У кожнага з нас ёсць свой непаўторны куток, у які заўсёды хочацца вяртацца, які асабліва дарагі сэрцу. У маім выпадку гэта гарадскі пасёлак Лельчыцы.

З гэтым месцам у мяне звязана мноства каштоўных успамінаў: вось маленькі пруд, ля якога я любіў пабегаць у летнюю спякоту, а вось пляцоўка ў цэнтры горада, дзе калісьці я скочваўся з горкі, а там возера Мох, вакол якога я заўсёды любіў катацца на ровары. Менавіта гэтыя мясціны асабліва прыцягваюць мяне.

Існуе некалькі легенд аб паходжанні назвы «Лельчыцы». Адна з іх абвяшчае, што буслы (лелі) збіраліся тут разам, калі адляталі на Поўдзень. Цэнтральнай фігурай на гербе і флазе нашага горада і раёна з’яўляецца менавіта бусел з горда ўзнятымі дагары крыламі.

Першапачаткова Лельчыцы былі мястэчкам, аднак зараз прэтэндуюць на званне горада. Тут аднаўляюцца старыя будынкі, з’яўляюцца сучасныя. Ёсць нямала месцаў, якія можна наведаць: паркі, музеі, бібліятэкі, царква, касцёл, помнікі, выстава ваеннай тэхнікі і іншыя.

Мне тут ніколі не бывае сумна: для заняткаў фізічнай актыўнасцю паўсюль размешчаны турнікі, спартыўныя корты, рэканструіраваны стадыён. З мерапрыемстваў мне найбольш падабаюцца канцэрты і святочныя праграмы пад адкрытым небам на цэнтральнай плошчы. Гарадскі цэнтр культуры заўсёды прапануе нешта цікавае, перыядычна тут праходзяць цыркавыя выступленні, шоу са спецэфектамі. У Лельчыцах ёсць кінатэатр, дзе паказваюць фільмы для дзяцей і дарослых. Улетку можна адпачыць ад спякоты ля фантанаў.

Я шаную свой горад, таму што тут жывуць працавітыя, таварыскія і гасцінныя людзі. Лельчыцы —  гарадок муз. Ён супакойвае, натхняе на разважанні. Не дзівосна, што тут столькі таленавітых майстроў, мастакоў, музыкантаў. Варта адзначыць і якасць працы спецыяльных служб, якія  актыўна клапоцяцца аб утульнасці ў горадзе. У валанцёрскіх акцыях па навядзенню парадку актыўна ўдзельнічаюць і самі жыхары пасёлка, у тым ліку школьнікі.

Лельчыцы — добраўпарадкаваны гарадок, які славіцца сваёй чысцінёй, таму тут заўсёды камфортна. Мне падабаецца проста шпацыраваць па вуліцах гэтага ціхага мястэчка, уздоўж якіх рассаджаны кветкі, дрэвы. Гэтыя зялёныя астраўкі ўпрыгожваюць, зацяняюць, ачышчаюць паветра.

Як жа я люблю свае родныя, прасторныя і жывыя Лельчыцы! Люблю гэты горад ўзімку, калі заснежаныя дрэвы нібы заціхаюць і чакаюць чагосьці. Люблю яго па вясне, калі прырода толькі прачынаецца, снег зыходзіць, і ў паветры адчуваецца свежасць. А летам люблю яго за зялёныя маністы бяроз, якія шлакочуць далоні. Безумоўна, нельга не заўважыць прыгажосці Лельчыц і ўвосень, калі лісце засцілае зямлю залатым шаматлівым дываном.

Лельчыцы — горад не толькі майго дзяцінства, але  і маёй будучыні, куды я заўсёды буду вяртацца. Нездарма ж кажуць: «У гасцях добра, а дома ўсё ж такі лепш».

Аўтар юны карэспандэнт  Яўгеній ПЕРЖАНІЦА.
Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: