Ёсць такая фраза: «Народжаны лятаць, поўзаць не можа». Канешне, сэнс гэтай фразы трэба разумець не літаральна. Яна раскрывае чалавека, які ўсё жыццё імкнецца да вышынь: вышынь у сваім жыцці, у сваёй працы…

Да гэтых вышынь імкнуўся ўсё сваё жыццё і выхадзец з далёкай палескай вёскі Заходы, што на Гомельшчыне, у Лельчыцкім раёне, Леанід Андрэевіч Штукар. На жаль, франтавік, заслужаны настаўнік не адзначаны ў раённай гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць» па Лельчыцкаму раёну, таму паспрабуем хаця крыху, але запоўніць гэты прабел.

Дзяцінства Лёні прыйшлося на тую асаблівую пару маладосці беларускай дзяржаўнасці, калі адначасова з цяжкасцямі росту быў несумненны энтузіазм, вера ў будучае, нейкі рамантызм, асабліва сярод моладзі. У тыя гады вельмі папулярнымі былі палёты Валерыя Чкалава і іншых савецкіх лётчыкаў, якія ўстанаўлівалі міравыя рэкорды, удзельнічалі ў выратаванні чалюскінцаў, якія апынуліся сярод ледавітага акіяна на дрэйфуючай ільдзіне. Многія марылі аб авіяцыі. Таму вельмі папулярнымі былі заняткі парашутным спортам, паўсюду ствараліся аэраклубы, будаваліся парашутныя вышкі…

Леаніду не прыйшлося ў юнацкія гады займацца авіяспортам. І не таму, што ў далёкай палескай вёсачцы не было ні парашутнай вышкі, ні тым больш аэраклуба. Трэба было дапамагаць па гаспадарцы сваім бацькам, звычайным беларускім сялянам. Але ён сутыкнуўся з авіяцыяй у суровыя гады вайны, ваяваў у якасці паветранага стралка на адным з легендарных самалётаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, на ІЛ-2.

У час аднаго з баявых вылетаў летам 1943 года пяцёрка штурмавікоў была атакавана 16 месершмітамі праціўніка. На самалёт Штукара абрынуліся адначасова 4 варожых знішчальніка. Агнём кулямёта стралок адбіў некалькі атак, пры гэтым адзін з варожых самалётаў, пускаючы шлейф дыму, упаў на зямлю. Але і амаль адначасова загарэўся і ІЛ-2.  Языкі полымя ўжо лізалі кабіну, самалёт падаў, камандзір быў у беспрытомнасці, магчыма, забіты. Леанід з цяжкасцю выбраўся на крыло і прыгнуў. Яго парашут аднесла амаль на ваколіцу нейкай вёскі. Калі да лётчыка падбеглі людзі, то ўбачылі наступнае: у лётчыка быў абпалены твар, ён ляжаў амаль непрытомны, з пераломамі рабёр. У такім стане яго захапілі ў палон. Але Леаніду пашанцавала. Ён не трапіў у канцэнтрацыйны лагер. Літаральна на наступны дзень лётчык быў вызвалены наступаючымі вайсковымі часцямі Чырвонай Арміі. За гэты бой сяржант Штукар быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Але пасля госпіталя ён ужо не мог лятаць. Як адзначана ў наградным лісту з нагоды ўзнагароджвання ўжо ордэнам Айчыннай вайны, «впоследствии, несмотря на осложнения, полученные в результате тяжёлого ранения, воевал в должности адъютанта командира эскадрильи, одновременно исполнял обязанности комсорга эскадрильи». Гэта было ўжо ў 1945 годзе. Як бачна з нагоды ўзнагароджвання Штукара другой баявой узнагародай, ён не стаў звычайным штабным работнікам, колькі мог, удзельнічаў у баявых аперацыях. Дарэчы, яму было прысвоена званне лейтэнанта, а вайну Леанід Андрэевіч закончыў у званні старшага лейтэнанта.

Пасля дэмабілізацыі юнак вырашыў вучыцца далей. Ён паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1951 годзе. З таго часу яго мірная біяграфія была звязана з прафесіяй настаўніка, а па месцу жыхарства са светлагоршчынай. Вось тут і праявіўся ў поўнай меры яго талент педагога і арганізатара. Хутка маладога настаўніка прызначылі дырэктарам Шацілкаўскай школы-інтэрната. Гэта быў вельмі складаны ўчастак працы. Асноўны кантынгент вучняў складалі дзеці, лёсы якіх зламала вайна, тыя, хто застаўся без бацькоў. Да іх патрэбен быў асобны падыход, каб хоць у нейкай ступені замяніць сем’і. Відаць, што дырэктар добра спраўляўся з даручанай справай, інакш яго б не назначылі загадчыкам аддзела народнай адукацыі Светлагорскага райвыканкама. На гэтай пасадзе Штукар працаваў доўгі час. Ужо калі па ўзросту яму стала цяжэй спраўляцца са шматлікімі абавязкамі загадчыка аддзела райвыканкама, ён звярнуўся да кіраўніцтва з просьбай дазволіць яму перайсці на выкладчыцкую працу.

Асобны этап яго працоўнай біяграфіі быў звязаны з выкананнем абавязкаў спачатку дырэктара сярэдняй школы №1 горада Светлагорска, затым настаўніка школы №2 гэтага ж горада. Аб тым, з якой аддачай ён выконваў гэтыя абавязкі, сведчыць той факт, што ў 1963 годзе Штукару Леаніду Андрэевічу было прысвоена пачэснае званне «Заслужаны настаўнік БССР». Вось так, у палёце, і прайшло жыццё гэтага выдаючага педагога, Настаўніка з вялікай літары.

Дзмітрый Хромчанка,
кандыдат гістарычных навук.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: