У гэтым годзе адна са старэйшых бібліятэк Лельчыцкага раёна — Глушкавіцкая сельская бібліятэка адзначае свой 100-гадовы юбілей. Значны шлях яна прайшла за гэты час. А вось як усё пачыналася.

23 лютага 1923 года на пасяджэнні Глушкавіцкага культасветгуртка моладзі пад старшынствам Мікіты Кабанава і сакратара — настаўніка Георгія Былінскага, на якім прысутнічаў загадчык культсправамі Тонежскай воласці таварыш Ніцэвіч, палітрук Глушкавіцкай мясцовай пагранічнай часці таварыш Шакінка паведаміў глушкаўчанам, што пры школе адкрываецца хата-чытальня. І з гэтай нагоды ён прапанаваў у хаце-чытальні працаваць культасветгуртку, злучыўшы грамадзянскі гурток з чырвонаармейскім. У адказ моладзь папрасіла палітрука Шакінка займацца палітграматай з гуртком.

Спачатку, каб прывабіць моладзь да хаты-чытальні гурткоўцы спявалі песні, а потым, калі асвоіліся, пачалі чытаць газеты, кнігі, якія абмяркоўвалі. А таксама вялі гутаркі на даступныя і навуковыя тэмы, асабліва на прыродазнаўчыя і геаграфічныя.

Па нядзелям у хаце-чытальні праходзілі сходы і гутаркі з жыхарамі Глушкавічаў і навакольных хутароў на палітычныя, антырэлігіёзныя тэмы, чыталіся газеты. Актыў хаты-чытальні — культасветгурток у 1924 годзе налічваў 40 удзельнікаў. На гэты час яго загадчыкам працаваў таварыш Лічын.

Паступова хата-чытальня была перанесена ў дом Глушкавіцкага сельскага Савета. Сакратар Лельчыцкага райвыканкама Стоцкі ў акце рэвізіі за 15 сакавіка 1926 года паведамляў: «Сельскі Савет знаходзіцца ў асабістым памяшканні, займае пад канцэлярыю адну невялікую комнату, пры якой ёсць вялікая комната, адведзеная пад хату-чытальню, памяшканне ўпаўне прыгоднае».

У першыя гады загадчыкамі хаты-чытальні прызначаліся зверху палітграматныя адукаваныя партыйныя таварышы. Адным з іх у пачатку 30-х гадоў быў камуніст П. Р. Дубініч, які пасля працы ў хаце-чытальні будзе выбраны кіраўніком мясцовага калгаса «Перамога». У лютым 1934 года ў Глушкавіцкай хаце-чытальні пабываў старшыня ЦВК БССР А. Р. Чарвякоў, які наведваў Лельчыцкі раён.

У 1935 годзе да пабудовы мясцовага дома сацкультуры — хата-чытальня з’яўлялася адным вясковым цэнтрам культурнага жыцця. Сюды ішлі не толькі пісьменныя жыхары, вучні школы, пагранічнікі, але і ўвогуле пісьменныя вяскоўцы.

Працу хаты-чытальні ў 1941 годзе прыпыніла вайна, але адразу пасля вызвалення сяла, у 1944 годзе, яна была адноўлена. Загадчыкам стаў Галакціён Бурым. Яго вяскоўцы называлі проста — Халакцеям. Напрыканцы 1945 года яго замяніў франтавік Аляксей Дзямідавіч Зубрэй, які быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, бо ў час баёў атрымаў цяжкае раненне.

Пасляваенныя гады былі цяжкімі ў сувязі з аднаўленнем народнай гаспадаркі. 21 красавіка 1946 года загадчык хаты-чытальні Аляксей Дзямідавіч на старонках раённай газеты крытыкаваў кіраўніцтва калгаса «Перамога» аб няправільным уліку працадней, аб грубейшым парушэнні калгаснага Статута. А тут яшчэ і налёты бандэраўцаў на Глушкавічы.

 12 мая 1946 года наляцеўшая банда спаліла ў хаце-чытальні партрэты, плакаты, насценгазету і наяўную літаратуру, распаўсюдзіла фашысцкія лістоўкі. У такіх умовах працавала хата-чытальня.

У будучым Аляксей Зубрэй будзе прызначаны сакратаром сельсавета, але ў час аднаго з налётаў бандэраўцаў ён, хаваючыся ў балоце, захварэе і ў пачатку 50-х гадоў памрэ.

У 1948 годзе загадчыкам хаты-чытальні працаваў франтавік Сямён Пташык, а ў 1950 — франтавік Барыс Спірыдонавіч Савіцкі, які меў шматлікія баявыя ўзнагароды і ў будучым узначальваў розныя калгасы і сельсаветы ў Лельчыцкім раёне — ад Астражанкі да Глушкавічаў. У тыя гады хата-чытальня таксама праводзіла ў мясцовым клубе лекцыі, гутаркі на розныя тэмы.

Хата-чытальня паступова стала называцца сельскай бібліятэкай. У 1958 годзе загадчыкам Глушкавіцкай сельскай бібліятэкі становіцца Міхаіл Спірыдонавіч Шкудун, які раней працаваў старшынёй Бараўскога калгаса імя Молатава і Глушкавіцкага сельсавета.

Павялічваўся ў бібліятэцы кніжны фонд і колькасць чытачоў. Калі ў 1960 годзе іх колькасць складала 393 чалавекі, то ў 1965 годзе — 565 і налічвала 2 701 экземпляр кніг.

Апошнім з мужчын-загадчыкаў Глушкавіцкай сельскай бібліятэкі працаваў Мікалай Рыгоравіч Бурым, а з 1966 года пачала працаваць першая жанчына — Таццяна Халімонаўна Кавалевіч (зараз яна пражывае ў Чарнігаўскай вобласці на Украіне). У 1969 годзе за 11 месяцаў у бібліятэцы, у якой налічвалася 4 956 экземпляраў кніг, кнігавыдача склала 5 573 кнігі.

Знакавай падзеяй для бібліятэкі стаў 1970 год, калі ў кастрычніку яна раздзялілася на дарослую сельскую і дзіцячую сельскую. З пачатку 70-х і да заслужаных пенсій загадчыкамі працавалі дарослай сельскай — Ганна Васільеўна Бурым (Бацаленка) і дзіцячай сельскай — Кацярына Сямёнаўна Раманава. У 1975 годзе ў дарослай бібліятэцы налічвалася 9 606 экземпляраў кніг, у дзіцячай — 7 849. За 10 месяцаў гэтага года кнігавыдача склала ў дарослай — 7 195, у дзіцячай — 13 961 кнігу. Гэта без уліку часопісаў і газет, якія чыталіся ў бібліятэчных памяшканнях.

19 лютага 1977 года ў «раёнцы» М. Тураўскі паведамляў: «Глушкавіцкая сельская бібліятэка з’яўляецца адной з правафланговых у раёне па культурнаму абслугоўванню насельніцтва. Яе чытачом з’яўляецца кожны другі хлебароб вёскі. Бібліятэка стала сапраўдным метадычным цэнтрам. Тут рэгулярна арганізоўваюцца і праводзяцца чытальныя канферэнцыі па самых розных кнігах пры шырокім удзеле насельніцтва…». На гэты год кніжны фонд дарослай бібліятэкі складаў 10 200 экземпляраў, а дзіцячай — 9 821. У абедзвюх бібліятэках налічвалася звыш па 700 чытачоў.

У тыя гады бібліятэкі былі перапоўнены наведвальнікамі. А колькі разнастайных мерапрыемстваў, выстаў было праведзена, іх немагчыма пералічыць.

Зараз адны з лепшых бібліятэкараў раёна — Ганна Васільеўна Бурым і Кацярына Сямёнаўна Раманава — пражываюць у Глушкавічах і знаходзяцца на заслужаным адпачынку, за шматгадовую працу ўзнагароджаны шматлікімі граматамі.

З адкрыццём у Глушкавічах культурна-спартыўнага цэнтра — дзве бібліятэкі размясціліся побач ва ўтульных памяшканнях. З 2005 года загадчыцай сельскай дарослай бібліятэкі працуе Ірына Рыгораўна Зайчык, а з 2006-га загадчыцай дзіцячай — Ірына Пятроўна Міхалкова.

Як і 100 гадоў таму назад бібліятэкі і сёння з’яўляюцца асяродкам культурнага жыцця вяскоўцаў.

Дарэчы, з працай у бібліятэцы звязалі свой лёс і некаторыя іншыя ўраджэнцы Глушкавічаў. Так,шмат гадоў працуе бібліятэкарам у Мазырскай гарадской бібліятэцы Надзея Фёдараўна Міхалкова.

Шмат гадоў адпрацавала бібліятэкарам у Гомельскай абласной бібліятэцы Валянціна Ільінічна Зубрэй. Зараз яна з’яўляецца дырэктарам бібліятэкі Гомельскага ўніверсітэта імя Сухога. З дзіцячых гадоў на малой радзіме, наведваючы свае бібліятэкі ў Глушкавічах, яны, верагодна, марылі пра гэтую цікавую працу бібліятэкараў.

Уладзімір ЗУБРЭЙ, аг. Глушкавічы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: