24-08-2021 Гомельская область, Лельчицкий район, агрогородок Глушковичи. Село, память, война, история. Фото Ивана Яривановича


1-га верасня 1941 года большая частка Палескай і Пінскай абласцей з гарадамі Мазыр, Калінкавічы, Хойнікі, Жыткавічы, Пінск, Столін урадам фашысцкай Германіі была адорвана ад Беларусі і далучана да рэйхскамісарыята «Украіна» з цэнтрам у горадзе Роўна. Глушкавічы разам з Лельчыцкім, Тураўскім, Ельскім і іншымі раёнамі Палескай вобласці ўвайшлі ў склад генеральнай акругі Жытомір украінска-нямецкага рэйхскамісарыята.
Працэс стварэння мясцовых нямецкіх адміністрацыйных структур завяршыўся да лістапада 1941 года, да гэтага часу ваеннай нямецкай адміністрацыі і паліцыі значную дапамогу аказвалі нацыяналісты, якія паступова пераходзілі ў разрад паліцэйскіх. Мясцовыя жыхары іх проста называлі паліцаямі. І не выпадкова, бо яны выконвалі ролю нямецкіх дапаможных сабак.


З успамінаў Веры Сямёнаўны Казачок пра арышт партызанаў у Глушкавічах: «Прыйшоў арыштоўваць мяне чалавек, які вярнуўся з акружэння на фронце, а следам і яго начальнік Ромка. Дома бабулі не было, якраз адзін стары, які спытаў Ромку: «Ты куды яе вядзеш?». У адказ атрымаў: «Што заслужыла…».

Прывялі мяне яны, іншыя глушкоўскія паліцаі, Еўцешыху (Праскоўю Зенькавец), Кавалевіча Анціпа, старога Гаўрылюка і Міну Коваля ў штаб, які знаходзіўся ў цэнтры сяла, перадалі алеўскім і нас, арыштаваных, павялі да Алеўска.


Прайшлі Хочэнь, начавалі ў Перзе, а ў 12 гадзін ночы павялі яму капаць каля рэчкі, зямля каменная, выкапалі да кален, і я ім: «Паночкі, немагчыма капаць, бейце, пускай рыба есць». Нас пачалі біць. Назад з Пергі павялі да Алеўска. У Сушчаны завялі і там па 25 нагаек па голаму целу атрымалі. Пасля павялі ў Алеўск.


12 дзён сядзелі без яды і вады ў турме. Гаўрылюк Барыс прасіў ахоўнікаў: «Хай і прыстукнуць, але дайце паесці». Але нам так і не давалі. І нечакана пасля гэтага быў допыт, на якім прысутнічаў і сам Тарас Бульба. І пасля допыту нас адпусцілі дадому. Былі ў Алеўску тады два тыдня».


Арыштоўвалі мясцовыя паліцаі і яўрэяў, якіх вялі пад аховай да свайго штаба, а далей выводзілі з прыезджымі паліцаямі-жандармамі за вёску. Па расказу старажылаў, адзін з іх, па мянушцы Зенько, нават згвалтаваў дзяўчынку-яўрэйку, якую забілі разам з іншымі яўрэямі перад урочышчам Ручэй. Гэта была рэальнасць.
У гэты суровы час паступова наладжвалася сувязь паміж падпольнымі групамі раёна. Глушкаўчане трымалі сувязь з групай удзельніка партызанскага руху ў гады грамадзянскай вайны вопытнага Рамана Лук’янавіча Ліна, які пражываў у Асянскім. Брат Рамана — Рыгор — у даваенныя гады працаваў старшынёй калгаса «Перамога» ў Глушкавічах, сябраваў з брыгадзірам калгаса Конанам Карпавічам Кавалевічам і яго братамі, маці якіх, Марфа Кірылаўна, у пачатку 20-х была першай жанчынай-дэпутатам Глушкавіцкага сельсавета.


Уладзімір ЗУБРЭЙ, аг. Глушкавічы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: