Сёння недастаткова суха перадаць інфармацыю. Кліпавае мысленне цяперашняй моладзі патрабуе дынамікі, малюнкаў і іншых падыходаў, якія захопяць і адначасова ўзбагацяць ведамі.
Напярэдадні Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, мы адправіліся ў раённую гімназію, дзе настаўнік-метадыст беларускай мовы Ірына Казачэнка змагла надаць сваім урокам такую форму, якая ўтрымлівае ўвагу вучняў да самага званка.
Калі Ірына Казачэнка выводзіць на дошцы словы «Класная работа», накатвае настальгія. Вось бы зноў у школу! Згодна дамашняе заданне выконваць і практыкаванні з падручніка. Здаецца, Ірына Рыгораўна вось-вось скажа: «Адкрыйце падручнікі на старонцы…», але выкладчык здзіўляе: яна падыходзіць да сэнсарнага манітора, які вісіць побач з дошкай і займае пануючае месца ў класе, робіць пару лёгкіх клікаў і звяртаецца да дзяцей:
— Вазьміце ў рукі мабільныя тэлефоны, набярыце ў пошукавым радку Kahoot.it, увядзіце код, прыдумайце сабе нікнэйм. Цяпер мы з вамі праверым веды ў выглядзе тэста.
Навучэнцы імгненна выканалі ўсе крокі, і неўзабаве на маніторы з’явіліся іх імёны. Тут ужо няма Саш і Вась, у віртуальным свеце яны «Я лётчик» і «Футбольчик», але Ірыну Рыгораўну не бянтэжаць такія перамены, сваіх вучняў яна пазнае нават пад выдуманымі імёнамі.На экране манітора і тэлефонаў з’яўляюцца пытанні і варыянты адказаў. На адказ менш хвіліны. Праз дзесяць пытанняў усплывае табло з пераможцамі — першыя тры месцы атрымаюць добрую адзнаку ў журнал.
— Забіраць тэлефон у вучня ўжо бессэнсоўна, а вось заклікаць сучасныя тэхналогіі на дапамогу ў адукацыйным працэсе, па-мойму, даволі разумна, — пракаментавала Ірына Казачэнка. — Я распрацоўваю заданні так, каб максімальна далучаць усіх вучняў. Дапусцім, адзін ля манітора вырашае тэст або працуе каля дошкі, астатнія выконваюць гэтыя заданні ў інтэрнэце, перайшоўшы па спасылцы праз QR-код.
З гонарам дзеці дэманструюць і інтэлект-карты, якія іх вучыць складаць Ірына Рыгораўна. Гэта свайго роду схема, якая дазваляе наглядна ўбачыць сувязі паміж паняццямі і лепш іх засвоіць. Каляровае афармленне цалкам на фантазіі вучня.
Наступны этап урока — адначасова замацаванне пройдзенага матэрыялу і гульня. Ірына Рыгораўна раздала дзецям літары ў квадратных дужках, якія пазначаюць гук, і па чарзе прапаноўвала выйсці і прадставіцца то галосным, то зычным гукам. Зычныя гукі ж бываюць розныя, і паміж партамі сустракаліся свісцячыя і шыпячыя, цвёрдыя і мяккія. І матэрыял паўтарылі, і фізкультхвілінку правялі, падымаючыся з-за парты. Калі прыходзіць час звяртацца да падручніка, дзеці ўжо разагрэліся і гатовыя ўдумліва працаваць. Тэкст трапляецца пра Лельчыцкі раён і гісторыю ўзнікнення назвы ракі Убарць. Некалькі заданняў, схіліўшыся над сшыткамі навучэнцы — і гучыць запаветнае «Запішыце дамашняе заданне». У галасах дзяцей чуецца расчараванне, толькі, як гаворыцца, увайшлі ў смак, а ўрок ужо скончыўся. Зрэшты, пяцікласнікі не моцна хвалююцца — пасля візіту ў сталовую яны зноў вернуцца ў гэты клас да Ірыны Казачэнка на ўрок беларускай літаратуры.
Мне таксама хацелася застацца, пасядзець за апошняй партай і паслухаць, як гучаць сёння сучасныя ўрокі. Школьнікі, вы проста не разумееце, якія вы шчаслівыя!
Яўгенія Ляхавец.
Фота аўтара.