Пісьменнік Анатоль Кашевич пражыў на месцы смалакурні паўстагоддзя

0
103

Чытаць кнігу «Смалакурня» нашага пісьменніка-земляка Анатоля Кашэвіча — адно задавальненне. У ёй аўтар на сугучнай беларускай мове дасканала апісвае жыццё лельчыцкіх прыўбарцкіх палешукоў другой паловы ХІХ-ХХ стагоддзяў, іх быт, норавы, маляўнічую прыроду таго часу і сучаснага, калі наша рака Убарць была ў мінулым мнагаводнай. Заходзілі сюды па ёй нават невялічкія паруснікі з далёкіх заморскіх краін, каб весці з палешукамі гандаль, мяняць свае тавары на мясцовыя ягады, грыбы, цудоўны калодачны мёд, назіраць за чарадзейнай паляшуцкай прыўбарцкай прыродаю.

Хіба можна было дзе ў іншым месцы заўважыць, як на лугавінах прыўбарцкіх такія жоўтыя раскідзістыя люцікі, сінія востраверхія зязюлькі, белыя талерачкі, дробныя чырвоныя смолкі, бліскучыя божыя слёзкі і шмат чаго іншага з прыроднай прыгажосці?

А яшчэ ў мінулым, як апісвае ў сваёй кнізе аўтар, па шматводнай Убарці да Петрыкава сплаўлялі дрывясіну, амаль увесь год на рацэ чулісь галасы плытагонаў, якія старанна выконвалі сваю работу. Праз Убарць мастоў не было, карысталіся паромнай пераправаю, лодкамі-гілярамі.

Матэрыял для напісання гэтай цудоўнай дакументальнай аповесці аўтар набыў выпадкова, калі ўпершыню ў сярэдзіне шасцідзесятых стрэўся з састарэлымі жыхарамі навакольных вёсак нашага раёна, калі пачаў ён тады працаваць дырэктарам Зладзінскай васьмігодкі, будаваць свой асабісты дом на ўзгорку ля самой ракі Убарць.

Рабочыя, якія будавалі дом, ніяк не маглі выкапаць рыдлёўкамі для дома падмурак, бо зямля на пагорку была зацвярдзелай, смаляністай, перамешана з вугалем. І тады старажылы вёскі падказалі, што ў мінулым на гэтым месцы была смалакурня пана Ермаловіча, які ў маладосці разам са сваёю каханкаю Альжбетаю патаемна ўцяклі з польскіх зямель і назаўсёды пасяліліся ў гэтай палескай глухамані, бо там ім ніяк нельга было быць разам — бацькі не давалі згоду.

Маючы нядрэнныя сродкі, Яцэк Осіпавіч Ермаловіч пабудаваў на беразе Убарці сваю знакамітую для таго часу зладзінскую смалакурню, якая мела для яго сям’і нядрэнны прыбытак, асабліва тады, калі на смалакурню завітаў малады інжынер Кіеўскага тэхналагічнага інстытута Андрыян Чэчка, які быў з ліку народнікаў і пазбягаў праследванняў улады. Дочкі Ермаловіча адразу ж закахаліся ў маладога прыгажуна-інжынера, пачаліся непаладкі…

Аб многім яшчэ расказвалі старажылы вёсак Анатолю Кашэвічу, бо некаторыя яшчэ добра памяталі той час, калі працавалі на гэтай смалакурні пана Ермаловіча, сплаўлялі лес па Убарці да Петрыкава.

Малады дырэктар школы Анатоль Кашэвіч усе аповеды старажылаў акуратна занатаваў у агульны вучнёўскі сшытак і склаў у патаемнае месца. Не думаў ён, што так дакладна старажылы памятаюць аповеды іх бацькоў і дзядуль аб тым, чаму іх вёска носіць ганебную назву.

Аказалася, што ні ў чым не павінны былі ў той час жыхары невялічкай вёсачкі Дубаўкі, калі пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай землі Палесся таксама адышлі ад Расійскай імперыі і сюды быў накіраваны пасланец Кацярыны Другой, каб праведаць гэтую мясцовасць, і тут на пастаялым двары каля ракі Убарць, каб завалодаць цудоўнай карэтаю, цыганы ноччу забілі пасланца і двух ахоўнікаў і зніклі ў невядомым напрамку. Іх пахавалі ля мясцовай капліцы, паставілі крыжы з адпаведнымі надпісамі, якія і прастаялі да шасцідзесятых гадоў дваццатага стагоддзя. А вёску з таго часу пачалі называць Зладзіном.

Адзін з крыжоў цяпер знаходзіцца ў музеі пры цэнтральнай царкве горада Мазыра. А вёску Зладзін, калі ў 1965-м годзе абралі старшынёю Лельчыцкага райвыканкама Сцяпана Осіпавіча Лобана, па яго ініцыятыве перайменавалі ў Чырвонабярэжжа, вёску Асмаленік — ва Ударнае, Каросцін — у Новае Палессе, Засунне — у Першамайск, Магільнае — у Мірнае.

Цікавы аповед занатаваў Анатоль Кашэвіч у той час, калі старажыл вёскі Васіль Чэчка ўспамінаў, як ён працаваў на лесапільным заводзе ў прадпрымальніка Альберта Маркварта, мужа пані Буйнавіцкага маёнтка Ізабелы Маркварт, якія стварылі гэты завод, каб піламатэрыялы адпраўляць да сябе на радзіму ў Германію. Нават для гэтага правялі яны ў той час з Ельска да завода вузкакалейку. Потым яе працягнулі да Буйнавіч, затым праз Засунне да Зладзіна, калі ў 30-я гады мінулага стагоддзя выразалі прыгожыя зладзінскія дубы для шахт Данбаса. І шмат чаго іншага было запісана пісьменнікам ад аповедаў зладзінскіх старажылаў, пасля чаго ў сучасны перыяд у нязначнай колькасці экзэмпляраў і выйшла яго кніга «Смалакурня», якую з задавальненнем чытаюць жыхары і ўраджэнцы нашага раёна, яго вяскоўцы, вучні, якія многае даведваюцца пра сваіх продкаў з кнігі, з удзячнасцю да аўтара выказваюць сваю думку, будуюць генеалогію сваіх сем’яў.

А аўтар дакументальнай аповесці «Смалакурня», адпрацаваўшы ў школе больш за 40 гадоў, паціху пражывае са сваёю сям’ёю на гэтым месцы каля Убарці, дзе была раней зладзінская смалакурня, вось ужо больш за паўстагоддзя.

Святлана ЛІПСКАЯ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Войти с помощью: