«Любоў да Радзімы, клопат аб людзях і працавітасць — мае галоўныя прынцыпы»

Яе працоўная прастора вельмі рэдка абмяжоўваецца сценамі кабінета, а рабочы маршрут можа праходзіць праз дзясяткі населеных пунктаў рэгіёна. Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Кацярына Зенкевич на пасадзе старшыні восем гадоў. На Гомельшчыне пад яе кіраўніцтвам рэалізуецца мноства праектаў самай рознай накіраванасці, ідзе актыўная заканатворчая дзейнасць, наладжаны сувязі з далёкім і блізкім замежжам.
У інтэрв’ю карэспандэнту «Звязды» сенатар расказала, чаму законы павінны абапірацца на рэальныя запыты людзей, дзякуючы чаму ў рэгіёне развіваецца грамадзянская ініцыятыва і як дэпутацкі корпус далучыцца да Года беларускай жанчыны.
Асабістая адказнасць
Карэнная гамяльчанка, Кацярына Анатольеўна пачынала працоўны шлях у Гомелі мантажнікам радыёэлектроннай апаратуры. Больш за дваццаць гадоў працавала ў эканамічных службах органаў дзяржкіравання вобласці. Дэлегат VІ і VІІ УНС, член Вышэйшага палітычнага савета партыі «Белая Русь», Кацярына Зенкевіч — актыўны кіраўнік, патрыёт, жонка, маці і бабуля, для якой сям’я — адна з асноў школы жыцця.
— Мы пакаленне, якое расло і фарміравалася ў часы Савецкага Саюза, а асноўныя жыццёвыя прынцыпы, пачуццё Радзімы закладвалі бацькі, выхавацелі, настаўнікі. Мы раслі ў клопаце і ўвазе, лічылі абавязковым дапамагаць малодшым, пажылым. Перад вачыма быў прыклад бацькоў, якія шмат працавалі, у тым ліку дзеля нас. Любоў да Радзімы, клопат аб людзях і працавітасць — мае галоўныя прынцыпы, і я не звязваю іх выключна з дзейнасцю дэпутата або сенатара, таму што яны важныя ва ўсіх сферах жыцця і, лічу, павінны быць галоўнымі арыенцірамі для кожнага, — падкрэслівае Кацярына Зенкевіч.
На сустрэчах з грамадзянамі, падзялілася Кацярына Анатольеўна, яна нярэдка вяртаецца да пытання асабістай адказнасці кожнага за будучыню краіны.
— Нагадваю словы Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі аб тым, што для дасягнення пастаўленых мэт неабходна шмат працаваць і быць патрыётам, а выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт, — гаворыць сенатар.
Такія прынцыпы шмат у чым вызначаюць і яе асабісты падыход да дэпутацкай дзейнасці, бо гэта творчая, дакладная і вельмі адказная работа. Дэпутату неабходна ўнікаць практычна ва ўсе сферы жыцця, разумець, як працуюць прадпрыемствы і арганізацыі, каб мець магчымасць задаць пытанні адказным асобам ад імя выбаршчыкаў, агучыць праблемы людзей на розных узроўнях, накіраваць адпаведныя запыты.
— У дэпутацкім корпусе Гомельшчыны сёння працуюць энергічныя людзі, якія валодаюць дастатковым прафесійным досведам для прыняцця самых адказных рашэнняў. Мы ўвесь час вучымся адзін у аднаго, — падзялілася Кацярына Анатольеўна і дадала, што, сапраўды, новы этап жыцця для яе пачаўся пасля выбрання ў Савет Рэспублікі.
— Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Іванаўна Качанава заўсёды падкрэслівае, што найважнейшае ў дзяржаўнай працы — гэта ўважлівае стаўленне да людзей. Адзначу, што многія ініцыятывы на рэгіянальным узроўні нараджаюцца менавіта са зносін з людзьмі і разумення іх паўсядзённых патрэб. У цэлым работа дэпутата пачынаецца з разумення адказнасці перад выбаршчыкамі, і галоўнае — уважліва выслухаць і разабрацца ў сітуацыі ўсебакова, — упэўнена Кацярына Зенкевіч. Па яе словах, дэпутат павінен валодаць і пэўнай смеласцю, каб узяць на сябе адказнасць за вырашэнне складаных пытанняў
Рэалізаваць сябе
Паўсядзённая работа Кацярыны Зенкевіч таксама шмат у чым будуецца вакол камунікату з людзьмі. Фарматы самыя розныя: выязныя прыёмы, сустрэчы з калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый, наведванне населеных пунктаў, у тым ліку аддаленых і маланаселеных. Адначасова дэпутат вядзе і пастаянны маніторынг гандлю, якасці паслуг, якія атрымліваюць жыхары рэгіёна ў сферах ЖКГ, адукацыі, аховы здароўя, бытавога абслугоўвання. Многія працоўныя пытанні вырашаюцца непасрэдна падчас паездак, калі ацэньваецца добраўпарадкаванне населеных пунктаў, работа сацыяльна значных аб’ектаў. У рабочым графіку, безумоўна, і сесіі абласнога Савета дэпутатаў і Савета Рэспублікі, пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта, Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. Па найбольш актуальных пытаннях сенатар імкнецца ўдзельнічаць таксама ў сесіях базавых і сельскіх Саветаў дэпутатаў.
Эфектыўнасць работы парламентарый вызначае па рэальных выніках у жыцці людзей і па іх актыўнасці і гатоўнасці ўключацца ў развіццё свайго рэгіёна. Як звярнула ўвагу Кацярына Зенкевіч, штогод на Гомельшчыне праходзіць каля 4,5 тысячы суботнікаў, некалькі сотняў дзён вёскі і сельсавета. Расце цікавасць да абласнога конкурсу на лепшы сельсавет. Так, у мінулым годзе на 15 прызавых месцаў у гэтым адборы прэтэндавалі 35 кандыдатаў, сярод органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — 13 прэтэндэнтаў на тры месцы, сярод камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — 14 удзельнікаў на тры прызавыя пазіцыі. Расце колькасць удзельнікаў грамадзянскіх ініцыятыў, што пацвярджае актыўнасць жыхароў і непасрэдна ўплывае на развіццё рэгіёна.
Сям’я, мацярынства, дзяцінства
Дэпутаты Гомельшчыны актыўна ўключыліся ў мерапрыемствы Года беларускай жанчыны.
— Пытанні падтрымкі жанчын, сям’і і мацярынства сёння абмяркоўваюцца на розных пляцоўках. На ролю жанчыны ў сям’і, працоўным калектыве, грамадстве і дзяржаве, а таксама неабходнасць падтрымкі тых, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, звяртае ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі. Гэтыя важныя пасылы атрымалі працяг і на рэгіянальным узроўні. У Гомельскай вобласці прайшоў выязны практычны семінар для старшынь Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню. Асноўная ўвага на ім была ўдзелена стану бытавога абслугоўвання насельніцтва і мерам па яго паляпшэнні, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. Такія пытанні непасрэдна звязаны з якасцю паўсядзённага жыцця жанчын і іх сем’яў, таму застаюцца ў цэнтры ўвагі дэпутацкага корпуса, — гаворыць Кацярына Зенкевіч.
Дэпутаты Гомельшчыны і члены партыі «Белая Русь» ініцыявалі марафон добрых спраў у рамках грамадска-палітычнага праекта «Пра_жанчыну па-мужчынску», які аб’ядноўвае намаганні дэпутатаў усіх узроўняў, арганізацый і жыхароў населеных пунктаў вобласці ў імкненні ўмацаваць інстытут сям’і, выказаць глыбокую павагу да неацэннага ўкладу жанчын у фарміраванне сямейных каштоўнасцяў, развіццё прадпрыемстваў, раёна. Праект рэалізуецца пры падтрымцы раённых Саветаў дэпутатаў Гомельшчыны.
— У Гомельскай вобласці, як і па ўсёй краіне, праходзяць і будуць праходзіць розныя мерапрыемствы, акцыі, прысвечаныя Году беларускай жанчыны. Акрамя таго, нас чакае яшчэ шэраг падзей рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўняў, міжнародных і абласных, да падрыхтоўкі якіх мы ўжо прыступілі. Гэта 40-годдзе трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, другі маладзёжны ваенна-патрыятычны форум, Гомельскі эканамічны форум, XІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, Форум грамадзянскіх ініцыятыў і іншыя. Таму жадаю ўсім натхнення і плённай працы на карысць нашай дзяржавы, — звярнулася Кацярына Зенкевіч.
Наталля КАПРЫЛЕНКА.

















