На гадзінніку поўнач, а мне пакуль што не спіцца. Заплюшчваю вочы, а вушы чуюць шум ветру за акном.  Падыходжу да акна, каб палюбавацца высокімі, статнымі дрэвамі ды начнымі зоркамі.

Ужо восень, а таму на двары, пэўна, адчуваецца начная прахалода. А ў маёй кватэры цёпла і ўтульна.

За акном выгляд цудоўны! Ён адкрывае мне не толькі розныя далягляды, але і мноства дарог, зусім розных, па многіх з якіх я ўжо прайшла. Радуе надта тое, што яны былі мірнымі і спакойнымі, хаця часам нялёгкімі — з цяжкасцямі і нават выпрабаваннямі.

Радуе і тое, што наша агульная Радзіма — безумоўна вольная, незалежная і міралюбівая Беларусь. Ды і наогул мяне радуе ўсё, што звязана з гэтым  паняццем «Радзіма». І перш за ўсё прырода роднага краю, як частка яе.

trofei.by
Фото trofei.by

Усё прыгожае ў чалавеку здольна выхаваць прырода. У яе мы вучымся дабру і чалавечнасці, справядлівасці і спагадзе. Чалавек заўсёды звязаны з лясамі, палямі, рэкамі і азёрамі, раслінамі, птушкамі і жывёламі. Без іх ён не можа існаваць, бо сам ён — частка прыроды. Людзі ўплываюць на яе, яна (прырода)  уплывае на іх жыццё, здароўе, настрой.

Я вельмі люблю расліны. Уявіце наваколле без дрэў, кустоў, травы, кветак. Гэта нішто, пустата.

Я, дуб, ручай, рака, расліны — адзінае цэлае. Гэта прырода, жыццё. Подых ветру акрыляе мяне, шум ракі, ручая ўзбуджае мае пачуцці, сустрэча з дубам надае сілу, робіць разважлівай, упэўненай.

А кветкі! Ах, гэтыя кветкі! Што за цуд! Як яны вабяць да сябе непаўторным пахам і прыгажосцю! Падмаргнуць табе — і заплюшчаць свае блакітныя вочы на ноч, а на досвітку адкрыюць іх, весела ўсміхаючыся. Кветкі радуюць мяне, падымаюць настрой, робяць жыццё прыгажэйшым.

Людзі, любіце кветкі, любіце прыроду! Дарыце кветкі адзін аднаму — дарыце шчасце. Няхай ваша жыццё, жыццё кожнага чалавека будзе падобным на чароўную кветку!

Але сёння мне больш хочацца гаварыць пра самае галоўнае, самае каштоўнае — пра нашу Бацькаўшчыну.

Рака нараджаецца з ручаін, дрэва расце з каранёў, чалавечая годнасць і вартасць нараджаецца з глыбокай адданасці сваёй Радзіме, з ведання яе гісторыі, з пашаны да спадчыны, з любві да свайго народа, роднай мовы.

Радзіма наша  Беларусь вядома ўсяму свету. Зірніце на карту. Прыгожым кляновым лістком раскінуліся яе абсягі. Карта расквечана гарадамі і вёскамі, рэкамі і азёрамі, зялёнымі дыванамі лясоў, лугоў і багатых палеткаў.

Пройдземся ж па нашай зямлі, зазірнём у мінулае і ўгледзімся ў будучыню.

Край  азёраў і легендаў! Колькі цудоўных паданняў складзена народам аб рэках, азёрах, паселішчах! І ў кожным—жыццярадасная дабрыня і мудрасць, перададзеныя для нас, нашчадкаў.

Нашы продкі ў ІХ стагоддзі называліся крывічамі, радзімічамі, дрыгавічамі. Былі яны рослыя і моцныя, са светлымі валасамі і з шэрымі вачыма. Адзенне насілі белага колеру. Адсюль адна з версій паходжання сучаснай назвы — беларусы.

Ад спрадвечных часоў займаліся беларусы земляробствам. Зямлю яны любілі, працавалі на ёй з ахвотай, дзяцей з малых гадоў прывучалі да працы.

Адна з самых трагічных старонак мінулага маёй Радзімы — Вялікая Айчынная вайна, якая пакінула надзвычай цяжкі адбітак.

Ды і сённяшнія падзеі не радуюць. Лічу, што менавіта мы, беларусы, павінны адыгрываць вырашальную ролю ў лёсе нашай Радзімы. А тое, якой яна будзе, залежыць у асноўным ад маладых, многія з якіх у сучасны перыяд  павінны прыпыніцца і задумацца.

Кажуць: «Радзіма — месца, дзе ты нарадзіўся». Але гэтыя словы ў некаторай ступені банальныя. Усё больш людзей вырашаюць прамяняць сваю Радзіму на іншую, багатую і паспяховую. Я так зрабіць ніколі б не змагла. Сэрца, улюбёнае ў Беларусь, не дазволіла б…

Сваю думку хачу пацвердзіць надзвычай шчырымі радкамі з верша «Родныя вобразы» Міколы Хведаровіча:

З прыродай зліўшыся душою,
Мы едзем далёка за мора
Чужыя глядзець гарады,
Шукаем скалістыя горы,
Азёры крыштальнай вады.
І часта, так часта бывае,
Што мы ў сумятлівым жыцці
Мінаем і не заўважаем
Красу сваіх родных мясцін.

Хачу адзначыць, што ёсць у нас чым ганарыцца, але ёсць і неадкладныя праблемы, у вырашэнні якіх патрэбен дзейсны ўдзел усіх. І далёка не разбурэнне спатрэбіцца, а стварэнне.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: