Часта даводзіцца чуць ад прадстаўнікоў нашага пакалення ды і старэйшых, што ў цяперашні час адбылася адаптацыя да чужога гора, да катастрофаў і трагедый. Гэта не толькі ў нас назіраецца. Так ужо ва ўсім свеце.

Мы глядзім, слухаем, напрыклад, пра тое, што дзесьці зарэзалі, спалілі кагосьці, забілі і гэтак далей. І ў грудзях ужо, як кажуць, не заўсёды ёкае. Раней такая інфармацыя яксьці фільтравалася, не ў поўнай меры даходзіла да тэлеэкранаў. А цяпер, калі ласка, — усё выходзіць наверх.

І ўсё новыя і новыя трагедыі здараюцца ў нас: вось гімназіст наносіць цяжкія нажавыя раны выкладчыцы; сусед падпальвае хату суседа, ледзь не губіць усю сям’ю; унук забівае сваіх дзядулю і бабулю, якія зрабілі яму заўвагу наконт паводзін.

Прыводзіць такія прыклады, напоўненыя празмернай жорсткасцю, можна бясконца.

Не аддаляецца ад жорсткасці і не менш жывучае ў нашым грамадстве раўнадушша.

Адна мая знаёмая расказала, што па дарозе з бальніцы дадому з ёй здарылася няшчасце — на слізкім месцы не ўтрымалася і ўпала на праезджую частку, бо па пераходу хацела трапіць на другі бок. Міма праязджалі машыны, але ні адна не прыпынілася. Пэўна, уладальнікі машын думалі аб нечым непрыстойным (маю на ўвазе алкаголь). Хутчэй за ўсё, на маю думку, праявілі раўнадушша. А яна проста не магла падняцца, вельмі патрэбна была чыясьці рука.

Такой «рукой» аказаўся малады работнік раённай міліцыі, які ехаў, як высветлілася, па службовай справе. Ён не толькі падвёз жанчыну да месца пражывання, але і пацікавіўся станам здароўя, высветліўшы нават, ці не патрэбна яшчэ якая-небудзь дапамога. Пераканаўшыся, што ўсё ў парадку, ён накіраваўся ў сваю нялёгкую дарогу. На просьбу жанчыны назваць сваё прозвішча лейтэнант толькі ўсміхнуўся, сказаўшы, што гэта не так і важна.

Вельмі прыемна, што сустракаюцца такія людзі, якім мы надзвычай удзячны. Шкада, канешне, што пакуль гэта выключэнне, як кажуць, з правілаў.

Сведчаннем з’яўляецца і другі выпадак, які паведала мая былая вучаніца. Ехала яна аўтобусам Гомель-Лельчыцы з камандзіроўкі. Прыкладна на паўдарозе адчула сябе неяк нядобра: з’явілася ташната, галавакружэнне. У сувязі з гэтым жанчына папрасіла шафёра спыніць аўтобус і дазволіць ёй на некалькі хвілін выйсці на свежае паветра. Трошкі стала лепш, але галавакружэнне прадаўжалася. Пастаяўшы яшчэ хвілін пяць, вярнулася ў аўтобус, бо людзям жа трэба было ехаць. Але ніхто з пасажыраў не прапанаваў дапамогі, не ўступіў месца, хаця тут былі і маладыя, і мужчыны.

«Крыўдна было, — гаварыла жанчына, — і надта балюча, бо з кожным магло такое здарыцца».

Дзе ж яна тая спагада, тое спачуванне?

Пэўна, ва ўсім павінна тая самая адаптацыя, бо гэта ж уваходжанне ў нейкую зону камфорту. А таму, магчыма, размова ідзе аб душэўнай, маральнай выматанасці і стомленасці людзей?

Але ж мы гаворым аб сучаснасці. А яна сёння, на жаль, менавіта такая.

Задумаемся, а ці трэба гэту сітуацыю якімсьці чынам выпраўляць, ці час сам усё расставіць на свае месцы.

Лічу, што выпраўляць не толькі трэба — гэта проста неабходна. Іншае пытанне, як гэта зрабіць. Як заставіць людзей апамятацца, спыніцца, задумацца ў такім няпростым свеце? Напэўна, гэта задача і мастакоў, і тэлебачання, і школы, і сям’і. Справа надта важная і патрэбная.

«Калі губляецца такая важная чалавечая якасць, як спагада, мы ўсе становімся на шлях самаразбурэння», — сказаў акцёр Ул. Сцяклоў.

А каб такое не здарылася, патрэбна вярнуць у адносіны паміж людзьмі спачуванне і міласэрнасць. І не лічыць банальнай фразу: «Спяшайцеся рабіць дабро». Хочацца заклікаць (у каторы ўжо раз!): «Спяшайцеся рабіць дабро».

Аказваючы дапамогу ў той ці іншай сітуацыі, вы падорыце чалавеку самае каштоўнае, што ёсць у кожнага з нас, — жыццё.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА,
Лельчыцы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: