы з душою. Тады будзе толк, будзе радасць ад работы і, канечне, прыгажосць. Тады не толькі дарослыя, але ж і дзеці пацягнуцца. І ў нашым клубе заўсёды іх багата. Бо дзецям падабаецца тое, чым мы займаемся.

І, сапраўды, калі мы ад’язджалі з Сініцкага поля, убачылі з акна аўтамабіля як звычайныя вясковыя дзяўчынкі і хлопчыкі дапамагалі заносіць у памяшканне клуба кашалі пасля нашай фотасесіі. Гэта былі выпадковыя дзеці, цікаўныя. Яны часта ў клубе. Магчыма, хтосьці з іх таксама перайме традыцыю корабапляцення, альбо будзе спяваць звонкімі палескімі галасамі, якімі зараз спявае «Снічаначка».

Канстанцін КАВАЛЁЎ.
Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: