Немцы

У канцы жніўня-пачатку верасня, адначасова з аперацыяй украінска-беларускіх нацыяналістаў, нямецкае камандаванне праводзіла маштабную карную аперацыю пад кодавай назвай «Прыпяцкія балоты» ў раёне Пінскіх балот і ракі Прыпяці. У гэтай аперацыі прымалі ўдзел айнзатцгрупы і зондэркаманды, два кавалерыйскія палкі 1-й кавалерыйскай брыгады СС, часці 162 і 252 пяхотных дывізій разам са створанай нямецкай Прыпяцкай флатыліяй. У верасні ў паўночных раёнах Жытоміршчыны карную зачыстку таксама праводзілі часці СС, некаторыя з іх падраздзяленняў заходзілі на тэрыторыю Лельчыцкага раёна недалёка ад вёсак Руднішча і Грабяні.

20 жніўня 1941 года «Палеская Сеч УПА» разам з Беларускай нацыяналістычнай самаабаронай пачала праводзіць сваю карную аперацыю. Гэта была першая карная аперацыя на тэрыторыі Лельчыцкага раёна, якая працягвалася да кастрычніка. У другой палове верасня да гэтай аперацыі далучыліся і нямецкія часці.

Адзначым, што бульбоўская армія, якая налічвала каля 10 тысяч сваіх ваяк, складалася з куранёў (батальёнаў), якія налічвалі каля 500 чалавек. У сваю чаргу курані складаліся з сотняў. Пры штабе арміі і куранях знаходзіліся гаспадарчыя і медыцынскія падраздзелы, а таксама аддзелы жандармерыі.

Адзін з першых баёў бульбоўцы прынялі на подступах да суседняй з Глушкавічамі вёскі Капішча, дзе партызаны Лельчыцкага атрада разам з Тураўскім з засады знішчылі 25 бульбоўскіх ваяк. Вораг быў вымушаны павярнуць назад.

З успамінаў самога Тараса Бульбы-Бараўца: «На дамаганне сотніка В.Раеўскага высылаем яшчэ цэлы Ракітнянскі курэнь пад камандаю паручыка Дуба, які пачынае сваю акцыю на паўночны ўсход ад Алеўска, уніз па рэчцы Убарці ў накірунку Перга-Капішча-Радзілавічы (зараз Дзяржынск)».

Ачышчая тэрыторыю ад партызан і салдат-акружэнцаў, рухаючыся ад вёскі да вёскі, нацыяналісты вялізнай калонай з боку Вайткевічаў уступілі ў Глушкавічы. Гэта і быў той самы Ракітнянскі курэнь паручыка Дуба. Два дні яны знаходзіліся ў вёсцы, рабуючы яўрэйскія гаспадаркі. дапамагалі ім і мясцовыя калабарацыяністы.

У наваколлі вёскі ў лясах ужо знаходзіліся невялікія групы партызан-акружэнцаў, але яны не маглі супрацьстаяць бульбоўскім кураням ці атрадам «служб парадка». Лельчыцкі ж атрад знаходзіўся ў Лельчыцах. Пазней да Баравога пад націскам нацыяналістаў быў вымушаны з раёна Букчы-Тонежа перабазіравацца і аб’яднаны Тураўска-Столінскі атрад. А Маскоўскі атрад пад камандаваннем Кавалевіча і Давід-Гарадоцкі, якія знаходзіліся непадалёку ад Глушкавічаў, да гэтага часу рушылі за лінію фронта. Да і яны былі малалікія.

Выходзячы з глушкавічаў, па словах Кузьмы Лявонцьевіча Філанаўца, варожая калона расцягнулася на два кіламетры па ўсёй грэблі ад вёскі да ўзлеску. Наперадзе калоны, баючыся засады партызан, бульбоўцы накіравалі жывым шчытом 12 маладых здаровых хлопцаў-яўрэяў, ураджэнцаў вёскі Вайткевічы (зараз Каменнае). Прайшоўшы небяспечную грэблю, бульбоўцы далі яўрэям лапаты і загадалі капаць яму. Пасля чаго адбыўся расстрэл, забітых засыпалі пяском. Іх было 8 чалавек.

Некалькі хлопцаў пабеглі, але іх нагналі бульбоўскія кулі. Па словах Агаф’і Германаўны Маркевіч, адзін з хлопцаў перабег дарогу і быў забіты каля сметніка. Там ён на дарозе ў лужы праляжаў каля двух тыдняў, забаранялася пад расстрэлам яго пахаваць. І ўсё ж такі ноччу ў цемры жыхары вёскі пахавалі ў другой магіле яўрэяў, забітых пры спробе ўцячы. Па словах Марыі Кузьмінічны Чарнамуравай, у гэтай магіле былі пахаваны чатыры хлопцы-яўрыі. Зараз побач з магіламі 12 загінуўшых яўрэяў расце старэнькая груша, якая напамінае аб той страшэннай трагедыі. Побач з гэтым месцам родзічы, прыехаўшыя з Ізраіля, устанавілі невялічкі памятнік-знак.

Тады ж у Глушкавічы з Алеўска прыбыў атрад жандармерыі. Як вядома, у Алеўску пры штабе Тараса Бульбы і пры яго куранях знаходзіліся аддзелы жандармерыі. У акце за 19 снежня 1944 года надзвычайнай камісіі па выяўленню і расследаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, падпісанымі старшынёй Глушкавіцкага сельсавета Іванам Нікіфаравічам Росям, Антонам Сямёнавічам Шведам, Ірынай Мікалаеўнай Смехавай і Іванам Сямёнавічам Маркевічам, паведамлялася:

«У верасні 1941 года ў вёску Глушкевічы прыбыла з Алеўска Жытомірскай вобласці жандармерыя, у вёсцы Глушкевічы арыштавалі 9 грамадзян па нацыянальнасці яўрэяў:1. Гізунтэрман Двейру Аронаву, 2. Шустэрман Хано Манашова, 3. Шустэрман Кіель Манашоў, 4. Ліўшыц Іцко Аронавіч, 5. Ліўшыц Двейра Юдэлёва, 6. Ліўшыц Рыўку Іцкаву, 7. Ліўшыц Гершко Іцкавіч, 8. Ліўшыц Хана Іцкава і 9. Эрлах Хаю Іцкаву, увялі на заставу іх у адлегласці                                                                                        5 км ад вёскі Глушкевічы і ўсіх 9 чалавек расстралялі, у момант іх расстрэлу сведкаў з вёскі Глушкевічы нікога няма і пацвердзіць ніхто не можа, пасля ўсё ж насельніцтвам была ўстаноўлена, выяўлены былі трупы, абутак, адзежа».

Ва ўсіх іх былі родзічы з савецка-партыйнага актыву. А месца, дзе былі забіты яўрэі, знаходзіцца ў лесе з правага боку дарогі перад былой пагранічнай заставай на хутары Мікалаеўскім ва ўрочышчы Ручай.

У той час, як Ракітнянскі курэнь дзейнічаў з боку Глушкавічаў, другая бульбоўская група да Лельчыц рухала з поўдня. У сваёй кнізе «Армія без дзяржавы» Бульба-Баравец успамінае:

«У гэты час Людвіпольскі і Клесаўскі курані пад камандай паручыка Кавальчука бліскавічнымі аперацыямі выбіваюць паўднёвую бальшавіцкую групу ў раёне Алеўск-Емельчына. Даюць вольны звязак з Алеўска да Жытоміра, які раней адбываўся праз Сарны-Роўна. У раёне Звяцеля натыкаюцца на немцаў, робяць круты паварот паўночнай часткай раёнаў Корасцень-Оўруч, здабываюць Лельчыцы. Таксама бяруць курс на Мазыр з поўдня»…

Уладзімір ЗУБРЭЙ, аг. Глушкавічы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: