Класіка восені — выпечка з карыцай. Але гэта не абавязкова здобныя булкі, якія патрабуюць нямала часу і асаблівых навыкаў ад гаспадыні. Можна прыемна здзівіць блізкіх і духмяным маркоўным кексам з арэхамі.
Вяскоўцы і дачнікі мяне зразумеюць: калі на агародзе нешта ўрадзіла, то імкнешся атрымаць з гэтага максімальную карысць. Хочацца, каб ніводзін плод, ягадка ці клубень не прапалі дарма, бо яны ўвабралі ў сябе твой час, сілы і стараннасць. Для мяне «свая» гародніна і садавіна — гэта яшчэ і пра сувязь пакаленняў. Корпацца вечарамі на той самай зямлі, якая належала тваёй сям’і і сто гадоў таму, — ці ж гэта не шчасце?..
Чарговы рэцэпт натхнёны прыпасамі з роднага Палесся — сакавітая салодкая морква і пругкія, яркія на смак ядры фундука. Арэхавыя дрэвы не рэдкасць на поўдні краіны. У многіх у дварах даўно растуць грэцкія, а цяпер бывае і фундук. Мы не выключэнне, любім частаваць сваякоў і знаёмых гэтымі арэхамі. Жменька-другая ідзе і ў сезонны маркоўны кекс, які традыцыйна пяку ў кастрычніку — лістападзе.
Вам спатрэбіцца:
♦ морква — 250 г;
♦ яйкі — 2 шт.;
♦ цукар — 110 г;
♦ сметанковае масла — 100 г;
♦ мука — 180 г;
♦ молатая карыца — 0,5 ч. л.;
♦ разрыхляльнік — 2/3 ч. л.;
♦ фундук — 50 г;
♦ соль — дробка.
Першы крок — дробна надзіраем моркву на тарцы. Узбіваем яйкі з цукрам да густога стану, пасля дадаём туды растопленае масла, моркву і перамешваем. Асобна змешваем муку, разрыхляльнік, молатую карыцу і дробку солі. Далей злучаем вільготныя інгрэдыенты з сухімі, перамешваем да аднароднасці. Умешваем у масу арэхі. Засцілаем форму пергаментам і выкладваем цеста. Выпякаем пры 180 °C 45—50 хвілін (магчыма, больш; правяраем гатоўнасць запалкай ці зубачысткай — яны павінны выходзіць сухімі).






















