«…Вельмі хочацца напісаць пабольш пра свой родны край, пра Лельчыцкую старонку, якая пусціла мяне ў вялікі свет. Я ёй абавязаны да склону дзён».
М. Капыловіч.
10 ліпеня нашаму земляку, пісьменніку Міколу Капыловічу споўнілася б 85 гадоў.
Нарадзіўся Мікола Фаміч Капыловіч у вёсцы Астражанка. Скончыў Астражанскую сярэднюю школу (1956). Працаваў настаўнікам, на Беларускім радыё, у газеце «Звязда», выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура». Усур’ёз літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца пасля заканчэння ўніверсітэта. У рэспубліканскім друку ўпершыню выступіў у 1961 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва», дзе былі надрукаваны эцюды «Сыкаюць косы», «У акопах растуць баравікі».
У 1968 годзе ў выдавецтве «Беларусь» выйшла першая кніга Міколы Капыловіча. У 1986 годзе Саюз пісьменнікаў БССР прыняў яго ў свае рады, што сведчыла аб склаўшымся падмурку прафесійнага літаратара-празаіка, было сведчаннем вялікага творчага гарэння, напружанай і нястомнай працы пісьменніка. У сваіх творах аўтар імкнуўся перадаць усю прыгажосць і непаўторнасць родных мясцін, бо лічыў, што Палессе з’яўляецца радзімым куточкам, дарагім сэрцу ўспамінам.
Ад першага да апошняга твораў наш зямляк пісаў пра палешукоў-землякоў, напаўняючы свае радкі пяшчотай і любоўю да кожнага (кнігі прозы «Скрозь жывуць людзі», «Засада», «Дні ціхай восені», «Чужы сваяк»).
Памёр Мікалай Фаміч 28 лютага 2000 года.
Але такія яркія землякі застаюцца… Памятаюцца сваім родным і блізкім, сняцца, скрозь час датыкаюцца роднымі далонямі, клапатліва ўкрываюць плечы любоўю. І доўгімі звілістымі дарогамі распасціраюцца да гарызонту нашы ўспаміны пра Міколу Капыловіча, якія ўводзяць у мінулае праз яго творы, дзе мы іншыя, дзе няма расстанняў і адлегласцяў, дзе ўсё магчыма — толькі працягні руку. Там менш болю і больш светлай будучыні, вытканай з ранішняга неба, цёплага сонца і кветак на росным лузе…
Такія землякі ў нашай памяці абавязкова застаюцца… У старых фотаздымках, памятных датах, любімых творах… У заснежаных вуліцах, сценах дамоў, цішыні ночы, у сценах нашай роднай бібліятэкі, дзе не раз пабываў Мікола Капыловіч… Прыносяць у сне добрыя весткі, што жыццё працягваецца і што мы пад наглядам.
Наталля Забаўка, бібліятэкар сектара маркетынга і сацыякультурнай дзейнасці




















