Фото из открытых интернет-источников, носит иллюстративный характер

У другой палове жніўня 1941 года праз невялікі прамежак часу, калі Глушкавічы пакінула нямецкая вайсковая часць, у вёску прыбыла вялікая колькасць нацыяналістаў. Па расказу Кузьмы Лявонцьевіча Філанаўца ва ўсіх былі сіне-жоўтыя

і бела-чырвона-белыя павязкі на руках. Гэта ён добра запомніў. Некалькі дзён яны знаходзіліся ў вёсцы, штосьці святкавалі, быў у іх і самагон. Штосьці тады ў Глушкавічах адбылося, калі ў вёску адначасова наведаліся беларускія і ўкраінскія нацыяналісты.

Шукаючы матэрыялы, я даведаўся з успамінаў Тараса Бараўца-Бульбы, што ў «беларускіх раёнах украінская «Палеская сеч» была як у сябе дома, а курані беларускай самаабароны на ўкраінскай тэрыторыі былі дарагімі гасцямі». Тады ж у Глушкавічах быў арганізаваны вялікі атрад-сотня «службы парадка» беларускай самаабароны, камандзірам якой быў прызначаны Сцяпан Канановіч.

Многія ўступалі дабраахвотна (сотні глушкаўчан у час сталінскіх рэпрэсій былі рэпрэсіраваны) з на-дзеяй на новае жыццё, іншыя прымусова, так як бы лічыліся «ворагамі». Асабліва гэта датычылася тых чырвонаармейцаў-вяскоўцаў, хто вяртаўся з акружэнняў на фронце  да хаты. Дарэчы, суседняя з Глушкавічамі вёска Вайткевічы, якая з’яўлялася адным з антысавецкім прыгранічным цэнтрам у Заходняй Беларусі, да канца 1939 года адносілася  разам з вёскамі Бярозаўскай гміны да Столінскага павета Палескага ваяводства з цэнтрам у Брэсце. Як раз у час сталінскіх рэпрэсій многія глушкаўчане, а таксама пагранічнікі, якія былі недавольныя савецкай уладай, перабягалі праз граніцу да гэтай вёскі.

«Палеская сеч УПА», якая была створана ў 1940 годзе на тэрыторыі Ровеншчыны і Валыні на базе падпольных структур антысавецкіх арганізацый  «Украінскае нацыянальнае адраджэнне» з пачаткам вайны выйшла з падполля. У канцы чэрвеня 1941 года атаман Тарас Баравец-Бульба выдаў загад №1 пра стварэнне мабільных атрадаў. Іх мэтай  былі дыверсіі ў тылах Чырвонай арміі і збіранне разведдадзеных з передачай іх нямецкім часцям.

«Бацька» Тарас Бульба ў загадзе наказаў захопліваць уладу, арганізаваць міліцыю і з сіне-жоўтымі сцягамі ўрачыста сустракаць нямецкія часці. А на тэрыторыі заходняга беларускага Палесся, на базе беларускай нацыяналістычнай самаабароны, пачалі арганізоўвацца атрады «служб парадка», якія дзейнічалі як і бульбоўцы.

На пачатку ліпеня Тараса Бульбу прызначаюць немцы камендантам паліцыі Сарнянскай акругі. Немцы ўступілі ў Сарны 6 ліпеня, а на наступны дзень яны захапілі Давід-Гарадок. Прыблізна ў гэты час у суседняй вёсцы з Глушкавічамі — Вайткевічах — нацыяналісты стварылі моцны гарнізон, перакрываючы шлях да адыхода чырвонаармейцаў з боку Століна на ўсход. Адначасова нацыяналісты рыхтавалі налёт на Глушкавічы. 12 ліпеня 1941 года рота чырвонаармейцаў разам з Глушкавіцкай знішчальнай групай і аддзяленнем пагранічнікаў знішчылі гэты нацыяналістычны гарнізон. У гэты ж дзень немцы ўступілі ў Столін.

У першыя дні жніўня Тарас Бульба дабіўся ад штаба 213 дывізіі вермахта дазвол на фарміраванне злучэння колькасцю ў тысячу байцоў, а ад львоўскіх мельнікоўцаў атрымаў камандна-старшынскі састаў. За пару нядзель колькасць байцоў у арміі Тараса Бульбы павялічылася да 10 тысяч украінцаў. «Палеская сеч УПА» Тараса Бульбы супрацоўнічала з нямецкімі армейскімі спецслужбамі, выконвала функцыі паліцыі, вяла змаганне з савецкімі партызанамі на тэрыторыі Украінскага і Беларускага Палесся, праславілася ў знішчэнні яўрэйскага насельніцтва.

Фронт адыходзіў на ўсход. 5 жніўня часці 5-й арміі пакінулі Алеўск, у які ўступілі немцы, а следам і бульбоўцы. У Алеўску размясціўся штаб арміі Тараса Бульбы.

З Алеўска да Глушкавічаў недалёка, да і з беларускага Століна прамы шлях ішоў да Глушкавічаў, дзе адбылася сустрэча нацыяналістаў з сіне-жоўтымі і бела-чырвона-белымі павязкамі, пра якую ў свой час паведаміў мне Кузьма Філанавец.

У знойдзенай кнізе «Коричневые тени в Полесье», выдадзенай у 2008 годзе ў Маскве, паведамлялася: «Дзесьці ў канцы жніўня 1941 года на беларускім Палессі адбылася сумесная канферэнцыя прадстаўнікоў атамана Бараўца і беларускай самаабароны. Ад украінцаў дэлегацыю ўзначальваў прадстаўнік атамана Бараўца харунжый Пётр Даўмалюк-Налівайка, каб наладзіць з беларусамі самы цесны кантакт цяпер і на будучыню. З беларускага боку ўдзельнічаў Васіль Вір — былы прэм’ер-міністр урада Заходне-Беларускай рэспублікі ў верасні 1939 года і камандзіры атрадаў «служб парадка» Якаў Харэўскі, Усевалад Радзько і Міхаіл Вітушка».

Далей у гэтай кнізе паведамлялася: «Згадзіліся з планам па ачышчэнню ўсіх палескіх зямель ад руска-бальшэвіцкага тэрора. Усе раёны на ўсход ад лініі Слуцк-Лунінец у накірунку Мазыра павінна вызваляць беларуская «служба парадка», а «Палеская сеч» — раён Столін-Сарны-Алеўск-Оўруч.

Аперацыя пачалася 20 жніўня 1941 года. 10 тысяч украінцаў і 5 тысяч беларусаў, разбітыя на так званыя лятучыя брыгады, выцяснілі астаткі савецкіх войск (прыкладна 15 тысяч чалавек) з тэрыторыі Палесся і злучыліся ў раёне Мазыра».

На трэці дзень пасля пачатку нацыяналістычнай аперацыі чырвонаармейцы пакінулі Тураў і адыйшлі ў накірунку Азяраны-Сіманічы, а далей на Буйнавічы-Ельск. Яшчэ раней пагранічнікі Букчанскай камендатуры адыйшлі да Капцэвічаў у размяшчэнне 18 пагранатрада, куды з раёна Жыткавічаў адыходзіла з баямі 75 стралковая дывізія, 28 полк якой да 1940 года размяшчаўся раней у Буйнавічах.

Уладзімір ЗУБРЭЙ, аг. Глушкавічы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: