Народны пісьменнік Беларусі Іван Паўлавіч Мележ, гады жыцця: 8 лютага 1921 года — 9 жніўня 1976 года.
Пра сябе ён расказваў:
— Нарадзіўся я ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, на Палессі. Гэта вельмі своеасаблівы край, край лясоў, палёў і балот.
Я не магу сказаць, што гэта была адна з самых глухіх палескіх вёсак, але ўсё ж яна была ў значнай меры аддаленая ад гарадской культуры.
У нас у вёсцы мелася пачатковая школа, куды я пайшоў вучыцца сямігадовым хлопчыкам. Мне пашанцавала: у нас была вельмі добрая настаўніца.
Яна і пазнаёміла з першай кніжкай — школьным букваром. Уражанне пра першую кнігу звязана ў мяне з вобразам добрай сэрцам настаўніцы, з прыціхлым класам, з той увагай, з якой мы глядзелі на незвычайную істоту — настаўніцу, што раскрывала перад намі таемны сэнс літар, складоў, слоў…
Першая самастойная сустрэча з кнігай надта ўзрушыла мяне. Памятаю, я быў у глухой лясной вёсцы ў гасцях у дзеда і там я ўбачыў кнігу ў яркай вокладцы з загадкавай назвай «У краіне райскай птушкі». Кніга адразу прывабіла, захапіла ўяўленне: яна адкрыла мне свет незвычайны, дзівосны. Далёкая, таямнічая Азія: горы, пальмы, барацьба тутэйшага насельніцтва супраць каланізатараў. Вобразы смелых няскораных людзей, барацьбітоў за свабоду. Я да гэтага часу памятаю тое незвычайнае ўражанне, якое засталося ад гэтай кнігі, яркае, святочнае адчуванне ў сэрцы. Тады я не звярнуў увагі на прозвішча аўтара. Толькі пазней даведаўся, што аўтарам быў наш выдатны беларускі пісьменнік Янка Маўр, чалавек вялікіх ведаў, цікавай думкі. Ён заснавальнік нашай беларускай дзіцячай літаратуры.
Гэтай аповесці Янкі Маўра я абавязаны тым, што адразу захапіўся кнігамі, а потым перачытаў усё, што выйшла з-пад пяра пісьменнікаў майго маленства.
Чытаў многа, упіваючыся чытаннем. Кнігу ўспрымаў як цуд. Самае моцнае ўражанне ў маладосці зрабілі на мяне А. С. Пушкін, М. А. Някрасаў, Я. Купала і Т. Шаўчэнка.
А потым і сам я пачынаў «сачыняць», вельмі рана вершы. Вядома пераймальныя. Пераймаў, як і мае аднагодкі, А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, М. А. Някрасава. Жаданне пісаць жыло ў мяне ўсе гады. Пісаў я вершы і ў той час, калі канчаў сярэднюю школу ў гарадскім пасёлку Хойнікі, на Палессі. У тым незвычайным хваляванні, якое я перажыў над радкамі гэтых наіўных вершаў, былі першыя пакуты і радасць творчасці. Можа, самыя моцныя за ўсё маё жыццё.
У 1939 годзе з Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры я быў прызваны ў армію. Служыў на Украіне, спачатку Данбас, потым на граніцы ў Курапатах. службу праходзіў у артылерыйскім палку. У 1940 годзе ўдзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны і Беларусі.
І там з нялёгкім армейскім жыццём я працягваў пісаць вершы. Але якраз тады ў мяне ўпершыню з’явілася жаданне пісаць прозай. Пачатак гэтай прозы быў у запісных кніжках, якія запаўняў рознымі нататкамі з армейскага жыцця.
Натуральна, што гэтае імкненне пісаць яшчэ востра захавалася ў франтавых абставінах. Я быў сведкам і ўдзельнікам такіх па-дзей, якія палілі душу маю, тады дваццацігадовага юнака ў армейскай форме.
Водгукі гэтых цяжкіх дзён — у франтавых дзённіках, якія я вёў у перапынках паміж баямі, у часы франтавога зацішша.
Дзённікі гэтыя я збярог і выкарыстоўваў пры падрыхтоўцы да друку збору твораў, гэта пачатак майго творчага шляху, адзін з самых дарагіх.
У 1942 годзе я быў цяжка паранены. Лячыўся ў тбіліскім шпіталі, дзе мною былі напісаны апавяданні: «Сустрэча ў шпіталі» і «Апошняя аперацыя». Апавяданні гэтыя потым разам са мною перавандравалі ў Бугуруслан, дзе я жыў пасля шпіталя, а потым жыў пад Масквой, на станцыі Сходня — там у той час пачаў працаваць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Адсюль, дзе я вучыўся і працаваў, апавяданні мае яшчэ ў рукапісах трапілі на рабочы стол выдавецтва беларускай прозы Кузьмы Чорнага, які ў той час жыў у Маскве, працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь», што часова абсталяваўся ў будынку «Известий».
Кузьма Чорны прачытаў апавяданні і неўзабаве прыслаў вельмі ласкавае пісьмо: «Я прачытаў Вашы апавяданні і раю, і жадаю Вам не выпускаць з рук пісьменніцкага пяра». Канец пісьма такі: «Я адчуваю ў Вас талент і жадаю вялікіх поспехаў у літаратуры».
Надрукаваны апавяданні былі пазней, калі я вярнуўся ў Мінск.
Выхад у свет гэтых апавяданняў стаў, па сутнасці, пачаткам маёй адкрытай літаратурнай творчай работай, хоць першыя вершы я апублікаваў яшчэ да вайны.
У Мінску выйшлі і першыя мае кнігі «У завіруху» (1946), «Гарачы жнівень» (1948).
Потым першы буйны твор — «Мінскі напрамак», зборнік «Жыццёвыя клопаты» (1953). Апавяданне «У завіруху» дало назву ўсёй кнізе, заснаванай на ўласным маім досведзе.
У 1938 годзе працаваў у райкаме камсамола (пасля заканчэння школы).
У жніўні 1944 года Іван Мележ пераехаў у Мінск. Завочна вучыўся на філалагічным факультэце, які закончыў у 1945 годзе. з 1945 па 1947 вучыўся ў аспірантуры пры БДУ і адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя». Пасля заканчэння аспірантуры — старэйшы выкладчык беларускай літаратуры ў БДУ.
Са жніўня 1950 па верасень 1957 — кансультант аддзела прапаганды і агітацыі па пытаннях літаратуры ЦК КП(б)Б. з 1966 года — сакратар, а ў 1971-1974 гады — намеснік старшыні праўлення рэспубліканскага Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У 1976 годзе кніга «Жыццёвыя клопаты» адзначана Дзяржаўнай прэміяй імя Я. Коласа (пасля смерці знакамітага пісьменніка).
Самы маштабны твор Івана Мележа — «Палеская хроніка». У ім у поўнай меры знайшла адлюстраванне адна з важных і традыцыйных тэм беларускай літаратуры — сялянская.
Іван Мележ змог данесці да чытача атмасферу 20-х гадоў ХХ стагоддзя — часу, які ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны стаў эвалюцыйна-абноўленым і супярэчліва-трагічным.
Шкада, што трэці з раманаў хронікі «Завеі, снежань» застаўся незавершаным.
«Людзі на балоце» (першы раман) — у цэнтры простыя сяляне, жыхары беларускай вёскі. Аўтар апісвае часы ўстанаўлення савецкай улады. Спачатку раман задумваўся як лірычны, і тут сапраўды ёсць любоўныя канфлікты — гісторыя кахання галоўных герояў. На фоне адносін Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі Іван Мележ расказвае аб жыцці сялян у той няпросты час, падрабязна апісвае традыцыі і звычаі беларусаў. Раман неаднойчы экранізаваўся і ставіўся на сцэне. «Подых навальніцы» — тут чытач знаёміцца з другой часткай «Палескай хронікі», дзе сустракаецца са знаёмымі героямі — Васілём і Ганнай, Філімонам, «бальшавіком з чалавечым тварам» Апейкам. Пісьменнік працягвае развіваць сюжэт, які можна назваць сагай аб Палессі.
У цэнтры падзей па-ранейшаму застаюцца жыхары невялічкай адрэзанай ад свету вёсачкі. Васіль і Ганна па-ранейшаму кахаюць адзін аднаго, нягледзячы ні на што.
Але не пакідае Васіля думка аб зямлі абетаванай.
«Завеі, снежань» — трэці раман з цыкла «Палескай хронікі», складаецца з трох частак. Галоўная гераіня — Ганна — дачка простага селяніна з Куранёў і сакратар райкама партыі Башлыкоў. Ганна некалі была жонкай Яўхіма, сына кулака, але ўцякла ад яго ў Глінішчы.
Адчуваецца, што завея ўсё разыходзіцца. Але Ганну яна не палохае, нават радуе, уздымае дзіўную весялосць. Разганяе нудныя развагі. Нешта завейнае, мяцеліца білася ў Ганне. «Палеская хроніка» павінна была складацца з пяці раманаў, але памяшала, як ужо адзначала, смерць.
Іван Мележ — народны пісьменнік Беларусі (1972), Лаўрэат Ленінскай прэміі (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Атрымаў дзяржаўную прэмію імя Я. Коласа за зборнік «Жыццёвыя клопаты», Літаратурную прэмію імя Я. Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце».
Сусветная вядомасць і прызнанне прыйшлі ў 1978 годзе, як выйшаў раман «Завеі, снежань».
Вядомыя творы Мележа перакладзены на многія мовы. Вядомы за межамі Беларусі і музей, створаны на радзіме народнага пісьменніка ў вёсцы Глінішча.
У гэтым годзе мне пашчасціла яго наведаць.
Іван Мележ актыўна займаўся і грамадскай дзейнасцю. Быў старшынёй Беларускага камітэту абароны міру, членам Сусветнага савету Міру, членам саюза пісьменнікаў СССР. Пісьменнік, публіцыст, драматург, літаратуразнавец, празаік — гонар і слава нашай Радзімы.
Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА, г. п. Лельчыцы.

















