Штрыхі да партрэта сябра-паэта Дзмітрыя Сечкі

0
1606

Амаль паўвека таму мяне, вучня-шасцікласніка, зусім нечакана запрасілі на чарговае пасяджэнне літаб’яднання пры райгазеце. Не лістом на хатні адрас, а па званку ў настаўніцкую некага з супрацоўнікаў рэдакцыі. Мне тады ж дазволілі не прыходзіць у гэты дзень на заняткі. Яно і зразумела, бо рэйсавыя аўтобусы з нашай вёскі да райцэнтра адыходзілі з самага ранку. Маці таксама парадавалася таму і знайшла грошай на білет туды і назад. На абед у сталоўцы таксама, паколькі дадому вясновай парой можна было вярнуцца толькі ўвечары…

Новых вершаў у мяне не было, таму пасля заняткаў я адразу ж сеў за прыгодніцкую аповесць у духу «Лані» Алеся Шашкова («Лань — рака лясная», 1960), якая надоечы прагучала па радыё. За некалькі вечароў напісаў яе з вельмі пакручастым сюжэтам адпаведна жанру. Не толькі з лірычнымі  пейзажнымі, а і з побытава-бытавымі апісаннямі. Яшчэ нават не зусім уяўляючы, для чаго і чаму раблю гэта. Хаця на такую адметнасць у кніжках я ўжо міжволі звяртаў увагу.

Мая цікавасць да чытання «падагралася» настаўніцай роднай мовы і літаратуры Марыяй Іванаўнай Кротавай, якая кожны свой апошні ўрок за чвэрць, калі ўсім вучням ужо былі выстаўлены  адзнакі, праводзіла ў форме прыватнага апытання, хто з дзяцей і якую кніжку прачытаў у апошні час. Аднакласнікі не вельмі ахвотна ўзнімалі рукі. Тады на выручку ім паспяшаў я. Бо ведаў, што настаўніца абавязкова папросіць пераказаць яе  змест. Яна падымала мяне, і я пачынаў «баяць».

Канечне, да гэтага загадзя рыхтаваўся. Трэба было не толькі прытрымлівацца логікі сюжэта будовы твора, але і згадаць так, каб гэта было сцісла і цікава для слухачоў. З уласнай ідэйнай інтэрпрэтацыяй вобразаў і паводзінаў герояў. З такой задачай я  заўсёды спраўляўся больш-менш удала. Таму іншым разам за ўрок успамінаў фабулу нават не адной, а дзвюх або і трох кніжак. Падчас дадаючы, зразумела, шэраг дэталяў і ад сябе, калі  яе не чытала настаўніца…

Цяпер, з вышыні свайго жыццёвага вопыту, я цалкам ухваляю такую методыку выкладання літаратуры і шчыра ўдзячны Марыі Іванаўне за добрую «навуку», якая мне вельмі спатрэбілася пазнай — пры выбары свайго прызвання.

Першым, каго я ўбачыў той раніцай каля ўнівермага ў райцэнтры, быў юнак невысокага росту з натхнёным тварам, у фасоністым маладзёжным палітончыку з узнятым каўняром і з шыракаватым шалікам на расхістаных грудзях і без шапкі. Як аказалася потым —  тадышні карэспандэнт «раёнкі», мінулагодні выпуснік адной з хойніцкіх школ Алег Рудчанка. Менавіта з ім крыху пазней я і пазнаёміўся ў рэдакцыі, што месцілася ў левым крыле былога райкама партыі (цяпер будынак Дзіцячай школы мастацтваў). У кабінеце стаяў стол, за якім сядзеў, нібыта на троне, загадчык аддзела пісьмаў Сцяпан Гоман. «Мэтраўскім» узмахам галавы ён раз-пораз ускідаў пасму русявых валасоў на правы бок. Крыху пазней у пакоі з’явіўся імклівы і непаседлівы Мікола Журовіч. Ён таксама нядаўна скончыў школу і па наракіраванні райаддзела адукацыі настаўнічаў у суседняй з нашай вёсцы — у Глушкавічах. Мікола забыў узяць блакнот з вершамі, а таму адразу ж пачаў званіць некаму з калег — у настаўніцкую, папрасіў пашукаць яго ў шуфлядцы. Паспешлівым почыркам з голаса запісваў свае апошнія вершы. Потым сталі заходзіць у кабінет іншыя аўтары, нікога з якіх я не ведаў.

З гасцей жа мне найперш запомніўся ўжо тады пажылаваты чалавек  такога ж невысокага росту, як Алег Рудчанка і Мікола Журовіч, — няштатны аўтар Мікалай Пазоўскі, чыё імя сяды-тады траплялася мне на вочы на старонках свежых нумароў «Светлага жыцця». Уразіла мяне і мажнаватая пастава спаважлівага ў рухах паэта Дзмітрыя Сечкі з сімпатычнай праплешынкай у чыпрыне над «сакратаўскім» ілбом.

«Старэйшыны» вырашылі пачаць пасяджэнне менавіта з абмеркавання майго «опуса», паколькі мне трэба было спяшацца на рэйсавы аўтобус. Чытаў мой рукапіс Сцяпан Гоман.

Вядома, я сам добра ведаў цану сваёй паспешлівай вялікай творчай працы. Я, як кажуць, нутром адчуваў, што схібіў у самім фінале аповесці. Ён быў па-дзіцячы наіўным і цалкам нелагічным. Бо я ж дапісаў яго літаральна ў  апошні момант — перад ад’ездам. Сам нават не паспеўшы ні разу перачытаць свайго «чарнавіка».

Уяўляю сабе, якое ўражанне склалася ў прысутных у рэдакцыі пра мяне —  яшчэ нават не падлетка, а звычайнага вясковага хлапчука, па вушы зацягнутага ў цянёты «прыгожага пісьменства». Таму агульны тон пры абмерванні майго «шэдэўра», канечне, быў «сціплым і стрыманым». Па вачах дарослых я бачыў: нікога з іх ён не ўразіў. Ніхто не хацеў пакрыўдзіць мяне, меркаванні выказваліся толькі наконт пэўных маіх здольнасцей. Кожны з выступоўцаў абнадзейваў мяне ў тым, што, маўляў, яны абавязкова выявяцца тады, калі я буду часцей і больш сур’ёзна працаваць са словам.

Наколькі памятаю, ад Дзмітрыя Сечкі не было тады ніякага «прысуду», бо ён, як кажуць, праходзіў на разраду «паэтаў». Таму палічыў за лепшае ўвогуле прамаўчаць. Хаця менавіта пра той выпадак мы потым ні разу так і не згадвалі…

Мяне  гэта, бадай, нават крыху ўзбадзёрыла, таму дадому я ехаў зусім не ў панічным настроі…

У ліпені 1977 года я стаў літсупрацоўнікам «раёнкі», а ўжо ў жніўні нас, ураджэнцаў Лельчыны, запрасіў для выступлення рэдактар літаратурных перадач абласнога тэлебачання Кастусь Калінаў. У дэлегацыю акрамя рэдактара Уладзіра Флёркі і мяне патрапілі настаўнік Алесь Лозка і Дзмітрый Сечка. У канцы традыцыйнай рэпетыцыі ў телестудыі вядучы нечакана ўспомніў імя былога мясцовага журналіста Паўла Шыбута  — паэта-гумарыста, аўтара кнігі карацелек «Кароткай чаргой», якога ён ведаў асабіста. Вырашылі, што яго «прадставіць» павінен У. Флёрка.

Пасля той паездкі мы з Дзмітрыем Ільічом шчыра і надоўга пасябравалі….

У сваёй невялікай бібліятэчцы Шыбут меў трохтомнік свайго любімага паэта Сяргея Ясеніна. Дарэчы, майго таксама, разам захапляліся яго выключным прыродным талентам. З беларускіх аўтараў сябра вельмі паважаў Максіма Багдановіча. Прапаноўваў мне нават два свае варыянты абразкоў, якія я паказваў і якія Паўлу сапраўды падабаліся. Восенню 1976 года сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Чыгрынаў у сваім артыкуле ў «Литературной газете» ў ліку мінулагодніх дэбютантаў прыгадаў і маё прозвішча, што сябра вельмі ўсцешыла. Толькі шкада, што па волі лёсу  наша сяброўства было такім непрацяглым!..

Яны, Павел Шыбут і Дзмітрый Сечка, жылі амаль па суседстве — Дзіма на другім паверсе ў доме былога райсельгасупраўлення. На шчасце, падобных супадзенняў у маім жыцці было шмат…

Прыгадаю толькі з іх…У дзень вяртання дадому са службы ў арміі я зайшоў у райцэнтры спачатку менавіта да сябра, бо ведаў, дзе ён жыве. Пасядзеў у іх з Ефрасінняй Фёдараўнай у гасцях, заспяшаўся на апошні рэйсавы да Глушкавіч, які адыходзіў з райцэтра амаль а 11 гадзіне вечара — амаль апоўначы. Хоць гэта і было ўжо ў другой палове мая.

Дзіма пайшоў праводзіць мяне да аўтастанцыі. У аўтобусе я нечакана сустрэў сваю будучую жонку…

Больш  чым праз два дзесяцігоддзі ў мне нарадзіўся сын Дзіма. Так супала — якраз на  Дзень святога Дзмітрыя Данскога. Таму імені яму з жонкай не выбіралі: назвалі яго так, як гэта было ў даўняй народнай традыцыі. Сябра быў гэтаму вельмі рады.

Наша сяброўства аднавілася. Дзмітрый Сечка ўсё расцей пачаў заходзіць у рэдакцыю.  Вядома, не з пустымі рукамі, а штораз з новымі вершамі. За размовай мне даводзілася тады затрымлівацца ў кабінеце дапазна…

Калі рыхтаваўся спецвыпуск «раёнкі», прысвечаны выхаду яе 8-тысячнага нумара (22 ліпеня 2000 года), Дзіма ахвотна падзяліўся з чытачамі ўспамінамі пра  сваё амаль паўвекавое супрацоўніцтва з рэдакцыяй. Падрыхтаваў артыкул пад назвай «Споведзь чытача». Добрым словам згадваў былога адказнага сакратара Тамару Рашчэню, якая яшчэ ў 1956-м прапанавала да друку яго першы верш «Весна».

Праз год Д. Сечка паехаў на вучобу ў Данбас у горад Чырвоны Промень, дзе скончыў горнапрамысловую школу. Стаў працаваць у шахце машыністам электравоза. З паэзіяй не развітваўся, друкаваўся ў шахцёрскай шматтыражцы і ў абласной маладзёжнай газеце. Дасылаў вершы і ў рэдакцыю «раёнкі». Аднойчы атрымаў ад Т. Рашчэні канверт са сваімі публікацыямі. Тамара Ігнатаўна ў рэдакцыйным артыкуле вельмі ўхвальна адгукалася пра творчаць паэта-шахцёра.

Вядома, юнак сумаваў на чужыне па родных мясцінах. Таму ў адным з вершаў шчыра прызнаваўся землякам: «Не смогли терриконов дымки Заменить мне полесских туманов…»

Менавіта пачуццё настальгіі  і паклікала юначае сэрца на малую радзіму. Не ўтрымалі ў Данбасе нават добрыя шахцёрскія заробкі. Вярнуўся ў Лельчыцы, уладкаваўся слесарам у РТС (райсельгастэхніцы), а праз год паступіў у Віцебскі ветэрынарны інстытут. Стажыроўку на пятым курсе праходзіў менавіта на базе пабудаванай у Мілашавічах амбулаторыі ветучастка.

Пра той час паэт распавёў у самым вялікім сваім творы — паэме «Лечащий человечество», якую шмат «шліфаваў» пазней, а надрукаваў у райгазеце толькі напярэдадні 60-годдзя. Вось як, у прыватнасці, апісаў ён свой прыезд у нашу вёску: «Дружной стайкою дубки Ветучасток окружали. Их вершины, как венки, Крышу зданья украшали. Из ветвей полукольцо,  Словно пышная гирлянда, Опускалась на крыльцо И звала в свою прохладу…»

Такі куточак адразу пазнае кожны з маіх землякоў, бо размешчаны ён насупраць лясніцтва, а сам будынак стаіць у атачэнні галінастага дубняку…

У навагоднім інтэрв’ю «У кожным чалавеку ёсць нешта прыгожае», змешчаным у нумары «СЖ» за 1 студзеня 2000 года, аўтар прызнаваўся, што вобраз галоўнага героя — «…збіральны, тыпізаваны. У ім можна знайсці тыя або іншыя рысы характару і манеры паводзінаў, якія мне падабаліся ў розных калег»…

У размове пра творчасць увогуле, Дзмітрый Сечка згадваў, што вершы пачаў пісаць пад уплывам сябра Косці Каледзіна, ад якога даведаўся пра сакрэт версіфікацыі. Быў наўдзіў просты: у зарыфмаваных радках абавязкова павінна супадаць колькасць складоў ці галосных літар…

Канечне, паэзія — гэта не толькі блуканні смотна-натхнёнага аўтара па маляўнічых знаёмых мясцінах, але яшчэ і вельмі сур’ёзная праца са словам. Паэт гэта дабра разумеў і ўсведамляў, а таму і прызнаваўся: «Я не такі чалавек, што пішу пастаянна, прытрымліваюся дэвізу — «ні дня без радка». Было і раней, калі за пяро не браўся гадамі. Але сябе, зразумела, не перайначыш. Таму праз нейкі час зноў пачыналі стукацца ў сэрца радкі, нараджаліся новыя вершы. Была, мабыць, патрэба выказаць сваё разуменне падзей жыцця, іх значнасці ў маім асабістым лёсе. Часцей гэта былі лірычныя вершы, падчас нават сатыра і гумар. Якія яны — меркаваць не мне. Напэўна, такія, якія ў мяне творчыя здольнасці. Але не пісаць я іх не магу. Інакш жыць, бадай, ужо і не здолею».

Мне вельмі імпанавала, што паэт меў такі ж самы погляд на творчасць, бо я таксама падчас надоўга замаўкаў і  не пісаў вершаў. Пакуль не «прарывала» . Таму мог бы сказаць гэтак, як і Д. Сечка: «Шчыра прызнаюся, што ніколі не перабольшваў уласных паэтычных задаткаў. Проста пішу, бо без гэтага не магу. Вершы — частка майго жыцця».

І ўдакладняў: «Як казаў ужо, былі перыяды, калі надоўга замаўкаў. Але надыходзіў момант, і зноў рука з алоўкам цягнулася да паперы. Так, прафесія ў мяне не з лёгкіх, калі не сказаць, што ўвогуле празаічная. Ды заўсёды адчуваў, што паэзія прыўносіць пэўны творчы пачатак і ў маю працу. Калі чалавек сапраўды знайшоў сваё прызванне, захоплены справай, то ён абавязкова стане добрым спецыялістам».

Пра публікацыю свайго першага верша сябра казаў так: «Гэта было вялікай радасцю, бо яго прачытаў увесь клас і настаўнікі».

На шчасце, такіх момантаў у жыцці Д. Сечкі было шмат. Асабліва тады, калі яго творы з’яўляліся на старонках часопісаў «Сельское хозяйство Белоруссии», «Нёман» і Усесаюзным штомесячніку «Рабоче-крестьянский корреспондент», ведамаснай газеце «Ветеринарный работник».

Больш паловы свайго працоўнага жыцця паэт аддаў любімай справе, таму і паэму прысвяціў менавіта ім, ветэранам-ветработнікам. Сэнс  свайго прызвання, а таксама і назвы твора ён раскрыў у прызнанні каханай дзяўчыне: «Только часть заботы всей — Врачевать четвероногих: Охраняет и людей Труд наш от болезней многих. Чтобы укрощать беду Медицине было легче, Ветработник на посту: Человечество он лечит! Вот как Павлов говорил — Наш великий физиолог. Я в его словах открыл Мир, что близок мне и дорог».

Канечне, медыкам прасцей хаця б таму, бо яны маюць справу з чалавекам, які можа расказаць пра свае адчуванні і «хворасці». Ветрабатнікам жа «…узнать непросто, Где у «пациента» боль», бо яны — бязмоўныя.  Сваіх «хворых» яны павінны проста любіць, заўсёды імкнуцца палепшыць стан жывёлінаў толькі на аснове ведаў іх фізіялогіі і нораваў. Нездарма толькі ў калектыўным зборніку «Натхненне. Вершы паэтаў Лельчыцкага краю»  Дзмітрый Сечка апаэтызаваў працу калег у такіх  вершах, як  «Материнство»,  «О прозе», «Рабочий день…», «На ферме»… Нават за іх радкамі чытач спаўна адчуе, што сапраўды «Бесконечный день рабочий На селе у ветеринара». Вельмі нялёгка і няпроста нават вопытнаму спецыялісту дабіцца таго, каб рагулі  паслухмяна выконвалі «загады» свайго спагадлівага Айбаліта, чуйна і належна рэагавалі на кожны пяшчотны дотык яго цёплых рук.

Ва ўяўленні самога паэта ветработнік — гэта прыклад асаблівага дару чалавечнасці,  адметнага светаадчування, для якога штораз  «Не телка бурёнка лижет: Мать своё дитя ласкает».

Перад усім Дзітрый Сечка быў, канечне ж, лірыкам са шматгранным талентам. Варта толькі чытачам узяць у рукі калектыўныя зборнікі «Добрыми глазами», выдадзены выдавецтвам «Мастацкая літаратура» яшчэ ў далёкім 1983 годзе, «Натхненне» і ўласную яго кнігу «Земля небесная», што таксама ўбачыла свет па ініцыятыве работнікаў маркетынгавай службы раённай цэнтральнай бібліятэкі (вялікі дзякуй ім за гэта!). Яны ўласнымі ж сіламі і намаганнямі апублікавалі яшчэ і сябраву паэму «Лечащий человечество».

У шчырасці пачуццяў дасціпнага чытача пераконваюць і такія вершы чыста пейзажнага і лірычна-філософскага зместу са зборніка «Натхненне», як «Сердце верит», «Поры года», «Осенние цветы», «Мой август», «Весенее утро», «Музыка весны», «Об осени», «Осенний этюд», «Удача», «Плоды Рябины», байкі «Учитель» и «Ученик», «Лев и Кошка», паэтычныя мініяцюры «О вечности», «О счастье», «Об ошибке», «Об истине», «О мудрости».

Нічога для мяне няма дзіўнага ў тым, што пазней, на пачатку гэтага веку, ў творчасці паэта загучалі вершы боска-касмічнага накірунку — «Вселенский разум», «О Небе  и Земле», «Жители Неба», «…И Бог поможет», «Человек и Вселенная», «Второй Вариант», «Не будет шар земной безлюдным», «Мы — тоже Природа», «Бытие-сознание», «Живое зеркало», «Одна семья», «О сотворении Земли и Человека», «Бог и человек», надрукаваныя на «Літаратурных старонках» «СЖ» толькі ў 2000-2002 гадах.

Сучасная руская паэтка Ларыса Міллер дала калегам вельмі мудрую параду: «В зимние сумерки свет потуши И обнаружишь свеченье души». Яно і сапраўды. Роздум над сэнсам жыцця заўсёды быў у цэнтры ўвагі кожнага сапраўднага Творцы. Яна па сабе гэта добра ведала, таму і загадзя кожнаму з іх наканоўвала такі ж самы лёс: «Свободные души  взлетают, чтоб впредь И  вечное слышать, и вечное зреть»; «Возвращаемся на круги своя, Наболевшее от других тая». Дзеля гэтага патрэбна дасягнуць аднаго: «Всё земное зашить, залатать и спасти, Неземное с земным воедино свести».

Шкада, што сябра не ведаў творчасці гэтай таленавітай паэткі, з якой у душы меў гэтулькі роднаснага! Гэта бачна нават па назве яго кнігі «Земля небесная». Для мяне такая сувязь навідавоку. Настойваю на тым, бо ведаю абсягі сябравых пошукаў на працягу многіх гадоў яго жыцця і нашага знаёмства…

Народная мудрасць здаўна сцвярджае: «Жыццё пражыць — не поле перайсці». Зразумець яе глыбінны сэнс дадзена толькі таму, каму наканавана на сцежках свайго лёсу шматразова спатыкнуцца на самых розных неспадзёўках і бедах, у тым ліку з боку тых, хто кляўся мне ў вернасці, а сапраўды ў душы быў ліхаімцам. Трэба было мне знайсці ў сабе сілы, каб перажыць такую іх здраду…

Такая нягода напаткала мяне непадалёку ад роднага дома каля двух дзесяцігоддзяў таму. Але знаўшоўся толькі адзін чалавек, які зразумеў сябра ў такі скрутлівы момант і адразу ж працягнуў рукі дапамогі. Такім чалавекам быў  Дзмітрый Сечка. Ён прысвяціў мне лірычную мініяцюру такога зместу: «Твои пятьдесят остудил лютый холод. Не очень печалься, ведь ты ещё молод. Пусть сердце твоё холода не остудят И в жизни тепло обязательно будет».

Так менавіта і здарылася, за што я, канечне, шчыра падзякаваў сябру пазней. Раблю гэта і цяпер, яшчэ раз — на яго чарговыя ўгодкі. Няхай ён і там, на Нябёсах, за полагам Вечнасці ведае і бачыць, што дабро ніколі не забываецца тымі, хто яшчэ мае шчасце ўсміхацца Сонцу і можа штодня ў душы радавацца сваім новым уражанням і адчуванням…

Аляксандр ЛІСІЦКІ,

г. Петрыкаў.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: