Дарога, выбраная аднойчы з самага ранняга дзяцінства марыла стаць настаўніцкай. Прыкладна з трох гадоў, як толькі навучылася лічыць да дзесяці і ведала некалькі літар, стала збіраць і старэйшых, і малодшых за сябе нашых вясковых дзяцей у так званую школу і вучыць таму, што ў гэты час ведала сама. Усё старалася рабіць па-добраму, таму яны і беглі да мяне. Дарэчы, настаўнікам быў мой бацька. І маці мела дачыненне да гэтай жа школы — была касірам і вяла танцавальны гурток. Тут яны і пазнаёміліся і ў хуткім часе пажаніліся. Але шчасце было нядоўгім. Калі толькі нарадзілася я, пачалася вайна. У 1942 годзе ва ўзросце 22 гадоў бацька быў жорстка пакараны фашыстамі за сувязь з партызанамі і падпольную дзейнасць.

Ад усяго пережытага праз некаторы час маці цяжка захварэла. Хвароба прыкавала яе да ложку на цэлых шэсць гадоў. Мяне як круглую сірату забралі ў Хойніцкі дзіцячы дом, дзе я вучылася з пятага па сёмы класы. Старалася добра вучыцца, бо разумела, што настаўнік — гэта перш за ўсё адукаваны чалавек, таму і цягнулася да ведаў, шмат чытала. І ў дзіцячым доме за выдатную вучобу атрымлівала пахвальныя граматы. Ад мары стаць настаўніцай не адступіла. Нягледзячы на тое, што рыхтавалі мяне як лепшую вучаніцу для паступлення ў медыцынскі інстытут.

Але я яшчэ і надта хацела прадоўжыць справу майго бацькі, які быў настаўнікам пачатковых класаў і выкладаў біялогію.

Акрамя ўсяго іншага, мой бацька быў надзвычай таленавітым чалавекам, граў на многіх музычных інструментах, быў душой кампаніі (па ўспамінах маці).

 І вось пасля заканчэння сямігодкі я паспяхова паступіла ў Мазырскае педвучылішча (конкурс тады быў 7 чалавек на месца).

Закончыла Гомельскае педвучылішча, куды нас перавялі пасля другога курса з Мазырскага, а ў 1959 годзе  па накіраванні прыехала ў Лельчыцкі раён, дзе і працавала амаль 50 гадоў.

Спачатку працавала ў вёсках Баравое і Стадолічы Лельчыцкага раёна ў пачатковых класах. Потым прадоўжыла настаўнічаць у Лельчыцкай сярэдняй школе №2. Спачатку  ў групе падоўжанага дня, а з 1964 па 2006 гады — выкладала родную мову і літаратуру ў гэтай жа школе. Сем гадоў ужо знаходзячыся на заслужаным адпачынку была загадчыкам музея (школьнага), створанага мною, (з дапамогай, канечне, дырэкцыі школы), і кіраўніком гуртка «Мудрае слова народнае».

Завочна, у 1970 годзе, з чырвоным дыпломам скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці «педагогіка і методыка пачатковага навучання», а ў 1980 годзе таксама з чырвоным дыпломам, — гэтую ж вышэйшую ўстанову па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура».

Я ніколі не забуду першы свой урок з першакласнікамі ў Бараўской школе. Памятаю, што вельмі дасканала і старанна рыхтавалася. Дарэчы, так было і потым, на працягу многіх гадоў. Увайшла ў клас спакойна і ўпэўнена. Дзеці глядзелі на мяне па-рознаму: хтосьці спалохана, іншыя — з усмешкай, насцярожана.

Я ў адказ ім усміхнулася, кожнага з 25 вучняў абвяла позіркам. Потым сказала, што буду вучыць іх чытаць, пісаць, лічыць.

Размаўляла з дзецьмі па-добраму, з усмешкай. Час тады быў цяжкі, некаторыя вучні — фізічна слабыя. Разумеючы гэта, старалася падтрымліваць кожнага, абнадзеіць. І яны мне даверыліся.

А ім я гаварыла, што вучоба — гэта вялікая і адказная праца, але калі будуць стараннымі, то ўсё атрымаецца.

Часам са слабейшымі вучнямі даводзілася працаваць пасля заняткаў. Бясплатна, канечне. Адна мая дзяўчынка выхоўвалася ў няпоўнай сям’і. Маці была непісьменная і не магла ёй дапамагчы. А сама з чытаннем не магла справіцца. Працавала маці даяркай у калгасе. Тады я прапанавала прыходзіць у школу па дачку пасля заняткаў (у нас была другая змена) і вучыла чытаць іх абоіх. Хачу адзначыць, што свайго ўласнага часу на дзяцей мы не шкадавалі.

Ва ўзаемаадносінах з вучнямі, іх бацькамі, калектывам усё складвалася добра. Калегі-настаўнікі заўсёды падтрымлівалі, не было зайздрасці, панавала цёплая і даверлівая атмасфера, вопытныя педагогі заўсёды давалі парады маладым настаўнікам. Калі штосьці не атрымлівалася, то хваляваліся ўсе. І гатовы былі адразу прыйсці на дапамогу. Добры быў час, але цяжкі. Нават месца ў школе не хапала, і мы займаліся ў наёмным памяшканні. Але нягледзячы на праблемы, працаваць было цікава.

Я вельмі любіла сваю прафесію і на якую іншую не хацела яе мяняць.

А запрашэнні былі.

На самым пачатку майго працоўнага шляху старшыня райкама партыі, наведаўшы мой урок, запрасіў на працу ў райкам камсамола, на што я адказала, што маё месца школа і вучні. Потым загадчык аддзелам адукацыі М. П. Васілеўскі настойліва прапанаваў узначаліць аддзел кадраў — таксама не пагадзілася.

І нарэшце запрасілі ў мой Мазырскі педагагічны інстытут, дзе я атрымліва дзве вышэйшыя адукацыі і атрымала два дыпломы з адзнакай, у якасці метадыста з вучобай у аспірантуры — таксама адмовілася, бо вельмі ж была прывязана да школы і вучняў, а таксама да калектыву настаўнікаў. Часам так па ўсім гэтым сумавала, што не магла дачакацца, калі скончацца летнія канікулы. Надта прыцягвалі дапытлівыя і ўважлівыя вочы маіх вучняў, іх зацікаўленасць.

А хіба ж можна забыцца пра апошнія ўрокі літаратуры ў выпускных класах, якія я пачынала з пытання:

— Вы хочаце сёння працаваць?

— Не, — чулася ў адказ.

— Тады давайце ўспомнім самыя цікавыя моманты з урокаў літаратуры, што запомніліся на працягу ўсяго года.

І ўспамінам не было канца. Чаму менавіта цяпер я ўспамінаю аб усім гэтым? Бо сутыкнулася ў наш час з тым, што некаторыя настаўнікі звальняюцца і ўладкоўваюцца на іншую працу. Не магу іх зразумець, бо гэта не для мяне.

Адно ведаю, што наша прафесія важная і надзвычай патрэбная. Успамінаю заключныя радкі свайго сачынення на гэтую тэму, што пісала пры паступленні ў Мазырскае педвучылішча:

— Пройдуць гады, многія прафесіі знікнуць, з’явяцца новыя, а прафесія настаўніка — вечная…

Ганаруся, што паўвека аддала сваёй любімай прафесіі, не адступіла, не здрадзіла. Не магу сказаць, што ўсё было лёгка, ідэальна. Вось радкі з аднаго з маіх вершаў:

— Я настаўніцай марыла стаць,

Каб пачатую бацькам

                                  справу прадаўжаць

І 52 дарогай бацькі па жыцці ішла.

Былі і поспехі, і расчараванні, і радасці,

                                               і хваляванні.

У настойлівасці ад бацькі не адстала,

За працу падзякі і ўзнагароды

                                               атрымала.

Ордэн «Знак Пашаны» маю

І нашай агульнай узнагародай

                                                      называю.

Хачу звярнуцца да тых, хто ў свой час будзе стаяць на парозе выбару прафесіі: добра падумайце, паслухайце сваё сэрца, ці хіліцца яно да гэтай прафесіі, ці любіце вы яе… Тады ў вашым жыцці ўсё будзе добра. І на працу, як кажуць, з ахвотай, і дамоў з ахвотай.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА. Я
НА ЗДЫМКУ: 9 клас школы №2. 1968 год.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
1

Добавить комментарий

Войти с помощью: