З 26 жніўня па 8 лістапада 2022 года ў прыгранічныя гарады епархій Беларускай праваслаўнай царквы будзе прынесена копія адной з ушаноўваемых праваслаўных святынь — Гадэнаўскі крыж, а таксама Жыровіцкая ікона Божай Маці. Ушанаваць  іх у Лельчыцах можна будзе ў нядзелю, 9 кастрычніка, у храме Свяцейшай Жывапачатковай Троіцы. Прызначаны дзеля гэтага час ―  з 9 да 15 гадзін. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.

Гадэнаўскі крыж ― унікальная святыня, якой амаль 600 гадоў. Паводле падання, у маі 1423 года пастухі паслі скот на Сухоцкім балоце. Удакладнім: Сухоцкія балаты раскінуліся на дзесяткі кіламетраў паміж Яраслаўскай і Іванаўскай абласцямі. І вось звычайныя пастухі сталі сведкамі цудоўнай з’явы. У небе ўзнік слуп святла, з якога з’явілася Распяцце, а побач вобраз свяціцеля Мікалая Цудатворца з Евангеллем.

Глас нябесны загадаў збудаваць для выяўленай святыні храм. Пра гэты цуд даведаўся архіепіскап Дзіаніс, які ў той час займаў Растоўскую кафедру. Ён благаславіў пабудаваць храм свяціцеля Мікалая Цудатворца з прыдзелам Жыватворчага Крыжа. Будаўнікі ўсумніліся ў магчымасці ўзвесці царкву на балоце і заклалі фундамент у баку. Але ж раніцай убачылі пабудову, цудоўным чынам перанесеную балоцістую глебу на месца з’яўлення крыжа.

На наступную ноч пасярод балота ўтварылася рака і з’явілася суша, на  якой  дабудавалі храм. Хутка распаўсюдзілася вестка пра цуд, і пайшлі багамольцы бясконцым патокам праз лясы і балоты, каб пакланіцца выяўленаму крыжу. Паток паломнікаў павялічваўся з кожным годам. Перад рэвалюцыяй 1917 года на свята сыходжання Жыватворчага Крыжа сабралася ад 4 да 5 тысяч чалавек, а рызы, якія ўпрыгожвалі святыню, былі ўвешаны дзесяткамі кілаграмаў залатых і срэбных прынашэнняў.

У савецкі час храм на месцы з’яўлення Жыватворчага Крыжа быў апаганены і зачынены, але веруючыя выратавалі святыню ад знішчэння. Крыж быў схаваны ў храме Іанна Златавуста ў сяле Гадэнава Яраслаўскай вобласці. Народная памяць аб святыні ціхенька сышла на нет, але ўсяго толькі на некаторы час.

Храм у Гадэнаве, які быў заўсёды прыходскім, з 1997 года стаў падвор’ем Мікольскага жаночага Пераслаўскага манастыра. Людзі зноў пацягнуліся да святыні, і зноў пайшла народная пагалоска аб цудах вылечвання і Божай дапамогі каля Жыватворчага Крыжа. Расказы аб цудах і вылечваннях Гадэнаўскага Крыжа запісваюцца ў спецыяльную кнігу, якая захоўваецца ў храме.     

Што ж датычыцца Жыровіцкай іконы Божай Маці, то яна з’явілася ў 1470 годзе ў мястэчку Жыровічы, што на Гродзеншчыне. У лесе пастухі заўважылі незвычайна яркае святло, якое струменілася праз галінкі грушавага дрэва. Падышоўшы бліжэй, пастухі ўбачылі на дрэве невялікую ікону Божай Маці ў прамяністым ззянні. Яе аднеслі да баярына Аляксандра Солтана, і ён зачыніў ікону ў куфэрак. На наступны дзень да баярына Аляксандра, якому належаў лес,  прыйшлі госці. Гаспадар вырашыў паказаць знаходку. Але іконы ў куфэрку не аказалася. Праз нейкі час пастухі  зноў знайшлі яе на тым самым месцы і аднеслі да баярына. На гэты раз Аляксандр Солтан паставіўся да іконы з глыбокай пашанай і вырашыў збудаваць на месцы яе з’яўлення царкву ў гонар Прасвятой Багародзіцы.

Вакол драўлянага храма хутка з’явіўся пасёлак і ўтварыўся прыход. Каля 1520 года храм згарэў. Усе думалі, што загінула і ікона. Але аднойчы сялянскія дзеці ўбачылі дзівоснае відовішча: Дзева незвычайнага хараства ў прамяністым ззянні сядзела на камені, трымаючы ў руках ікону, якую ўсе лічылі згарэлай. Дзеці паспяшаліся паведаміць людзям аб дзівосным здарэнні. Жыхары мястэчка разам са святаром накіраваліся да месца, дзе на камені стаяла ікона Божай Маці, зусім не пашкоджаная агнём. Часова ікона знаходзілася ў доме святара, а камень быў абгароджаны. Калі пабудавалі мураваны храм, ікону змясцілі там. Пазней вакол храма заснавалі мужчынскі манастыр.

У 1609 годзе ён быў захоплены  ўніятамі і знаходзіўся ў іх руках да 1839 года. На працягу гэтага часу Жыровіцкая ікона карысталася пашанаю і ўніятаў, і каталікоў. У 1839 годзе манастыр быў вернуты праваслаўным і стаў першым месцам аднаўлення праваслаўнага богаслужэння ў заходнебеларускім краі. Падчас Першай сусветнай вайны Жыровіцкая ікона была вывезена ў Маскву, а на пачатку 20-х гадоў вернута ў абіцель. Зараз яна знаходзіцца ва Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра і глыбока шануецца за яе цудатворнасць.

Канстанцін КАВАЛЁЎ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: