Як маеш дочачку, то прыдбай і наметочку

0
467

Яшчэ ў сваім маленстве не адзін раз даводзілася назіраць, як праходзіць завіванне маладой на вяселлі. Шмат гадоў прайшло з таго часу, але і дагэтуль не сцерся з памяці незабыўны каларыт абрада, вясельныя песні і жанчыны ў нацыянальным адзенні, якія яго праводзілі, хатняя абстаноўка, асаблівы пах ежы.

І вось, калі надыйшла пара выдаваць замуж сваю дачку, задумалася аб тым, як адсвяткаваць вяселле, як гавораць, па ўсім правілам. Каб той самы ўрачысты момант, калі дзеўка становіцца маладзіцай, калі з яе галавы знімаюць фату і заматваюць хустку, запомніўся на ўсё жыццё.

На розум прыйшло святкаванне Дня ўтварэння Лельчыц, дзе некалькі гадоў таму назад артысты Дзяржынскага сельскага дома культуры паказвалі абрад «Завіванне наметкі». Трэба пры-знацца, што гэта дзеянне мяне ўразіла вельмі глыбока, яно і зараз, як кажуць, «стаіць у вачах».

Каб асвяжыць у памяці падзеі далёкіх часоў, і даведацца як жа ўдалося дзяржынцам захаваць абрад «Завіванне наметкі», я звярнулася да загадчыцы філіялам «Дзяржынскі сельскі дом культуры» Наталлі Сівак. І вось што яна мне паведаміла:

— Каб адрадзіць абрад, я некалькі гадоў апытвала старажылаў Дзяржынска. Яны не адказвалі ў дапамозе, заўсёды расказвалі аб тым, што зналі. Дзякуючы ім і іхняму жаданню каб абрад не забыўся, не згінуў — ён жыве і зараз. На жаль некаторыя жанчыны ўжо пайшлі з жыцця, але ж я хачу ўсяроўна назваць іх імёны, каб іх дзеці і ўнукі, іншыя сваякі ведалі, што менавіта іх родзічы з-за любові да сваіх каранёў, да малой радзімы — перадалі нам, нашчадкам тое, што ім дасталася ў спадчыну — гэта Алена Канстанцінаўна Лукашэвіч і Ульяна Данілаўна Цяцерыч. Дапамаглі аднавіць абрад — Фаіна Цярэнцьеўна Бабовіч, Аляксандра Фёдараўна Бабовіч.

Абрад пачынаецца вершаванымі словамі хроснай маці: «Дзе твая, Галько, маці? Шо пора завіваці? По повівайло пошла — тонкіе, беленькіе, поперок роўненькіе».

Хросна маці выводзіць у цэнтр хаты нявесту, родная маці гаворыць: «Несу, дочечко, несу (і падае наметку, чэпчык, грэбень і свечку). «Хваціць кізі роспускаць — трэба молоду завіваць! Благослові, маці, і госці дарагія, косу расплетаці». Усе госці разам адказваюць: «Бог благословіць».

Затым завівалачка (хросна маці) запальвае свечку, тройчы падпальвае маладой і маладому валасы ад людскога сурока, мажа тройчы нявесце валасы маслам пад песеннае суправаджэнне: «Подай, маці, масло. Я твое короўкі пасла от росы до росы, дай помазаці косы. Пороскідай, Боже, бацьковэ жыто по полю, по колосу, шо б вон роскідаў мою косоньку — по плечам, по волосу. Да зберы, Боже, свекровэ жыто, шо б вон зобраў, мою косоньку по плечам по волосу. Да ўжэ той платок, голову протоўк, да ўжэ ж чэпчыка, даўно хочэцца. Завівалочка-шэльма — мою косоньку сцерла. Сцерла і зом’яла — под чэпец сховала. Завівала мяне, дзяўчына, да й не жалосліва, а сестрыца прыняласа, слёзкамі обліласа. Ой, шо мы хоцелі, то мы тэ й зробілі — з цеста — поленіцу, з дзеўкі — молодіцу!».

А тым часам нявеста прычытае: «Ой, мамочко ж моя, да ўжэ ж я не твоя, да ўже ж того пана, да ў кого ўлюблёна».

Косы нявесты збіралі ў пучок, закручвалі і грэбнем прыціскалі да галавы. Затым клалі на галаву абруч і надзявалі чэпчык, завязвалі на вузелок. Пасля бралі наметку — адбелены тканы льняны рушнік з арнаментам, сем метраў даўжынёй, які заматвалі на галаву нявесты так, каб не было відаць валасоў.

Наметка — гэта арнамент, утканы ў рушнік пераборам, арнамент павінен быць спераду (як наметка), а ззаду заставаўся доўгі канец рушніка. Такі галаўны ўбор ткала маці сваёй дачцэ. Ён даваў зразумець, што гэта ўжо маладая жанчына, а не дзяўчына. Дзякуючы наметцы, маладзіца выдзялялася сярод іншых.

Пасля таго, як нявесту завілі, завівалачка прыказвала маладой пры ўсіх: «Да гледі ж, дочачко, як я цебе завіла, то шо б ты так і ходіла. Бо як пойде твой чоловек у лес вульі гледець, то шо б не ўблытаўса ў вероўку».

Завівалачка вядзе назад на пасаду за стол нявесту да жаніха, перавязвае яго рушніком на вузел і частуючы мёдам прыказвае тры разы: «Пропіла маці дочку, да на солодком медочку».

Пасля гэтага, хросна маці бярэ веко з дзежкі, ставіць яго сабе на галаву і спявае: «Ой, веко сокочэ, ой веко рогочэ, да чого вонэ хочэ? Поўтора золотого от князя молодого. Ой, веко сокочэ, ой веко рогочэ, бо горэлочкі хочэ!».

На абрадзе «Завіванне наметкі» хросна маці адыгрывае амаль што галоўную ролю. Пасля завівання, яна гандлюецца з жаніхом, каб ён заплаціў за праведзены абрад.

Вось такім чынам на Палескім вяселлі дзеўка станавілася маладзіцаю. Дзеянне гэта кароткае, але ж наколькі яно важнае і адыгрывае сваю ролю ў далейшым сямейным жыцці маладых.

У цяперашні час абрад паказваюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці Дзяржынскага сельскага клуба: Наталля Сівак,  Марыя Андрэйкавец, Фаіна Бабовіч, Аляксандра Бабовіч, Ганна Мішкевіч, Галіна Мішкевіч, Усціма Краўчук, Евеліна Лукашэвіч, Надзея Лукашэвіч, Валянціна Лукашэвіч.

Пасля расповеда Наталлі Сівак, я нібы акунулася ў той старажытны час, успомніла асобы і як бы пабачыла сваіх продкаў.

Калі рыхтавала гэты матэрыял да друку, на сэрцы і ў душы зрабілася неяк прыемна ад таго, што ўсё ж трэба памятаць свае карані, і, даючы жыццё ўжо сваім дзецям, умацоўваць тыя карані, уплятаць новыя.

Няхай шчасціць усім маладым, бо калі шчаслівыя дзеці, то шчаслівыя і бацькі.

Людміла ШТАРОВА.
Фота Надзеі ГУД.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: