Пачуццё гумару, сам гумар заўжды дапамагаюць пераадольваць любыя цяжкасці, няўзгоды. Так было ў нашых продкаў. Гэта сцвярджаем мы, сведкі сучаснага жыцця. Так будзе ў нашчадкаў. Уменне востра і весела пацешыцца над сабой, сваімі і іншых заганамі — гэта прыкмета здаровай духоўнасці.

У нашага народа ў асаблівай цане сапраўдныя, а не выдуманыя каштоўнасці маралі, дабрыні, багацця душы.
Натуральна, што кожны з нас імкнецца да любві, шчасця, гарманічнага з’яднання з прыродай, з усімі народнымі набыткамі, якія выпрацавалі мінулыя пакаленні.
Вядома, што нашаму народу давялося многа перажыць: войны, Чарнобыльская катастрофа, а вось цяпер яшчэ і каранавірус ускладняе жыццё. Але душа засталася жывой, аптымістычнай. І гэта яскрава праяўляецца ў яго сатыры, жартах, прымаўках, анекдотах, байках, прыпеўках. Такія віды народнага фальклору нікога не пакідаюць раўнадушным.
А Аўцюкоўскія фестывалі гумару і смеху вядомы не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі.
«Пачастую» і вас некаторымі жартамі.
Доктар агледзеў аўцюкоўца і кажа: «Буду з вамі адкрытым. Трэба рабіць аперацыю. Пасля яе выжывае кожны пяты. Можа, што-небудзь перадаць вам перад гэтым?» Аўцюковец просіць: «Аддайце, доктар, мае штаны і чаравікі».

Разумнейшы…

Вярнуўся аўцюк з базару дахаты, рагоча:
— Жонка, ці чула, які наш кум дурны? Прадаў ён кабана, дык у яго адразу грошы ўкралі. — А у цябе хоць цэлыя?..
— У мяне ўкралі толькі вечарам..

Праклён

— Каб твае куры ў цябе елі, а ў мяне — несліся.

Аб’ягорыў

Адзін аўцюк купіў парсюка, а той — лянівы на яду. Што рабіць? Паставіў аўцюк вакол карыта восем люстэркаў. Убачыў парсюк, што яшчэ восем дзюдзікаў цягнуцца да яго карыта, давай хлёбаць. Ды так апетытна, што хутка вырас у добрае свінчо.

Аўцюк-рыбак

Аўцюк зімой ловіць рыбу. Мароз, а ён без шапкі. Яму падказваюць:
— Шапку надзень, замерзнеш.
— Ага, учора быў у шапцы, сусед прапанаваў сто грамаў, а я не пачуў.

Прапажа

У аднаго аўцюка з дзяжы прапала чатыры кіло сала. Ён узваліў віну на ката. Узважыў яго — роўна чатыры кіло. Стаіць і чухае патыліцу:
— Сала знайшоў, а куды ж кот дзеўся?
Далей я вас накіроўваю да кнігі Уладзіміра Ліпскага «Аўцюкоўцы». Там і не такое вы яшчэ прачытаеце.
Хачу адзначыць, што ад народнага гумару не застаўся ўбаку і каранавірус.
Сусед пытаецца ў свайго 80-гадовага сябра:
— Іван, як ты падрыхтаваўся да каранавіруса?
— Як, як і ўсе: купіў маску, ведаю. што трэба дыстанцыю захоўваць. Але з радасцю табе, шаноўны, паведамляю, што гэты нягоднік у маім арганізме месца не знойдзе. бо там ужо іншыя хваробы ўладкаваліся.
А цяпер прапаную вам, даражэнькія, уласную байку.

Чужое месца

Зіма ў гэтым годзе ў спячку ўпала,
Усе справы свае адклала:
Не было ні снегу, ні завірух –
Цішыня, і ніякіх зрух.
Снежань і студзень не парадавалі мяцеліцамі і маразамі,
Нават і не сумавалі разам з намі.
Не праяўляў сябе і люты,
Не запытаўся, як звычайна, ці мы абуты.
Снег з дажджом былі амаль штодзень –
І мы не заўважылі ніякіх змен.
Перад Раством у інтэрнэце нехта паштоўку змясціў:
Дзядуля з заступам і вядром бульбы кажа:
— Каб яе пасадзіў…Толькі ж калі? Да ці пасля свята,
Хочацца, каб ураджай быў багаты!
А ў некаторых месцах нават кветкі зімой цвілі,
Было ж гэта некалі ў красавіку ці маі.
Але зіма надзеі не губляла,
Што яшчэ ох як загуляе —
Наперадзе ж красавік,
Які да ўсяго прывык.
Па-добраму ўсміхнуўся і сказаў май:
— Ну, што ж, няхай!
Вось хутка пашлю цяпло і сонца,
Тады і засумуеш, зіма, бясконца.
Надзеі пратрымацца ў цябе няма,
Бо ўжо даўно скончылася твая пара.
Трэба было так моцна не спаць
І ў свой час усё ад прыроды браць.
Не адступіла і ў маі зіма,
І тут сваё ўзяла:
Халодныя дажджы, нават начныя замаразкі,
Моцныя паўночныя вятры —
Гэта яе адметныя штрыхі.
Не на жарт раззлаваўся тады май:
— Ты, нахабная свавольніца, знай:
Я ўжо шчырае прывітанне паслаў лету
І вось-вось перадам яму эстафету.
Вось так і жывём: пераадольваем выпрабаванні і цяжкасці, жартуем, смяёмся і чакаем лепшага. І я ўпэўнена, што яно абавязкова прыйдзе.
Таму, паважаныя, смейцеся на здароўе і будзьце здоровы.

Святлана Мядзведзева.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: