Святлана Мядзведзева: маладым мой бацька застаўся назаўсёды

0
702

Набліжаецца 75-годдзе Вялікай Перамогі. І зноў мяне ахутвае нейкі неспакойны сум ад таго, што мой бацька не дажыў да гэтых слаўных святаў. Засталася памяць аб ім і вось гэты пажаўцелы ад часу перадваенны здымак з сямейнага альбома. Я часта ўглядваюся ў яго, думаю, успамінаю пра ўсё, што звязана з бацькам. Са старой фотакарткі на мяне пазірае малады, прыгожы, з пышнымі кучаравымі валасамі і ўдумлівымі сур’ёзнымі вачыма 22-гадовы мужчына. Такім маладым мой бацька застаўся назаўсёды.

Па ўспамінах маці, да таго трагічнага 41-га ён працаваў настаўнікам, меў цудоўны голас, іграў амаль на ўсіх музычных інструментах, быў душой у калектыве педагогаў. І самае важнае — вельмі любіў дзяцей, аддаваў ім усяго сябе.

Як і кожны малады чалавек, бацька бясконца любіў жыццё, марыў шмат дасягнуць у ім, каб як мага больш прынесці карысці людзям, грамадству. Ды толькі не наканавана лёсам было ўсяму гэтаму збыцца…

Вайна ўварвалася ў жыццё знянацку і патрабавала ад кожнага правільнага рашэння і адзінага выбару. Ніхто не ведаў зыходу вялікага супрацьстаяння фашызму і савецкага народа, і таму вызначыць тых, хто вагаўся, было вельмі цяжка. Выбарам жа майго бацькі стала падпольная работа на акупаванай ворагам тэрыторыі. Рашэнне было прынята адразу і без сумненняў. Збор зброі, лістоўкі — першыя крокі дзейнасці арганізацыі, адным з кіраўнікоў якой ён быў. І звязаныя з гэтым цяжкасці, рызыка, нечаканасці, ахвяры, выпрабаванні. Так, напрыклад, на ўгаворы аднаго з удзельнікаў камсамольскага падполля Ярмольчыка пайсці ў паліцыю бацька адназначна сказаў: «Я не так выхаваны, каб мяняць свае ідэйныя перакананні ў залежнасці ад абставінаў!» Гэта лішні раз падкрэслівала цвёрдую ўпэўненасць бацькі ў праваце справы, за якую ён змагаўся. Дарэчы, той самы Ярмольчык пайшоў тады ў паліцыю, і толькі ў 1986 годзе над ім адбыўся суд на яго ж радзіме, у вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна.

Здраднік выдаў усіх. Іх забіралі па адным. Затым — Васілевіцкая і Юравіцкая турмы, жорсткія катаванні і, нарэшце, -— шыбеніца. Аб гэтым маці даведалася, калі, пакінуўшы мяне дома, тады зусім яшчэ немаўля, апошні раз несла вязню перадачу. Не крычала, не плакала, бо ўжо ўсё выплакала — проста як скамянела.

Але жыццё працягвалася, трэба было працаваць, выхоўваць мяне і брата. Праз некаторы час і паперу атрымала з адной казённай фразай: «За падпольную работу і сувязь з партызанамі Мядзведзеў Аляксандр Мікалаевіч жорстка пакараны фашыстамі». Вось і ўсё.

Бяда не прыходзіць адна. Хутка маці моцна захварэла і на 6 гадоў была прыкавана да ложка. Мы з братам апынуліся ў дзіцячым доме. Мала каму тады было зразумела, чаму пасля заканчэння сямігодкі я вырашыла стаць менавіта настаўніцай. І мара мая здзейснілася.

Спачатку скончыла педвучылішча, потым педінстытут,  факультэты пачатковых класаў і філалагічны. Увесь час працавала ў школе. Любіла  свой занятак, дзяцей. І пастаянна думаю, якой бы радасцю гэта было для бацькі, калі б ён дажыў да гэтага часу.

Безумоўна, хвароба маці значна пашкодзіла таму, каб мы больш даведаліся пра дзейнасць бацькі. Можна было б апытаць сведак, яго аднадумцаў, калі многія былі яшчэ жывымі, і аформіць як след адпаведныя дакументы, каб больш дастойна захаваць памяць. А ў архіве, куды я звярталася не адзін раз у апошняе дзесяцігоддзе, падпольная арганізацыя, дзе быў бацька, не значыцца. То былі 1941-1942 гады, пачатак вайны.

Таму вельмі хацела б, каб гэты мой успамін стаў сведчаннем светлай памяці аб бацьку, аб тых, хто таксама загінуў у гады вайны і навекі застаўся маладым у сэрцах сваіх родных і блізкіх.

Дарэчы, мой старэйшы сын Аляксандр, які жыве ў Расіі, наведаўшы музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, знайшоў там сярод загінуўшых удзельнікаў вайны і прозвішча свайго дзядулі — Аляксандра Мікалаевіча Мядзведзева. Унукі і праўнучка ведаюць, што іх дзед і прадзед быў сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы, і ўспамінаюць яго з гонарам і павагай.

Святлана Мядзведзева.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: