Сусветны дзень донара штогод адзначаецца 14 чэрвеня.
Аб значэнні донарства расказваць многа не трэба, вядома, якую ролю адыгрывалі і адыгрываюць гэтыя людзі ва ўсе часы. Яны заўсёды добраахвотна здаюць кроў ці яе кампаненты для выкарыстання ў медыцынскіх мэтах. Слова «донар» утварылася ад лацінскага «donare», што азначае «дарыць». І сапраўды, донары аддаюць частку сябе, каб дапамагчы іншым, а часам і выратаваць іх жыццё.
Кроў і яе кампаненты выкарыстоўваюцца пры хірургічных аперацыях, лячэнні пры пашкоджаннях на целе чалавека і апёках, складанасцях пры родах і ў іншых выпадках пры ўскладненнях.
Штогод кроў у Беларусі здаюць болей за 100 тысяч чалавек, але неабходнасць у донарах павялічваецца.
З ліку донараў 87 тысяч — ганаровыя, колькасць якіх з кожным годам узрастае.
Па пытаннях донарства я паразмаўляла са сваёй суседкай Неўмяржыцкай Раісай Кузьмінічнай (1942 года нараджэння, пенсіянеркай). Гэта ўдумлівая і сур’ёзная жанчына, як кажуць, донар з вялікім стажам. І стала ім яшчэ ў 60-я гады, калі была студэнткай Рэчыцкага ветэрынарнага тэхнікума. Бралі кроў 2 разы на год, для донара бясплатна, першы раз — 250 гр., а потым — 450, і па 450 гр. ужо пастаянна.
Працягам донарства для Раісы Кузьмінічны стаў гарадскі пасёлак Лельчыцы, куды трапіла па накіраванні на працу. Тут знайшла і сямейнае шчасце — з мужам Міхаілам пражылі 33 гады.
Больш за 30 гадоў без перапынку працягвала Раіса Кузьмінічна здаваць кроў, каб ратаваць людзей (да 1996 года), здавала і ў першыя гады выхаду на пенсію.
Не аднаму чалавеку за гэты час выратавала жыццё.
Успамінае, што былі і цяжкасці. Аднойчы ў бальніцы давялося прасядзець амаль усю ноч, бо былі цяжкія роды, і ў любы час жанчыне магла спатрэбіцца кроў. Тады з ёй сядзелі і іншыя донары — Аляксей Карабко і Кацярына Папковіч. А раніцай усім ім патрэбна было ісці на працу.
А адзін раз Раіса Кузьмінічна так і не трапіла дамоў на абедзенны перапынак, яе перахапіла па дарозе хуткая дапамога і імгненна даставіла ў бальніцу, дзе тэрмінова спатрэбілася кроў. Групу яе крыві ў бальніцы ўжо добра ведалі. Трошкі адпачыўшы, успамінае, вярнулася на працу, бо і там былі неадкладныя справы. Але радавала тое, што хворая засталася жывая, што яшчэ адно жыццё выратавана, і ў гэтым і яе заслуга.
Не адзін раз выратоўвала жыццё і нашай суседцы — Красікавай Анастасіі Сяргееўне, і маёй маці, інваліду першай групы, і майму мужу ніколі не адмаўляла ў просьбе дапамагчы ў лячэнні, такое было і да іншых, хто звяртаўся да жанчыны з просьбай аб дапамозе.
Не раз мы, суседзі, назіралі, як у розныя часы сутак пад’язджала да Раісы Кузьмінічны хуткая дапамога і як яна імгненна адпраўлялася ў свой нялёгкі шлях.
Многія людзі нашага пасёлка памятаюць, як Раіса Кузьмінічна старалася ў цяжкія для іх моманты дапамагчы выратаваць самае каштоўнае, што ёсць у кожнага з нас, — жыццё, а таму выказваюць, чый жыццёвы шлях працягваецца і зараз, ёй падзяку і павагу.
Раіса Кузьмінічна мае высокія дзяржаўныя ўзнагароды:
1.Почётный донор СССР (1974 г.).
2.Медаль (Юбілейная) «Ганаровы донар» (1928 – 1973 гг.).
Хачу адзначыць яшчэ, што Раіса Кузьмінічна, калі ўжо стала пенсіянеркай, дапамагала і па сённяшні дзень па магчымасці дапамагае. Напрыклад, маладым маці нашых суседак расціць і выхоўваць іх дзяцей — вадзіла ў садзік, а потым у школу, назірала за імі і ў дамашніх умовах. Інакш яна не можа, бо яе сэрца прагне ўсяго, што датычыцца спагады і дабрыні.
Ад імя ўсіх хачу пажадаць гэтай цудоўнай жанчыне моцнага і трывалага здароўя. За безадказную дапамогу і выратаваныя жыцці выказваюць павагу і падзяку людзей.
І вось такія радкі ад мяне:
Жадаю доўга-доўга жыць,
Здаровай быць.
І, як заўсёды, дабро тварыць.
Святлана Мядзведзева.


















