Моцныя і добрыя гаспадары

0
155

Да 400-годдзя пісьмовага ўпамінання вёскі Ліпляны

У гэтым годзе наша адна з прыгажэйшых і густанаселеных вёсак — Ліпляны адзначае шматвекавы юбілей ― 400-годдзе з дня першага ўпамінання ў летапісах.

Зразумела, што гэта дата больш сімвалічная і першае насельніцтва Ліплян куды ранейшае. Засялялі вёску там, дзе працякае Убарць, каля старажытных курганоў, больш за тысячу гадоў таму назад.

   У сённяшняй частцы нашага матэрыялу будзе расповед пра перыяд жыцця вёскі з 1929 года, а менавіта з часоў калектывізацыі. З дапамогай Лельчыцкага раённага краязнаўчага музея, які падаў дадзеныя, мы адправіліся ў мінулае. Прагарталі гістарычныя нататкі. 

У канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя быў створаны калгас «За камунізм». 25 снежня 1929 года на агульным схо-дзе сялян вёскі была аформлена арганізацыя калгаса, які назвалі «Шлях сацыялізма». У яго першапачаткова ўвайшлі 13 гаспадароў-беднякоў. На гэтым жа сходзе было абрана праўленне і старшыня калгаса. Ім стаў Андрэй Захаравіч Халява. Ён заставаўся на гэтай пасадзе да 1931 года.

У 1931 годзе старшынёй калгаса выбіраюць аднавяскоўца Барыса Міронавіча Казачэнка. Андрэя Халяву прызначаюць загадчыкам жывёлагадоўчай фермы. На гэтай пасадзе ён працаваў па 22 чэрвеня 1941 года.

У 1933 годзе частка калгасных сем’яў па закліку камуністычнай партыі выехала на Украіну, у ліку іх быў і кіраўнік калгаса Барыс Казачэнка.

У 1935 годзе старшынёй абіраецца былы батрак ― камуніст Сямён Казачэнка. Ён кіраваў да чэрвеня 1941 года. за гэты час калгас значна стаў лепей і займаў па галоўных паказчыках першае месца ў раёне. Ён быў добра вядомы жывёлагадоўчай фермай і прыгараднай гаспадаркай. Дзякуючы поспехам калгас у 1938 годзе ўдзельнічае ва  Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве.

У першыя дні нападу гітлераўцаў на нашу радзіму грамадскі статак эвакуіруюць на Усход, у Варонежскую вобласць, пад асабістую адказнасць загадчыка фермы Андрэя Захаравіча Халявы. Там, у Варонежскай вобласці, статак быў здадзены пад асабістую адказнасць пад распіску мясцовым органам улады. Не было сэнсу пакідаць статак у Лельчыцкім раёне, бо вельмі вялікая навісла пагроза знішчэння.

Фашысцкі вораг знішчыў увесь інвентар, тэхніку, спаліў грамадскія пабудовы: адрыны, свірны, новы клуб на 250 месцаў, новую школу, жылыя пабудовы калгаснікаў. Пасля вызвалення раёна калгаснікі стварылі грамадскі статак па новай. Працаўнікі вёскі, у асноўным жанчыны, у мяхах за плячыма прыносілі насенне з заходняй Беларусі, бульбу з Буйнавічаў. Засявалі калгасныя палеткі ўручную, без тэхнікі.

Нягледзячы на вялізныя цяжкасці таго часу, калгас паступова набіраў моц, падымаўся ў гару. Асабліва пачаў мацнець пасля аб’яднання. У 1958 го-дзе адбылося ўзбуйненне трох сельгаспрадпрыемстваў, у тым ліку і калгаса вёскі Ліпляны ў адну гаспадарку пад назвай «За камунізм». Кіраўніком быў абраны Фёдар Герасімавіч Ухналёў. За апошнія 10 гадоў у сельгасарцелі пабудаваны гараж, нафтасховішча, лесапільны цэх.

Можна сказаць, што гаспадарка абнавілася. З’явілася, галоўным чынам, шмат пабудоў. Новыя канторы калгаса і гаража, кузня, такарны цэх, два чатырохрадныя кароўнікі і адзін двухрадны, цагляная адрына для адкорму статка, дзве ваданапорныя вежы і вадаправод на двух фермах, зернесклад на 500 тонн збожжа, трапальны цэх, адрына для статка ў трэцяй брыгадзе, жылы «фінскі домік» для спецыялістаў.

Узнавілася вёска Пабеднае. Тут з’явіліся клуб, пачатковая школа, а ў калгасе дзве штукі вагаў ёмістасцю да дзесяці тон. Акрамя таго, была праведзена значная работа па капітальнаму рамонту грамадскіх пабудоў. Шмат у чым дапамагло сельгаспрадпрыемства звярнуўшымся сваім працаўнікам на асабістых участках. Гэта датычылася хат, пабудоў пры сядзібах.

Значна вырасла зерневая гаспадарка. Так, ураджайнасць зерневых з 1959 па 1969 год з 4-5 да 13 цэнтнераў з гектара. Ураджайнасць бульбы з 60 да 180 цэнтнераў з гектара. План продажу мяса і малака з году ў год перавыконваўся, а ў 1969 годзе ўжо выкананы план продажу мяса на другую пяцігодку. Назіраўся таксама рост колькасці тэхнікі. А даход гаспадаркі ўзрос з 239 тысяч рублёў у 1965 годзе да 480 у 1969 годзе.                                           

Сучасная сельская гаспадарка, менавіта 2020-х гадоў, у Ліплянах працягвае заставацца на лепшым узроўні ў раёне. Ураджайнасць збожжавых тут адна з самых высокіх у раёне, пад 30 цэнтнераў з гектара, а механізаваны парк адзін з самых моцных. Тое ж самае можна сказаць і пра кадры. Маладыя хлопцы на камбайнах, трактарах, дзяўчаты ў канторы, на фермах і зернетаку. Культура земляробства тут пастаўлена на высокі ўзровень.

— Мы імкнемся атрымліваць на нашых землях максімальную ўраджайнасць, — дзеліцца галоўны аграном гаспадаркі з 35-гадовым стажам Казімір Стадніцкі. —  Імкнемся выконваць тэхналогію, своечасова праводзіць неабходныя сельгасработы, своечасова ўбіраць і сеяць. Агранамічная служба разумее, што ад яе залежыць дастатак усёй гаспадаркі і прыкладвае ўсе намаганні дзеля поспехаў. 

Тэхнічны парк рэгулярна абнаўляецца. За сельгасмашынамі назіраюць уважліва і своечасова ліквідуюць непаладкі. Камбайны, трактары, сеялкі, плугі знаходзяцца ў добрым стане. У Ліплянах, як і паўстагоддзя назад, у сельскай гаспадарцы, ва ўсіх яе сферах, адчуваецца рука сапраўднага гаспадара. Людзі тут вельмі працавітыя і шчырыя. Менавіта таму тут у сельгаспрадпрыемстве ўдаецца дасягаць добрых паказчыкаў.

Ездвы Міхаіл Флёрка
Перадавік Марыян Заяц

Канстанцін КАВАЛЁЎ.

На здымках: шмат ураджэнцаў з  вёскі Ліпляны працавалі ў сельскагаспадарчай галіне. У музеі захаваліся некалькі здымкаў тых далёкіх часоў.
Фота прадастаўлена Лельчыцкім раённым краязнаўчым музеем.   

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: