Узорны парадак у жыцці Евы Кавалевіч

0
786

Прыемна чытаць строкі, якія прысвечаны землякам. Ад іх вее цяплом і асаблівым пачуццём гонару. Перад вачыма паўстае вобраз незнаёмага, але ўжо амаль роднага чалавека. Такім пранікнёным быў і ліст Наталлі Чучулінай, бібліятэкара Мілашавіцкай сельскай бібліятэкі, якая напісала ў рэдакцыю пра сваю калегу на заслужаным адпачынку.

«Ева Іванаўна Кавалевіч (у дзяцінстве Гаўрылавец) нарадзілася 7 сакавіка 1945 года ў вёсцы Мілашавічы Лельчыцкага раёна. Бацькі Іван Гаўрылавіч і Алена Сцяпанаўна ўсё сваё жыццё звязалі з гэтымі мясцінамі. Ева Іванаўна другая ў сям’і пасля сястры Ніны. Увогуле сям’я Гаўрылаўцоў была вялікая: дзяўчынкі Ніна, Ева, Вольга, Марыя, Таня, Каця і хлопчык Іван. Расціць, карміць, выхоўваць у пасляваенныя часы столькі дзетак было цяжка. Але дзеці падрасталі і дапамагалі сваім бацькам, як маглі. Іван Гаўрылавіч працаваў у мясцовым калгасе «Чырвоны дазор» яздавым, даглядчыкам, пастухом. Праца была цяжкая, штодзённая. Маці таксама ўвесь час працавала ў родным калгасе — даглядчыцай цялят, даяркай. Даілі кароў уручную, і падрастаючыя дзяўчынкі дапамагалі маці. Ева Іванаўна ўспамінае, як пасвілі калгасных цялят:

— Статак  быў па 200 галоў, і пасвіць іх даводзілася на мяжы з украінскімі землямі, каля Капішч. Абутку на той час не было, і хадзілі па лесе, лугу басанож. Падчас пасьбы яшчэ маглі налавіць торбу ўюноў, каб было чым накарміць сям’ю.

Цяпер Ева Іванаўна здзіўляецца, як гэта не баяліся ні вужоў, ні гадзюк, калі ішлі ўсюды басанож. Тады аб гэтым не думалі, і ўсё было добра.

Падраслі дзеці Івана Гаўрылавіча і Алены Сцяпанаўны і ўсе пакінулі родную вёску. Засталася толькі адна Ева Іванаўна, якая выйшла замуж за мясцовага  хлопца Івана Цярэнцьевіча Кавалевіча. Будаваць сумеснае жыццё Еве і Івану прыйшлося разам са свёкрам і свякрухай. У той час маладым сем’ям рэдка давалі асобныя ўчасткі для будаўніцтва жылля. Ды і часы былі цяжкія, не на ўсё яшчэ хапала сродкаў. Так і пражылі разам з бацькамі 15 гадоў.

Ева Іванаўна і Іван Цярэнцьевіч нарадзілі, выхавалі і адправілі ў самастойнае жыццё пяцёра дзяцей: чатырох сыноў і адну дачку. Сын Аляксей з сям’ёй пражывае ў Калінкавічах. Мае дачку і дваіх унукаў. У яго руках спорыцца любая справа. Пагэтаму сядзець без працы няма ні жадання, ні часу. Ігар працуе ў Мазыры старшым аператарам на лінейнай вытворчай заправачнай станцыі. Вельмі адказны, самастойны, працавіты чалавек.

У родным лясгасе газаэлектразваршчыкам працуе сын Генадзь. Яго нястомнымі рукамі ў двары бацькоўскай сядзібы створаны сапраўдны райскі куток: калодзеж з вядром і помпай, фігуры буслоў, выкаваныя кветкі руж, рамонкі, лаўкі, зробленыя з асаблівым густам. Нават сабачая будка зроблена з творчым падыходам.

Падворак Евы Іванаўны трымае ганаровы статус «Сядзіба ўзорнага парадку»

Дачка Людміла доўгі час працуе ў Калінкавічах на адказных пасадах. Зараз гэта ДЭУ «Цэнтр па забеспячэнню дзейнасці бюджэтных арганізацый Калінкавіцкага раёна». Малодшы сын Эдуард пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі доўгі час працуе на адказных пасадах. Зараз з сям’ёй пражывае ў Мазыры. Усяго ў Евы Іванаўны 8 унукаў і ўжо трое праўнукаў.

Усё працоўнае жыццё сям’і Кавалевічаў прайшло ў мясцовай сярэдняй школе. Ева Іванаўна адпрацавала тут 33 гады: спачатку прыбіральшчыцай, а потым ня-зменна ў бібліятэцы бібліятэкарам. Ева Іванаўна прызнаецца, што любіла сваю работу, падыходзіла да яе з творчасцю. Калі пападала кніга з нядбайных рук чытача, то, дзякуючы бібліятэкару, яна атрымлівала новае жыццё — пераплёт з тканіны, шпалер, паперы, і выходзіла яшчэ прыгажэй, чым з выдавецтва. Вяла Ева Іванаўна ў школе гурток па пераплёце кніг, ездзіла ў Лельчыцы на майстар-класы. Вучыла дзяўчынак вязанню на спіцах і кручком. Падмяняла ў мясцовым дзіцячым садку повара. Нават аднойчы запрашалі на роль Дзядулі Мароза ў дзіцячым садку. З усім спраўлялася Ева Іванаўна. Па свайму складу яна спакойная, працавітая, неканфліктная жанчына, любячая і любімая маці, бабуля і прабабуля, руплівая гаспадыня, творчая асоба, якая не можа быць без працы. Да гэтага часу працягвае вышываць карціны крыжыкам і бісерам. Шмат вышыванак падарыла дзецям і ўнукам. Увесь дом Евы Іванаўны ўпрыгожаны вышыванкай. Усюды чысціня і парадак: у двары, агародзе, лазні, у доме. Нездарма сядзіба Евы Іванаўны трымае ганаровы статус «Сядзіба ўзорнага парадку».

Муж аддаў школе 34 гады жыцця: загадчык гаспадаркі, сталяр, вартаўнік. Браўся за любую работу, таму што трэба было забяспечваць сям’ю. Вось так разам рука аб руку прайшлі Ева Іванаўна і Іван Цярэнцьевіч да залатога вяселля.  Зараз сустрэнеш ня шмат такіх сем’яў, каб усюды разам, усё на дваіх.  Дзеці таксама дапамагалі бацькам усюды: і на праполцы калгасных буракоў, і на сенакосе, і ў лес па ягады з бацькамі, і прапалоць агарод. Вось так усе разам, дружна, дапамагаючы адзін аднаму, і жыла сям’я.

Прайшло амаль 4 гады, як не стала мужа, гаспадара, але Ева Іванаўна не апускае рукі. Жыццё працягваецца дзеля дзяцей, унукаў, праўнукаў.

Здароўя Вам, Ева Іванаўна, аптымізму, здзяйснення ўсіх вашых мар».

Яўгенія ЛЯХАВЕЦ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: