Сустрэць сапраўднага, адданага сваёй справе настаўніка ― гэта вялікая ўдача.

Асабліва, калі такі настаўнік не проста вучыць дзяцей, раўнадушна прыходзячы на заняткі  і адлічваючы час да заканчэння адпрацоўкі, а ўкладвае ў справу часцінку сваёй душы, не шкадуючы сябе. Дарэмна зараз імкнуцца абясцэніць сферу адукацыі. Менавіта настаўнік фармуе сапраўдныя чалавечыя якасці, яго праца не менш адказная чым ювеліра, ён выточвае характар маленькага дзіцяці, які потым становіцца  дарослым чалавекам.

   І менавіта ад таго, якія якасці будуць закладзены ў маладосці, — залежыць, хто вырасце.  Не так даўно ў Лельчыцкі раён, як гэта звычайна бывае ў жніўні, прыбыло кадравае папаўненне маладых настаўнікаў, якія заступілі да дошкі, сярод партаў на працу ў класах. Новая моц для нашай раённай адукацыі. Яе будучыня. Чым жывуць, што плануюць зараз маладыя настаўнікі, інтэлігенцыя раёна? Аб гэтым мы вядзем размову з прадстаўніцай гэтай часткі сферы адукацыі ― маладой настаўніцай Алёнай Дашкевіч.   

Мою субяседніцу можна назваць настаўнікам па душы і прызванню, што будзе ўкладваць частку сябе ў кожнага з дзяцей. У гэтым годзе яна скончыла Рэчыцкі педкаледж і накіравана ва УА «Сярэднепячанскі дзіцячы сад-базавая школа». Пасля знаёмства з Алёнай адчуваецца, што яна педагог па прызванню. Па-першае, бо выбрала сваю прафесію па падказцы сэрца, па-другое — выдатна сумяшчае выхаванне і сяброўства з дзецьмі.

А гэта вельмі сур’ёзная і вялікая навука. Тым больш, улічваючы якія ў дзяцей зараз запытанні.

І гэтую навуку Алёна паспяхова спасцігае. Першы свой вопыт настаўніцтва дзяўчына атрымала ў час стажыроўкі ў летнім лагеры ў Светлагорскім раёне. Маладая настаўніца была там два гады запар піянерважатай. Кіраўніцтва вельмі высока ацаніла работу і, нават, запрасіла да сябе яшчэ раз. Вельмі прыемна было працаваць піянерважатай. Усе 21 дзень, што знаходзілася ў лагеры, Алёна Дашкевіч шмат часу надзяляла дзецям і гэта заўважылі.

― Кожнае дзіця ― гэта асобны свет, ― расказвае Алёна. ― І да кожнага трэба шукаць падыход. Пры гэтым не забываць, што мы адна каманда, якая павінна працаваць як адзіны механізм. Мне пашчасціла, што ў лагеры былі дзеці, кожны з іх нешта ўмеў рабіць: плаваць, спяваць, танцаваць. І гэтыя якасці трэба было ўмела дэманстраваць і атрымліваць адзнаку.

Алёна лічыць, што выхаванне, далучэнне да ведаў ― гэта вялікае мастацтва і трэба ўмець развівацца ў межах гэтага мастацтва, захоўваючы пры гэтым прыстойнасць:

— Адным дзецям нешта даецца лёгка, другім цяжэй, і важна, каб ніхто не апынуўся засерджаны. Гэта няпроста.

Гутарка з дзецьмі, як прызнаецца мая субяседніца, прыносіць ёй непадробленае задавальненне. Менавіта таму яна і выбрала прафесію настаўніка. Дзяўчына не цураецца аніякай работы, смела бярэцца за новыя формы ў сваёй прафесіі. Яна пагружаецца літаральна з галавой у справу і поўнасцю ёй аддаецца, бо лічыць прафесію цікавай. І нават выхадныя ў час стажыроўкі не спяшалася браць. Справа для яе на першым месцы. І з калегамі добразычлівая, калі патрэбна, то можа падстрахаваць іх.

Аб тым, як прынялі на рабоце ў Сярэдніх Печах, дзеліцца:

— Вельмі шчыры калектыў, аднесліся, як да роднай. Усё паказалі, растлумачылі. Зразумела, мы ж, настаўнікі, робім агульную справу. Я спадзяюся на далейшы поспех разам.

У сваім развіцці, як прафесіянал, Алёна не спыняецца. Адначасова з адпрацоўкай яна будзе вучыцца ў Мазырскім педагагічным універсітэце ім. Івана Шамякіна. У Сярэдніх Пячах  дзяўчына будзе выкладаць нямецкую мову, а ў Мазыры на завочным аддзяленні вышэйшай навучальнай установы будзе ўдасканальваць свае веды па нямецкай мове. Да таго ж плануе яшчэ асвойваць новыя накірункі ў настаўніцтве. Канкрэтна якія — яшчэ дакладна не вызначыла. Магчыма, гэта дэфекталогія ці які-небудзь іншы накірунак.

Пажадаем поспехаў Алёне!

Канстанцін КАВАЛЁЎ.
Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: